Рэйтынг па шкале інавацый

№ 20 (991) 14.05.2011 - 20.05.2011 г

Музейны менеджмент з прыкідкай на вынік

/i/content/pi/cult/322/5760/6-1.jpgМузейны менеджмент і фандрайзінг, рэйтынгі і слэмы - такімі тэрмінамі насычаны дыскурс гутаркі пра цяперашні дзень і будучыню музеяў. А яшчэ штогод да Міжнароднага дня музеяў Міжнародны савет музеяў вызначае дэвіз святкавання. Сёлета ён гучыць: "Музей і памяць". "Дэвіз нагадвае, што музеям трэба больш актыўна рэалізоўваць свой інфармацыйны патэнцыял", - зазначае суразмоўца "К", начальнік аддзела навукова-метадычнага забеспячэння дзейнасці па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Інстытута культуры Беларусі, старшыня Беларускага камітэта Міжнароднага савета музеяў Ала СТАШКЕВІЧ.

- Музей, у шырокім значэнні гэтага слова, - сховішча калектыўнай памяці. А таму музеі павінны быць бліжэй да грамадства, ягоных патрэб, яны мусяць удзельнічаць у яго жыцці і пазіцыянаваць сябе як актыўны сацыякультурны інстытут, на чым, дарэчы, акцэнтавалася ўвага цягам канферэнцыі ІКОМ напрыканцы мінулага года ў Шанхаі.

- Якія агульнасусветныя патрабаванні сёння прад'яўляюцца музеям? Сучасніку, відавочна, не цікавыя шаблонныя, статычныя экспазіцыі...

- Вядома, музей як установа мусіць адпавядаць сучасным патрабаванням. Маю на ўвазе, што ў ім павінен быць як адэкватны менеджмент, так і якаснае тэхнічнае абсталяванне. Калі казаць больш канкрэтна, то на сённяшні дзень, на мой погляд, прафесійны маркетынгавы падыход і мэтанакіраваная камунікатыўная палітыка існуюць толькі ў некаторых беларускіх музеях, сярод якіх варта асабліва адзначыць Нацыянальны мастацкі музей, Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы і Гомельскі палацава-паркавы ансамбль. У прыватнасці, апошні дэманструе, што плённая дзейнасць літаральна за два гады можа вывесці музей у шэраг паспяховых культурных інстытуцый рэгіёна. Актыўная пазіцыя значна ўзняла рэйтынг гэтай установы: у выніку другі год запар яна займае трэцяе месца па колькасці наведвальнікаў сярод музеяў Беларусі. Дагэтуль ніводны абласны музей не мог пахваліцца падобным дасягненнем.

Што да Музея Янкі Купалы, дык за некалькі апошніх гадоў адбыліся "купалаўскі слэм", фестываль бардаўскай песні ў Акопах, "Купалле ў музеі", партнёрскі праект з прыватнай аўтамабільнай кампаніяй па рэстаўрацыі асабістага "Шэўрале" паэта, праект па алічбоўцы калекцыі рукапіснай спадчыны Янкі Купалы (разам з UNESCO). Згадайма і досыць паспяховы праект "Універсітэт трэцяга ўзросту", які цягам апошняга года ажыццяўляла Гарадская галерэя твораў Леаніда Шчамялёва і ў выніку пашырыла рамкі традыцыйнай аўдыторыі.

- Цікава пачуць пункт гледжання музеязнаўцы аб праблемах у рэалізацыі праектнай дзейнасці...

- Для развіцця музеям, сярод іншага, не хапае і яркіх праектаў з канкрэтным вынікам, па вялікім рахунку, праектнай стратэгіі як часткі камунікатыўнай палітыкі музея, якая заклала б падмурак для далейшай дзейнасці ўстановы і сфарміравала яе ўстойлівы імідж у грамадстве. Апрача гэтага, бракуе добрай падрыхтоўкі менеджменту. Інстытут культуры Беларусі шмат працуе па павышэнні кваліфікацыі, перападрыхтоўцы кадраў: мы распачалі трэнінгавую работу. Што да інтэлектуальнага патэнцыялу айчынных музеяў, то ён даволі высокі. Можа быць, не дастаткова развітая інфраструктура музеяў, не хапае месцаў для адпачынку наведвальнікаў, спецыялізаваных адукацыйных зон. Але мяне асабіста непакоіць не гэта, а праблема захавання музейных прадметаў.

- Сапраўды, часта ад музейшчыкаў даводзілася чуць пра нястачу месца для фондаў...

- Сучаснае абсталяванне можа справіцца і з гэтым. Праз сваю мабільнасць яно можа і сэканоміць месца. Але галоўнае - якаснае абсталяванне дазваляе стварыць мікраклімат і тым самым абараніць каштоўнасці ад самых розных негатыўных знешніх уздзеянняў. Існуе такое паняцце, як натуральнае старэнне рэчаў, і задача музея - прадоўжыць перыяд жыцця каштоўных прадметаў. Да прыкладу, існуюць тэхналогіі з інертным газам, якія дазваляюць захаваць рукапісы, дакументы. А таму, думаецца, варта стварыць хаця б адно паказальнае фондасховішча, каб было да чаго імкнуцца астатнім музеям.

- Наколькі рэальна сёння атрымаць грант для музея раённага маштабу на тое ж пераабсталяванне фондасховішчаў? Ці праяўляюць музейшчыкі ініцыятыву самі?

 - У гэтай справе існуюць дзве праблемы. З аднаго боку, на Беларусі вельмі мала дабрачынных фондаў, скіраваных на культурныя праекты. Варта адзначыць актыўную працу UNESCO, якое падтрымала ўжо даволі шмат музейных ініцыятыў. Не выпадкова міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка на выніковай калегіі Міністэрства культуры адзначыў важнасць стварэння ўмоў для прыходу тых замежных фондаў, якія падтрымліваюць культурныя праекты.

 Ёсць таксама рэальная магчымасць стварэння ўласных фондаў і адкрыцця дабрачынных рахункаў пры саміх музеях. Звярнуся да досведу суседзяў. Як зазначалася на Міжнароднай канферэнцыі "Грамадская рэформа музейнага менеджменту і маркетынгу", што прайшла ў сакавіку ў Кіеве, для эфектыўнага вядзення праектнай дзейнасці многія ўкраінскія музеі рэгіструюць пры сабе дабрачынныя фонды з асобным рахункам, да вопыту стварэння якіх прыходзім цяпер і мы. Дзякуючы ўдалай практыцы фандрайзінгу і праектнага менеджменту, каманднаму стылю кіравання нават невялікія музеі становяцца культурнымі цэнтрамі ў сваіх рэгіёнах. Пятнаццаць гадоў таму, адкрыўшы пры Адэскім муніцыпальным музеі асабістых калекцый імя А.Блешчунова дабрачынны фонд і распачаўшы праектную дзейнасць, яго дырэктар Святлана Астапава здолела зрабіць маленькую ўстанову адным з самых наведвальных месцаў прыморскага горада.

 Сутыкаемся і з такімі з'явамі: работнікі культуры часцяком маюць вельмі аддаленае ўяўленне аб праектным менеджменце. А для яго рэалізацыі трэба мець навыкі напісання заяўкі, абгрунтавання праекта, быць гатовым да дэталёвай справаздачнасці перад інвестарам, пастаяннай камунікацыі з ім і мабільнасці. Належыць улічваць і такую асаблівасць супрацоўніцтва з прыватнымі арганізацыямі: за кароткі час ды невялікія грошы стварыць якасны, цікавы музейны прадукт. Вядома, гэтыя навыкі можна набыць. І ў нас сёння існуюць досыць добрыя перспектывы. Відавочна паспрыяе развіццю музеяў і адпаведны Указ Прэзідэнта, дзейнасць Міністэрства культуры краіны ў гэтым кірунку.

Ажыццяўленне праектнай дзейнасці з'яўляецца рэальным спосабам зарабіць дадатковыя сродкі для музея. Скажам, калі для правядзення знакамітых "журфіксаў" (літаратурна-музычныя сустрэчы ў кіеўскім Музеі Булгакава) спатрэбіўся якасны белы раяль, а сродкаў не было, супрацоўнікі, каб сабраць неабходную суму, вырашылі папрасіць яе ў сваіх наведвальнікаў. Праз СМІ прадставілі падрабязную характарыстыку інструмента, і ён быў... "прэпарыраваны" на часткі (на прэзентаваным публіцы малюнку). Прапаноўвалася купіць адну з іх ахвотным. Той, хто набываў гэтыя часткі, атрымліваў адпаведны сертыфікат. Грошы сабралі за два месяцы.

- Існуюць пазітыўныя спробы стварыць цікавыя акцыі і ў музеяў з рэгіёнаў. Мяркуем аб гэтым па камандзіроўках і чытацкай пошце...

- Сапраўды, рэгіянальныя музеі становяцца больш актыўнымі. Возьмем тую ж Ноч музеяў. Летась праект распачаўся ў многіх рэгіянальных музеях, у тым ліку ў Оршы, Светлагорску. У апошнім горадзе не так даўно давялося пабываць пад час абмеркавання канцэпцыі сёлетняга музейнага свята. Я бачыла, як гэты крэатыў фарміруецца. Музеі ўжо гатовы да актыўнай работы са сваім спажыўцом, ім вельмі цікава распрацоўваць адметныя праекты. Галоўнае, што яны разглядаюць кожны інавацыйны праект як кластэрны. У межах канкрэтнай акцыі, мерапрыемства да музеяў далучаюцца іншыя ўстановы культуры, знаходзяцца спонсары, прычым - нават хутчэй, чым у Мінску! А ўсё таму, што прадукт скіраваны на мясцовую аўдыторыю. Ужо сёння некаторыя музеі думаюць, як прыняць усіх ахвотных паўдзельнічаць у Ночы музеяў. Людзі гатовы за некалькі месяцаў забраніраваць білет.

- Відавочна, сваімі сіламі стварыць вялікае свята вельмі цяжка, улічваючы абмежаваны рэсурс айчынных музеяў?

- Сапраўды, штат установы не заўжды здольны самастойна ажыццявіць буйны праект. Дарэчы, у тым жа светлагорскім музеі ёсць цікавы вопыт працы з пенсіянерамі, якія актыўна прыцягваюцца ў якасці валанцёраў. Абудзіла такі рух Ноч музеяў.

- Але, па вялікім рахунку, ці гатовы айчынныя музеі сёння прапанаваць прадукт, цікавы для розных узроставых, сацыяльных груп насельніцтва?

 - Рэаліі ці не большасці музеяў на постсавецкай прасторы такія, што 60, а то і 80 працэнтаў іх наведвальнікаў складаюць школьнікі. Безумоўна, гэта частка адукацыйнага працэсу. Тым не менш, шмат музеяў нават са школьнікамі ствараюць цікавыя музейна-педагагічныя праекты для розных узроставых катэгорый. Зноў-такі, можна згадаць наш Літаратурны музей Янкі Купалы: за апошнія два гады, дзякуючы разнастайным акцыям і мерапрыемствам, ва ўстанову прыйшло вельмі шмат моладзі. У цэлым жа, можна сказаць, што культурна-адукацыйная праца музеяў сёння дыферэнцавана, накіравана на канкрэтныя сацыяльныя групы. У маленькіх музеях адбываецца прыкладна тое ж самае. Але варта ўлічваць і пэўныя нюансы. Справа ў тым, паўтаруся, што асноўны кантынгент такіх музеяў- мясцовыя жыхары. І калі музей не прапануе цікавы прадукт, яны чарговы раз наўрад ці пойдуць туды. А таму выстаўкі павінны арыентавацца на культурныя патрэбы сваіх патэнцыйных гасцей, адпавядаць іх інтарэсам. У той жа час, нашы музеі часцей мысляць глабальнымі катэгорыямі. Вось толькі, ці заўжды тое апраўдана?

- Але якія цяжкасці ні ўзнікалі б на шляху развіцця айчынных музеяў, галоўнае, што яны жывуць, развіваюцца, імкнуцца прыцягнуць да сябе як мага больш неабыякавых наведвальнікаў...

- Больш за тое: мы можам назіраць, што з кожным годам колькасць музеяў павялічваецца. Пры гэтым узнікаюць не толькі дзяржаўныя, але і прыватныя, грамадскія музеі. Гэтая сусветная тэндэнцыя праяўляецца і на Беларусі. Кожны год з'яўляецца некалькі цікавых праектаў. За апошнія гады ўсё ж адчуваюцца станоўчыя змены ў жыцці музеяў як устаноў культуры. І хоць было шмат нараканняў на сістэму плана платных паслуг, але менавіта за гэты час музеі навучыліся зарабляць грошы. Іншая справа, каб у пагоні за фінансавым дабрабытам не адбывалася замена выключна музейных форм працы на камерцыйныя, забаўляльныя.

 - Мо своеасаблівым стымулам магла б стаць магчымая Нацыянальная музейная прэмія?

 - Прэмія можа стаць дадатковым стымулам для музейшчыкаў праявіць сваю крэатыўнасць. Да таго ж, вядомы музеязнаўца Міхаіл Гнядоўскі, які з расійскага боку ўзначальвае конкурс "Еўрапейскі музей года", прапанаваў далучыцца да гэтага конкурсу нашай краіне і прадставіць адзін са сваіх праектаў. Таму варта стварыць і нацыянальную прэмію, якая дазволіць матываваць развіццё айчыннай музейнай дзейнасці і далучацца да міжнародных ініцыятыў.

Занатаваў Кастусь АНТАНОВІЧ

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"