Перыметр ідэй

№ 20 (991) 14.05.2011 - 20.05.2011 г

Што пабачым з мансарды Музейнага квартала?

/i/content/pi/cult/322/5759/5-3.jpgЯк вядома, Міністэрствам культуры плануецца цягам 2011 - 2017 гадоў стварыць Музейны квартал на базе Нацыянальнага мастацкага музея па перыметры вуліц Кірава, Леніна і Маркса ў Мінску. Агульная канцэпцыя праекта адобрана Кіраўніком дзяржавы. Стварэнне квартала мяркуецца рэалізаваць у два этапы: напачатку - праектаванне, затым - уласна будаўніцтва, рэстаўрацыя і прыстасаванне існуючых будынкаў пад музейныя памяшканні...

Напярэдадні Міжнароднага дня музеяў нашы карэспандэнты выправіліся на незвычайнае заданне: наведаць тыя вулачкі, што мусяць стаць "сэрцам" Беларусі музейнай, каб распытаць у мінчан і гасцей сталіцы, якім ім бачыцца падобны квартал. Такім чынам, наперад - "узброіўшыся" нататнікам, дыктафонам і раздрукоўкай з выявай праекта комплексу, а таксама...

А таксама звесткамі, якія і паведамлялі апытаным. Ужо сёння, па інфармацыі Міністэрства культуры, нагадаем, вядома наступнае. На першым этапе ў 2011 - 2015 гг. прадугледжана праектаванне дэпазітарыя і рэстаўрацыйнага цэнтра па вуліцы Кірава, 25, злучаных з будынкамі па вуліцах Кірава, 25 і Леніна, 20, Леніна, 22 з прыбудовай да галоўнага корпуса з комплексам дапаможных памяшканняў.

 Другі пускавы комплекс прадугледжвае злучэнне галоўнага будынка музея па вуліцы Леніна, 20 з адміністрацыйным корпусам па вуліцы Леніна, 22, а таксама стварэнне скульптурнага дворыка. У трэці пускавы ўключана рэстаўрацыя і прыстасаванне ў сучасных музейных тэхналогіях галоўнага корпуса па вуліцы Леніна, 20 і экспазіцыйнай прыбудовы да будынка.

 На другім этапе ў 2012 - 2017 гг. плануецца стварэнне прыбудовы да галоўнага корпуса - надбудова мансарды для экспазіцыі сучаснага беларускага мастацтва, а таксама прыстасаванне і рэстаўрацыя будынка па вуліцы К.Маркса, 24 пад экспазіцыю беларускага народнага мастацтва, кафэ і сувенірныя крамы.

Вядома, у якасці своеасаблівага "тэставага пытання" мы пацікавіліся ў рэспандэнтаў, ці ведаюць яны пра Міжнародны дзень музеяў і акцыю "Ноч музеяў", пад знакам якіх праходзяць гэты і наступны тыдзень. Тут меркаванні падзяліліся: нехта чуў пра праекты шэрагу ўстаноў і наведае некаторыя з іх 14 мая, а хтосьці - папросту здзівіўся, што такая традыцыя існуе, прычым - не першы год.

Пытаючы пра тое, што ж зможа насыціць прастору Музейнага квартала, мы пачулі ад нашых суразмоўцаў на мінскіх вуліцах, збольшага, меркаванні аб інфраструктуры комплексу.

- Думаю, варта прадугледзець у плане як мага больш невялічкіх крам па продажы сувеніраў, прычым - рознай накіраванасці, - сказала карэспандэнту "К" выкладчыца Алена.

 Шмат хто з апытаных звяртаў увагу на тое, што ў Нацыянальным мастацкім музеі і паблізу яго пакуль няма ніякага кафэ.

- Мы з задавальненнем пабывалі б у такой запланаванай канцэпцыяй кавярні пасля прагляду экспазіцыі, - казалі Святлана і Людміла, - бо вось выйшлі зараз з музея і на лавачках адпачываем. А так прыемна было б пасядзець у якой кафэшцы з адпаведным антуражам, абмяркоўваючы толькі што ўбачанае...

 З гэтымі, сярэдняга веку, наведвальнікамі Нацыянальнага мастацкага цалкам згоднае і маладое пакаленне мінчан:

- Што да мяне, дык кафэ, сапраўды, тут было б цалкам дарэчы,- кажа Дар'я, студэнтка БНТУ,- а ў названым вамі дворыку можна ўстанавіць невялічкі фантан, пасадзіць паболей дрэў - і, такім чынам, прадугледзець адпачынак для наведвальнікаў...

 Праўда, каб быць цалкам аб'ектыўнымі і дакладнымі, трэба сказаць, што адзін чалавек з апытаных усё ж такі ідэю кафэ не падтрымаў:

- Я хацеў бы, каб можна было пабачыць больш карцін, скульптур, - зазначыў 40-гадовага веку служачы Аляксандр, - і не трэба ствараць там кафэ ці яшчэ нейкія пункты харчавання. Музей створаны ўсё ж такі не для гэтага...

Пра жаданне пабачыць на новых плошчах як мага больш мастацкіх твораў казалі амаль усе апытаныя.

- Мне, да прыкладу, падабаюцца творы сучаснага мастацтва, - кажа Вольга, яшчэ адна студэнтка, - а таксама - работы айчынных мастакоў. Іх хочацца бачыць як мага больш. Усётакі наш музей, у першую чаргу, - для жыхароў Беларусі, і адкрытая калекцыя нацыянальных мастацкіх твораў, мяркую, магла б пашырыцца.

- А мы хацелі б бачыць больш прадстаўнікоў класічнага жывапісу, рэалізму, а таксама карціны сусветна вядомых мастакоў, - казалі Алена і Аксана, - бо упэўнены, што гэтыя творы заўсёды будуць запатрабаваны наведвальнікамі музея...

Адна з апытаных, Ірына, выказала свой пункт гледжання на тое, што павінна быць у музейным квартале:

- На маю думку, для дзяцей і падлеткаў музейныя экспазіцыі варта зрабіць больш жывымі. Напрыклад, адкрыць якія-небудзь пакойчыкі, дзе стаялі б фарбы і мальберт або ляжаў кавалак гліны: мо хто хоча паспрабаваць свае сілы, хоць бы і гуляючы, несур'ёзна, у стварэнні твораў мастацтва? Але галоўнае - наладзіць культуру стасункаў, каб кожнаму наведвальніку Музейнага квартала ўсміхаліся супрацоўнікі, ветліва яго сустракалі і праводзілі. Бо ад гэтага таксама залежыць, як будуць успрымацца гледачамі творы мастацтва.

 На здымку: макет Музейнага квартала.