Загадка ад… Багдановіча

№ 20 (991) 14.05.2011 - 20.05.2011 г

Адгадка паводле Гергіева

/i/content/pi/cult/322/5765/8-1.jpgПрыезд у Мінск Сімфанічнага аркестра Марыінскага тэатра на чале з самім Валерыем Гергіевым стаўся папраўдзе фантастычным падарункам, здзейсненым пры падтрымцы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Міністэрства культуры нашай краіны і бізнес-структур. Канцэрт у межах Х Маскоўскага Велікоднага фестывалю адбыўся напярэдадні свята Перамогі, з'яднаўшы дзве падзеі светлымі ідэаламі міру, духоўнай моцы, сяброўства між народамі.

Такі гастрольны графік вытрымалі б не ўсе. 6 мая пецярбуржцы выступілі ў Кіеве, 7-га - у Вільнюсе, а 8-га літаральна а 5-й раніцы апынуліся ў Мінску, а 11-й - прыехалі з гатэля ў філармонію, а 12-й - далі канцэрт. І адразу - па аўтобусах, бо а 20-й у іх - канцэрт у Смаленску. Дый 9 мая - два канцэрты, адзін з якіх, паводле традыцыі, - на Паклоннай гары ў Маскве. І так было цягам двух тыдняў!..

Але Валерый Гергіеў, па ўласным прызнанні, папросту не мог абмінуць нашу сталіцу. Калісьці менавіта тут у канцы 1970-х адбылося адно з яго першых самастойных выступленняў пасля бліскучай перамогі на прэстыжным дырыжорскім конкурсе фонду Г.Караяна ў Берліне. Узгадаў ён і свае далейшыя прыезды ў наш Вялікі тэатр, і канцэрт, які даваў у Гомелі, і тое, як яму давялося дырыжыраваць найскладанай "Вясной свяшчэннай" І.Стравінскага, - усяго з адной рэпетыцыяй з Дзяржаўным акадэмічным сімфанічным аркестрам Беларусі. А што трэба было рабіць, калі самалёт затрымалі? Але нашы музыканты, у адрозненне ад надвор'я, не падвялі. Памятае ён і тое, што "ў Мінску не падманвалі, здачу давалі - да апошняй капейкі". І тую аўру нашай рэспублікі ён беражліва захаваў у сваёй памяці, папоўніўшы ўражаннямі цяперашняга візіту./i/content/pi/cult/322/5765/8-2.jpg Нават апавёў пра далейшыя гастрольныя планы, звязаныя з нашай краінай: вельмі хацеў бы выканаць у нас творы С.Пракоф'ева (іх В.Гергіеў перайграў, мабыць, больш, чым усе астатнія дырыжоры, разам узятыя), "Цара Эдзіпа", "Вяселлейка" ды іншую музыку І.Стравінскага (апошняй у яго рэпертуары - на 20 гадзін). Сапраўды, чаму б не наведваць часцей горад, дзе цябе ведаюць і чакаюць?

 Мы ж, у сваю чаргу, марым, каб ён прыехаў не толькі з аркестрам, але і з салістамі Марыінскага тэатра, які ён узначальвае, паказаў бы оперны спектакль. Тым больш, што ў ягонай трупе - шмат беларускіх музыкантаў, сярод якіх - габаіст Аляксей Кундзянок (яго мы, дарэчы, убачылі на канцэрце), барытон Уладзімір Мароз і іншыя зоркі. Ды і самому маэстра, па яго словах, вельмі хацелася б апрабаваць залу нашага адноўленага тэатра, пра прыгажосць якога ён шмат чуў.

Пакуль жа ў праграме была магутная Пятая сімфонія Г.Малера. Ледзь скончылася прэс-канферэнцыя, Валерый Абісалавіч прайшоў на балкон, зірнуўшы зверху на аркестр, які праводзіў сціслую акустычную рэпетыцыю. Папрасіў сыграць адзін фрагмент, другі, крыху адсунуў саліста-валтарніста ўглыб сцэны. На ўсё - тры хвіліны. Але выступленне перасягнула ўсе самыя завоблачныя чаканні!

Такое маналітнае сімфанічнае гучанне ў нашай філарманічнай зале, што быццам падзяляе аркестр на асобныя інструментальныя групы, мы чулі ўпершыню. У чым жа сакрэт? У незвычайным размяшчэнні аркестрантаў на сцэне? Ці ў іх неверагодным майстэрстве? А можа, у асаблівасцях дырыжорскай манеры Гергіева? Бо ён "трапеча" пальцамі, бы багдановічаўскі "легкакрылы матылёк", і пры гэтым дакладна трапляе ў метрарытмічную сетку, перадаючы музыкантам унутрана-змястоўны тэмпарытм. Няхай гэта так і застанецца загадкай - Майстра і крыху Чараўніка.

 На здымках: Валерый Гергіеў пад час прэс-канферэнцыі і на сцэне.

Фота Андрэя СПРЫНЧАНА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"