Драйв, біт, “Крок…”

№ 20 (991) 14.05.2011 - 20.05.2011 г

Неспадзяванкі “Арт-мажору”

/i/content/pi/cult/322/5766/8-3.jpgВясна - час справаздач у многіх творчых калектывах, незалежна ад таго, прафесійныя яны, аматарскія або студэнцкія. Вось і канцэрты кафедры харэаграфіі, якая паспяхова працуе на факультэце традыцыйнай беларускай культуры і сучаснага мастацтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, карыстаюцца заўсёднай папулярнасцю ва ўсіх, хто звязаны з танцавальнай творчасцю.

І кожным разам зала Палаца культуры чыгуначнікаў аказваецца запоўненай "пад завязку". Прычын гэтаму шмат. Па-першае, сталічнаму гледачу не хапае новых харэаграфічных уражанняў, бо танцавальныя традыцыі ў Беларусі заўжды былі моцнымі. Па-другое, мала што можна параўнаць у сваёй відовішчнасці з танцам- незалежна ад таго, у якім жанры пастаноўка. Па-трэцяе, праграмы, якія штогод увесну прапаноўвае кафедра, з'яўляюцца эксклюзівам. І, нарэшце, па-чацвёртае - Ансамбль кафедры харэаграфіі (мастацкі кіраўнік кафедры і ансамбля - Святлана Гуткоўская) - лаўрэат міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў і фестываляў.

 Дынамічнае відовішча, як звычайна, распачалося невялікім відэафільмам, што адлюстроўваў здабыткі студэнтаў і выкладчыкаў цягам навучальнага года. А далей - дзве гадзіны эмацыйнага і зрокавага "драйву". Што больш за ўсё ўразіла, засталося ў памяці як аб'ект для абдумвання і аналізу? Як ні дзіўна, шэраг работ выкладчыкаў. Найперш пастаноўка "Фрыданс", ажыццёўленая вядомай Ірынай Канавальчык (некалі яна была стваральнікам і мастацкім кіраўніком надзвычай самабытнага калектыву "Бліскавіца"). У гэтым нумары, яўрэйскім танцы, пастаўленым на некалькі пар, вабіла ўсё: пабудова, тэмп, які нарастаў у фінале, эмацыйны запал, небанальная і папраўдзе віртуозная пластыка. Яшчэ адзін "клічнік" новай праграмы - пастаноўка "Давай успомнім", прэзентаваная Уладзімірам Івановым, народным артыстам Беларусі. І хоць цяпер ён - галоўны балетмайстар Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра, мае шмат клопатаў як кіраўнік балетнай трупы, але надзвычай шкада, што ў апошнія сезоны мала ставіць сам! А тут атрымалася сапраўды прачулая, глыбокая кампазіцыя...

 Калі да згадных нумароў далучыць камедыйна-сакавітую, прасякнутую нечаканым гумарам мініяцюру "Працавалі мужык ды баба", прадстаўленую дацэнтам Вольгай Бяляевай, а таксама рамантычную пастаноўку "На крылах ветру" выкладчыка Яўгеніі Чарнышовай, мімаволі думаецца, што кафедры варта прэзентаваць праект, які быў бы складзены толькі з работ педагогаў, а ў якасці выканаўцаў выступалі б іх студэнты. Такая праграма, з аднаго боку, сталася б вынікам сумеснага пошуку, а з іншага - мысленне прафесіяналаў задавала ўзровень, да якога будучым кіраўнікам танцавальных калектываў варта імкнуцца./i/content/pi/cult/322/5766/8-4.jpg

Экспрэсію пластыкі цяжка перакласці на вербальную мову. Бо выразнасць руху, жэсту, позірку існуе менавіта ў танцавальнай стыхіі. Сёлетні харэаграфічны "Арт-мажор" прадставіў шмат нумароў непаўторных, яркіх, якія хацелася б пабачыць яшчэ раз. Да іх ліку варта аднесці амаль усе кампазіцыі бальнікаў: яны заўжды дынамі ч ныя, відовішчныя, экспрэсіўныя. Гэта і "Выпадковы вальс", і "Лацінскі біт", і "Самба"... Свежасцю задумы і ўвасаблення прывабілі пастаноўка "Ваяры", дзе была занята мужчынская частка народнага адзялення, арыгінальнасцю харэаграфічнага мыслення - "Крок у падсвядомасць". Усходняя экзотыка і ўсмешлівая радасць жыцця дамінавала ў мініяцюры "Вясна на галінках" кітайскай студэнткі Ці Шуан. Сапраўднае захапленне залы выклікаў "Танец з веерамі "Пучэ-чум": за падманлівай прастатой хавалася ўсходняя вытанчанасць і мудрагелістасць.

 Бясспрэчным плюсам праграмы ўспрымалася і тое, што яна не перанасычана бясконцымі народнымі танцамі, якіх было, думаецца, занадта шмат у папярэдніх канцэртах. Зразумела, што ў будучых харэографаў, як у фігурыстаў, існуе "абавязковая праграма", але ж ёсць і мяжа глядацкага "насычэння", пасля якой пэўныя нумары ўжо не ўспрымаюцца. Маляўнічасці відовішча надзвычай спрыялі разнастайныя касцюмы Юрыя Піскуна і Алены Юр'евай - сапраўдных майстроў сцэнічнага адзення. Невыпадкова з імі ахвотна і шмат гадоў супрацоўнічаюць многія прафесійныя харэаграфічныя калектывы. У якасці вядучага імпрэзы выступаў Дзмітрый Карась - некалі выпускнік кафедры, а цяпер выканаўчы прадзюсар тэлеканала "ЛАД". Танец адкрывае перад кожным выканаўцам і гледачом новыя далягляды. Мо таму, што далучае да сваёй надзвычайнай экспрэсіі і магутнай энергетыкі?

Таццяна МУШЫНСКАЯ

На здымках: мініяцюры справаздачнага канцэрта кафедры.

Фота Віктара ЗАЙКОЎСКАГА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"