Ладдзя-Мінск

№ 20 (991) 14.05.2011 - 20.05.2011 г

Якім будзе новае Замчышча?

/i/content/pi/cult/322/5758/5-1.jpgНапэўна, ніводзін апошні архітэктурна-музейны праект не выклікаў такой цікавасці і абмеркаванняў грамадскасці, як "Мінскае замчышча". Яно і не дзіва: "падземны" музей Мінска ХІІ стагоддзя, наземная рэканструкцыя старажытнага горада з уязной брамай, царквой, абарончым валам, рэчышчамі Нямігі, старымі вулічкамі - такога Мінск яшчэ не бачыў! Днямі архітэктурны праект Нацыянальнага гісторыка-археалагічнага цэнтра "Мінскае замчышча" быў адобраны Прэзідэнтам краіны. Аб гэтым карэспандэнту "К" паведаміў галоўны архітэктар праекта Сяргей Багласаў. Нягледзячы на тое, што пэўны шлях да ажыццяўлення ідэі пройдзены, увасабленне комплексу ў рэальны культурны і турыстычны аб'ект акажацца справай яшчэ не аднаго года...

 

Не раней за 2014-ы

"Хутчэй за ўсё, праца па рэалізацыі гэтага праекта распачнецца не раней за 2014 год, калі не 2015-ы", - распавёў журналісту "К" галоўны інжынер прадпрыемства "Мінская спадчына" Міхаіл Жых. Каб знайсці адказы на пытанні "Хто? Калі? Як?" карэспандэнту давялося прыкласці пэўныя намаганні, пераадолеўшы нават філасофскія паняцці часу і адлегласці.

 На дадзены момант архітэктурны праект праходзіць апошні /i/content/pi/cult/322/5758/5-2.jpgэтап экспертызы, аднак на падыходзе новая стадыя: распрацоўка будаўнічага праекта "Мінскага замчышча". А гэта, акрамя энергазабеспячэння комплексу, і дадатковае стварэнне магчымасцей па электрыфікацыі і цеплафікацыі аб'екта, і абавязковая рэканструкцыя сеткі, правадоў, новая схема арганізацыі дарожнага руху.

- Акрамя вышэйзгаданага ўсталявання новых камунікацый, нам неабходна будзе прайсці яшчэ адзін этап - археалагічных даследаванняў,- працягвае галоўны інжынер. - Мы не закранулі тыя ўчасткі, якія знаходзяцца пад будынкам Дома фізкультуры, пад інжынернымі камунікацыямі... Уся гэтая праца вымагае ўважлівага стаўлення і часу...

Нагадаем, археалагічныя раскопкі, якія вяліся на праспекце Пераможцаў цягам некалькіх гадоў і выявілі тыя ўнікальныя знаходкі, што ляглі ў аснову экспазіцыі музея ды гісторыка-археалагічнага цэнтра ў цэлым, былі завершаны ў мінулым годзе. Але паводле заканадаўства археалагічнае суправаджэнне мусіць далучацца да кожных земляных работ на тэрыторыі гістарычнага цэнтра.

 

/i/content/pi/cult/322/5758/5-4.jpgМінск рэальны і віртуальны

 Як і было запланавана галоўным архітэктарам праекта Сяргеем Багласавым, галоўнай часткай будучага замчышча стане музей. Менавіта ў яго крытым будынку наведвальніку будуць прадстаўлены ўнікальныя здабыткі археолагаў: рэшткі старажытных драўляных маставых і пабудоў, фундамент першай каменнай царквы ХІІ стагоддзя, фрагменты абарончых валоў і ўязной брамы, прадметы побыту нашых продкаў... Экспазіцыя мае знаходзіцца ў цэнтры амфітэатра на 240 месцаў, даючы магчымасць без перашкод разгледзець усім ахвотным назапашаны даследчыкамі скарб мінуўшчыны. Не адмовілася творчая група праекта і ад медыйных сродкаў, з дапамогай якіх на вялікіх экранах будуць дэманстравацца візуалізаваная гісторыя Мінска, фатаграфіі гістарычных дакументаў, прадметы адзення, зброі, упрыгожанні старадаўніх мінчан.

Другая частка комплексу- гісторыка-археалагічны зандаж-рэканструкцыя "Мінск ХІІ стагоддзя" - будзе ўяўляць з сябе вобразнае рашэнне старажытнага Мінска. Відарыс старажытнай царквы, уязная брама, вал, маленькі абарончы квартал старажытнага горада - усё гэта з'явіцца на месцы, дзе сёння яшчэ стаіць спарткомплекс "Працоўныя рэзервы".

- Так, гэта будзе менавіта рэканструкцыя знойдзеных пад час археалагічных раскопак экспанатаў,- удакладаняе Міхаіл Жых.

- Нашай задачай не было аднавіць будынкі ў дакладнасці з іх старажытнымі арыгіналамі. Гэты кваратал- мастацкае рашэнне. І тым не менш, тое рашэнне, якое абапіраецца на гістарычныя сведчанні. Радыяльны накірунак адноўленых вулачак, геаметрыя пабудоў- усё захавана для таго, каб далучыць нашага сучасніка да паўсядзённасці тых часоў... Завершаць гэтую задачу дзеючыя майстэрні "Мінска ХІІ стагоддзя", у якіх жыхары і госці сталіцы змогуць пачаставацца старадаўнімі стравамі і напоямі або паспрабаваць сябе ў пэўным рамястве.

 

Метро - не мех з бульбай!

Што да змен, то шкляны купал, які першапачаткова мусіў абараняць інтэрактыўны горад мінуўшчыны ад ападкаў, па выніках разваг галоўнага архітэктара, застаўся "без падтрымкі". Старажытны Мінск пакінуты ў атачэнні сучаснага гарадскога ландшафту, што, па законе кантрасных з'яў, толькі падкрэслівае адметнасць архітэктуры.

Ніжняму рынку - трэцяй частцы комплексу - выпала доля стаць рэкрэацыйнай зонай гісторыка-археалагічнага цэнтра. На пустцы паміж вуліцай Нямігай і праспектам Пераможцаў паўстануць кафэ, сувенірныя крамы і адкрытая пляцоўка для тэатральных дзей, якая будзе прывабліваць публіку, звяртаючы яе да ўспамінаў пра вулічнае мастацтва мінуўшчыны.

 - Да нас паступалі прапановы аднавіць Ніжні рынак па фотаздымках ХІХ стагоддзя, - распавядае галоўны інжынер "Мінскай спадчыны", - аднак мы вырашылі адмовіцца ад гэтай ідэі: навошта сумяшчаць розныя перыяды гісторыі горада на тэрыторыі аднаго комплексу? Мы кажам аб эпосе Сярэднявечча - дык давайце будзем паслядоўнымі...

Аднавіць Ніжні рынак нават у тым выглядзе, якім ён паўстае на выявах ХІХ стагоддзя, амаль немагчыма, мяркуе спецыяліст. Тэрыторыя Мінскага замчышча ў цэлым сёння разрэзана напалам лініяй праспекта Пераможцаў. Вядома, што ніхто не збіраецца перанесці адну з галоўных магістралей горада ў іншае месца. Тая ж сітуацыя - і з месцам былога размяшчэння Ніжняга рынку: станцыю метрапалітэну таксама не перанясеш, маўляў, як мех з бульбай. У выніку спецыялісты вырашылі аднавіць калі не месца і арыгінальную забудову Ніжняга рынку, дык яго функцыі, зрабіўшы тут пляцоўку для адпачынку.

 

Менеск, а за ім - Усяслаў

 І, вядома, легенды: куды без іх Мінск?

- Мы стварылі праект ладдзі-млына, на якой плаваў волат Менеск, паводле швейцарскай гравюры, - Міхаіл Жых не абыходзіць увагай і гэты цікавы момант. - Ад Мінскага замчышча да Траецкага прадмесця праз Свіслач будзе перакінуты пешаходны мост, пад якім і з'явіцца гэты карабель, што адлюструе легенду аб стварэнні нашай сталіцы...

 Пэўныя ўдасканаленні зведалі і рэчышчы рэчкі Нямігі. Згодна з першапачатковым планам, яны павінны былі атачаць рэканструяваны Мінск ХІІ стагоддзя ў заспакоеным стане. Сёння творчая група прадугледзела пабудову некалькіх помпавых станцый - з той мэтай, каб "ажывіць" вытокі Нямігі.

- Вада ў рэчышчах цяпер будзе віраваць, - удакладняе Міхаіл Жых. - І гэта адразу надасць усёй кампазіцыі пэўны ўзняты настрой...

Пэўнай навіной у праекце стала і ўвядзенне ў комплекс помніка Усяславу Чарадзею. Яго каменная постаць мае ўпрыгожыць Замчышча з боку Ніжняга рынка...

На здымках: пакуль Мінскае замчышча ўвасоблена ў макетах і камп'ютарных мадэлях.

 

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"