Прастора ў прасторы

№ 20 (991) 14.05.2011 - 20.05.2011 г

“Рэтраспекцыя”, або Дар Валянціны Ляховіч

/i/content/pi/cult/322/5762/7-1.jpgКалісьці, у першыя гады пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, у Віцебску спрабавалі стварыць Музей сучаснага ("левага") мастацтва. Але са значнай калекцыі, у якой былі прадстаўлены лепшыя мастакі рускага авангарда таго часу, у фондах Віцебскага абласнога краязнаўчага музея захавалася толькі адна карціна - "Нацюрморт" Давіда Штэрэнберга.

За апошнія дзесяцігоддзі музею ўдалося сфарміраваць нядрэнную калекцыю работ сучасных віцебскіх творцаў, аднак шмат чаго з насычанага мастацкага жыцця Віцебска так і не знайшло адлюстравання ў фондах установы. Але цуды - здараюцца. Сёлета Віцебскі абласны краязнаўчы музей атрымаў у дар усе работы з выстаўкі "Рэтраспекцыя" мастачкі Валянціны Ляховіч - адной з вядучых творцаў віцебскай школы акварэлі.

Валянціна Антонаўна заявіла аб сабе як мастак, які склаўся ўжо ў 1960-я, упершыню прыняўшы ўдзел у рэспубліканскай выстаўцы, прысвечанай 50-годдзю Кастрычніцкай рэвалюцыі. У канцы 1980-х полівалентная паэтыка мадэрнізму становіцца для яе, так бы мовіць, шукаемым. Як піша мастацтвазнаўца Л.Вакар: "Скасаванне эстэтычных забарон і адкрыццё свабоды ў выбары выразных сродкаў і прыёмаў забяспечылі тую шматмернасць і поліфанізм мастацкіх вобразаў, якія складаюць сутнасць яе творчасці".

Выстаўка "Рэтраспекцыя" - гэта прастора Свету ў прасторы карціны, дзе нараджаюцца мары і памкненні мастака, які незалежна і смела выказвае свае меркаванні і натхнёна выяўляе ўнутраны свет. Гэта своеасаблівы "музей", сарцавіну якога складае комплекс культурнай, эстэтычнай, сацыяльнай інфармацыі, што адлюстравана ў акварэльным жывапісе і аб'ёмных кампазіцыях, звязаных асноўнай ідэяй. Для творчай інтэрпрэтацыі Ляховіч запазычвае вобразную аснову ў класікаў, але напаўняе яе ўласным светаўспрыманнем. Так, у серыі кампазіцый "Мікеланджэла-7" жаночая фігура эпохі Адраджэння паводле колеравай гармоніі і лінейнага рытму ўспрымаецца як візуальная рэтраспекцыя далёкай эпохі. Традыцыйныя для акварэлі плоскасныя работы невялікага памеру аўтар дапаўняе нехарактэрнымі для гэтай тэхнікі творамі вялікага фармату, паўсюдна прымяняючы ўласцівую ім шматслойнасць - вобразную і тэхнічную. І шматслойнае пісьмо, спалучаючы шматразовыя змывы, адбіткі, пацёртасці, зрывы фарбавай палітры, набывае глыбіню і фактуру ("Мора", "Пункт адліку")./i/content/pi/cult/322/5762/7-2.jpg

Частка работ на выстаўцы прадстаўлена скульптурамі, у якіх мастачка перадае тэму чалавечых пачуццяў і эмоцый, выяўленых колерам і формай. Гэта сапраўдны сінтэз пластыкі і жывапісу. Творца распісвае скульптуру як карціну: з паўтонамі, блікамі і рознымі адценнямі. У скульптурах, што злучаюць канструктыўныя элементы і натуралістычныя, Валянціна Ляховіч эксперыментуе не толькі з колерам, але і з матэрыялам, максімальна выкарыстоўваючы паперу, шкло, метал, тканіну. З дапамогай элементаў так званай смеццевай культуры, якая шырока распаўсюджана на Захадзе, Ляховіч стварае работы з матэрыялаў, што ўжо былі ў выкарыстанні, тым самым звяртаючы ўвагу і на праблемы экалогіі.

Экспрэсія, хвалюючая недаказанасць - рысы, якімі прасякнута ўся палітра мастачкі.

"Я ствараю работы на тэму чалавечых пачуццяў, у якіх імкнуся перадаць эмоцыі, намёкі, пачуццёвасць. І ўсё гэта выражаю колерам і формай", - кажа Валянціна Антонаўна. Выстаўку "Рэтраспектыва" мастачка прысвячае сваім бацькам - Антону і Любові Ляховічам.

Наталля ГУЛІДАВА,

мастацтвазнаўца Віцебск