А вы знаёмы з анёлам?

№ 20 (991) 14.05.2011 - 20.05.2011 г

На ўласны сольнік, што патрабуе сур’ёзнай падрыхтоўкі і разнастайнай праграмы, адважваюцца далёка не ўсе нашы эстрадныя зоркі. Настассі ж АРЦЕМ’ЕВАЙ — усяго 21, і ведае яе пакуль не кожны, а, між тым, за плячыма дзяўчыны з дзясятак конкурсных перамог, у тым ліку ў Італіі. Можа, і сапраўды яе ахоўвае “Анёл кахання”? Бо менавіта так называецца сольная праграма, з якой яна днямі выступіць у Маладзёжным тэатры эстрады.

/i/content/pi/cult/322/5767/8-7.jpg- І хто ж той ваш анёл? Прадзюсар ці, можа, абраннік жыцця?

 - Я, калі можна так сказаць, сама па сабе: шукаю конкурсы, езджу. А ў тую ж Італію мяне запрасілі пасля перамогі ў Еўпаторыі, бо збіралі на спаборніцтва лаўрэатаў іншых конкурсаў, як на нашым "Славянскім базары ў Віцебску". Што ж да абранніка, дык маё першае каханне аказалася не зусім шчаслівым: яму не падабалася "дзяліць" мяне з музыкай і сцэнай.

- Хто ж тады натхніў на гэты сольнік? Бацька? Колькі гадоў ён быў салістам цяперашняга Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра, потым - Ансамбля песні і танца Узброеных Сіл нашай краіны...

- Я і сапраўды вырасла на тых спектаклях, дзе ён іграў, асабліва мне падабаюцца мюзіклы. Маім педагогам па вакале ў Мінскім музычным вучылішчы была салістка гэтага тэатра Леся Лют, а мой першы выкладчык па эстрадным вакале - Таццяна Цімафеева. Увогуле, кожную сваю песню я імкнуся пражыць, бы спектакль. Ініцыятарам жа гэтага канцэрта стаўся Андрэй Скарынкін: у мяне шмат песень на яго словы. Штосьці напісала сама, штосьці - іншых аўтараў. Аранжыроўкі - знакамітага кампазітара Дзмітрыя Даўгалёва. Разам са мной выступяць Сяргей Кравец, Ян Маерс, юная зорачка Вераніка Сакалоўская, будуць і танцавальныя "групы падтрымкі". Прызнацца, хвалююся.

- Няўжо фартэпіянны сольнік адыграць прасцей?

- Сапраўды, я навучаюся ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі ў класе вядомага канцэртуючага піяніста Уладзіміра Дулава. Але гэта іншая сфера. Эстрада і класіка не могуць перашкаджаць адна адной, бо музыка, як і каханне, - неабсяжная.

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"