Гід па Ночы музеяў

№ 20 (991) 14.05.2011 - 20.05.2011 г

Чым запомніцца Ноч музеяў-2011 14 мая і не толькі?

Нацыянальныя: карціны і...

Нацыянальны гістарычны вырашыў прадоўжыць "вопыты" па "ажыўленні" карцін. Акрамя 35 работ Андрэя Смаляка 14 мая самім наведвальнікам прапануецца паспрабаваць свае сілы ў справе пераўвасабленняў і "ажыўлення" карцін.

Дарэчы, якраз міс і ўсім прадстаўніцам прыгожай паловы чалавецтва прысвячае сваю прастору - "Прастору жанчыны"- Нацыянальны мастацкі музей, куды ўвойдуць асобныя сегменты "Поры года", "Музы", "Прынцэсы", "Ідалы", "Жарсці"... Распачнецца таксама дэманстрацыя трох выставак: работ у стылі "ню", фотаэкспазіцыі, а таксама "ТРОГАТелЬной" скульптуры.

"Ноч у музеі" ў Нацыянальным гісторыка-культурным музеі-запаведніку "Нясвіж" пройдзе з удзелам гурта "Стары Ольса". Месца дзеі - унутраны дворык і першы паверх палаца.

 

 Літаратурныя: стылягі і кактэйль

 Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры прапануе наведвальнікам рэцэпт "Культурнага кактэйля" з майстар-класамі, выстаўкай карыкатур і падарожжам па Палесціне. Коласаўцы падрыхтавалі, сярод іншага, рэтра-танцпляцоўку "Ноч стыляг" і працяг праекта "Мы родам з СССР".

Дзея "Малюнкі і спевы" ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча адбудзецца сёння на дзвюх пляцоўках: уласна ў музеі і ля помніка паэту. Уключае яна перформансы, канцэрт, а таксама прэзентацыю асобнікаў зборніка "Вянок". А Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы правядзе ў музейную ноч "Фестываль беларускай, не зусім беларускай і зусім не беларускай рэкламы" з пяці арт-дзей.

 

Ад кіно да рыцараў: камедыя і экакасцюм

 Рэтраспектыву стужак "Дні і ночы братоў Маркс" прапануюць у "начным" сеансе супрацоўнікі Музея гісторыі беларускага кіно. Свята ж у Дзяржаўным музеі тэатральнай і музычнай культуры распачнецца гала-канцэртам міжнароднага праекта "Маладыя галасы" - "Вечная магія музыкі".

Чатыры выстаўкі з інтэрвалам у гадзіну прадставіць гледачам 17 мая Музей сучаснага выяўленчага мастацтва: шведская карыкатура, польскі жывапіс, беларускае фота і біжутэрыя. Сярод праектаў Музея гісторыі Мінска на 14 мая вылучаюцца экакасцюмы і байк-шоў. А вось у Дзяржаўным музеі прыроды і экалогіі жывапіс і творы ДПМ прадстаўляюць случчане.

 

Культурная сталіца плюс...

Сёлета свае залы ўпершыню адкрывае ўначы Гомельскі палацава-паркавы ансамбль. У рамках Ночы музеяў - канцэрты, спектаклі, дабрачынны аўкцыён.

У Магілёўскім абласным краязнаўчым музеі імя Я.Раманава сёння ўвечары пануюць мода, фэйс-арт і шматлікія інтэрактыўныя пляцоўкі. Адметна правядуць свята і ў іншых кутках рэгіёна. Бабруйскі краязнаўчы музей прадставіць "Фарбы старажытнага кірмашу". А ў Касцюковічах і Чэрыкаве будуць працаваць выстаўкі-продажы вырабаў народных майстроў.

У Віцебскім абласным краязнаўчым музеі ў рамках мерапрыемства адкрыецца выстаўка "Планета Японія" (графіка, ДПМ, васковыя фігуры, традыцыйнае японскае адзенне). Літаральна ўсе ўстановы Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка парадуюць наведвальнікаў арыгінальнымі праектамі. А, відаць, найбольшы эксклюзіў - адкрыццё выстаўкі галаўных убораў і элементаў вайсковага адзення з прыватных калекцый. А ў Музейным комплексе гісторыі і культуры Аршаншчыны адкрыецца цыкл выставак "Горад, якога няма".

 Мотальскі музей народнай творчасці прапануе пад час Ночы музеяў вячоркі, а ў "Бездзежскім фартушку" - "Цікавае і невядомае".

Лідскі гісторыка-мастацкі музей 21 мая знойдзе мяжу паміж "Містыкай і рэаліямі", а Гродзенскі дзяржаўны гісторыкаархеалагічны - пакажа "Пікавую даму".

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах