Тэхналогіі і спадчына

№ 20 (991) 14.05.2011 - 20.05.2011 г

Міжнародная канферэнцыя “Культурная спадчына і інфармацыйныя тэхналогіі на постсавецкай прасторы “АДІТ — 15” адкрылася днямі ў Замкавым комплексе “Мір” і сабрала каля паўтары сотні супрацоўнікаў музеяў ды інфармацыйнавылічальных цэнтраў з дзевяці краін свету. Замежныя спецыялісты цягам гэтага тыдня дзяліліся досведам у музейнай справе і знаёміліся з нашай нацыянальнай культурай.

/i/content/pi/cult/322/5756/2-4.jpg- Нам прыемна прымаць у сябе гэтую шаноўную юбілейную міжнародную канферэнцыю, - зазначыў намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Віктар Кураш у час адкрыцця форуму. - На ёй сабраліся спецыялісты высокага класа, прадстаўнікі 84 арганізацый з 30 гарадоў. Спадзяюся, яна стане асновай як для новых адкрыццяў у прафесійнай сферы, так і для будучага супрацоўніцтва. Дадам: нядаўна прайшла Міжнародная выстаўка "TIBO-2011", і мне вельмі прыемна, што шматлікія ўстановы культуры нашай краіны- сельскія клубы, музычныя школы, разнастайныя музейныя ўстановы - прынялі актыўны ўдзел у конкурсе на лепшы інтэрнэтсайт. Новыя тэхналогіі знаходзяць усё большае распаўсюджванне ў паўсядзённым жыцці. Мы разам шмат прыдбаем дзякуючы міжнародным зносінам...

 Раней канферэнцыя "АДІТ" (Аўтаматызацыя дзейнасці музеяў і інфармацыйныя тэхгалогіі) праходзіла на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі, а гэтым разам, па ініцыятыве Міністэрства культуры Беларусі, яе вырашылі арганізаваць у нашай краіне. Прэзідэнт некамерцыйнага партнёрства Вікторыя Чарненка, дзякуючы якому такое супрацоўніцтва адбылося, адзначыла: "Пятнаццаць гадоў - гэта вялізны перыяд для сучасных тэхналогій, і за гэты час мы назапасілі ўнікальны досвед іх выкарыстання ў музеях. Удзельнікі канферэнцыі, новыя і тыя, што прыязджаюць на яе кожны год, упэўняцца ў гэтым пад час дакладаў..."

Карэспандэнт "К" пабачыў, што ва ўдзельнікаў /i/content/pi/cult/322/5756/2-5.jpgлітаральна кожная хвіліна працы распланавана з карысцю: лекцыі, майстар-класы, "круглыя сталы", конкурсы, экскурсіі, канцэрты. Знаёмячыся з Мірскім замкам, спецыялісты дэманстравалі адно аднаму свае веды па гісторыі, абменьваліся кантактамі і ажыўлена абмяркоўвалі праграму. Госці краіны жадалі даведацца пра скарбы нашых рэспубліканскіх і мясцовых музеяў, замкаў, а беларускія музейшчыкі - пра замежныя інавацыі, якія дапамагаюць аптымізаваць працу. Па словах арганізатараў, пасля правядзення чарговай "АДІТ" у рэгіёнах кожны год з'яўляліся арыгінальныя праекты, якія сталіся вынікам атрыманых ведаў.

Намеснік дырэктара Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя П.Масленікава Святлана Строгіна завітала на канферэнцыю з пэўнымі мэтамі. Яна паведаміла карэспандэнту "К": "Тут шмат расійскіх калег па музейнай справе, і хочацца даведацца пра іх досвед працы, перадавыя дасягненні. Хочацца, каб і замежныя музейшчыкі ведалі пра нашу праграму, напрацоўкі, сітуацыю ў музейнай справе ў Беларусі, каб адбыўся дыялог. Наш музей - адзін з першых, які стварыў свой сайт. Лічу, што ў айчынных установах культуры павінны працаваць дызайнеры і менеджары, якія займаліся б распрацоўкай інтэрнэт-пляцовак, папаўнялі іх актуальнай інфармацыяй, рэкламавалі, расказвалі пра вялізную работу, якая праводзіцца".

Не толькі сайты ўстаноў культуры, але і стварэнне адзінай базы даных музейных прадметаў, электроннага каталога з'яўляецца сёння актуальнай задачай. Пра Дзяржаўны каталог музейнага фонду Расіі расказаў у дакладзе начальнік аддзела навукі, інавацый і інфармацыйных тэхналогій Міністэрства культуры краіны-суседкі Павел Шапяленка. А інфармацыю пра наш праект і перспектывы /i/content/pi/cult/322/5756/2-6.jpgў гэтым пытанні агучыла галоўны спецыяліст упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Беларусі Святлана Гаўрылава: "У музеях нашай краіны захоўваецца 2,8 мільёна прадметаў асноўнага фонду. Мы прынялі рашэнне, што ў першую чаргу цэнтралізаванаму ўліку праз Дзяржкаталог музейнага фонду будуць падлягаць асабліва каштоўныя прадметы - гэта каля мільёна экспанатаў. А праз два - тры гады ажыццявім наступны крок: унясём у базу ўсе астатнія".

Дзякуючы Дзяржаўнай праграме "Культура Беларусі" на 2011-2015 гады, для 153 музеяў галіны будзе выдзелена 2 млрд. рублёў на правядзенне інфарматызацыі: стварэнне каталога, набыццё ліцэнзійнага праграмнага забеспячэння і камп'ютараў. Адзін мільярд будзе накіраваны на патрэбы 13 рэспубліканскіх музеяў, яшчэ адзін - на развіццё музеяў абласнога, раённага, гарадскога падпарадкавання.

Алена САБАЛЕЎСКАЯ,

Андрэй СПРЫНЧАН (фота),

нашы спецыяльныя карэспандэнты

 Мінск - Мір - Мінск