Першы — на “Славянскім базары...”

№ 20 (991) 14.05.2011 - 20.05.2011 г

У Міністэрстве культуры прайшла сустрэча з кіраўнікамі беларускіх грамадскіх аб’яднанняў і прадстаўнікамі беларускамоўных сродкаў масавай інфармацыі замежжа, што ўдзельнічалі ў XV Мінскай міжнароднай выстаўцы “СМІ ў Беларусі”.

/i/content/pi/cult/322/5753/2-1.jpgЯк паведамляе "К" начальнік упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Шавялёў, на сустрэчу былі запрошаны прадстаўнікі беларускіх дыяспар з Польшчы, Латвіі, Эстоніі, Украіны, Грузіі. Натуральна, абмяркоўвалася развіццё супрацоўніцтва з беларусамі замежжа ў сферы культуры.

 Гаворка ішла і пра Першы Фестываль мастацтваў беларусаў свету, які мяркуецца правесці 8- 9 ліпеня. Дырэктар Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Міхаіл Рыбакоў удакладняе для "К", што гала-канцэрт фэсту пройдзе ў межах XX Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску". З мастацтвам суайчыннікаў можна будзе пазнаёміцца і ў Мінску. Тут, па словах Міхаіла Рыбакова, запланавана зладзіць выстаўкі творчасці мастакоў, фатографаў, народных майстроў, а таксама сустрэчы з пісьменнікамі... Чакаецца, што ў Першым Фестывалі мастацтваў беларусаў свету прымуць удзел некалькі соцень землякоў.

Па звестках Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, на згаданай сустрэчы дасягнута дамоўленасць аб супрацоўніцтве з беларусамі замежжа па падрыхтоўцы фестывалю, аб пашырэнні ўдзелу дыяспар у культурным жыцці нашай краіны. Гэтае пытанне будзе абмеркавана і на другім пасяджэнні Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа пры Міністэрстве культуры, што адбудзецца пад час Першага Фестывалю мастацтваў беларусаў свету...

У Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь нашых суайчыннікаў праінфармавалі аб ходзе распрацоўкі Дзяржаўнай праграмы "Беларусы ў свеце" на 2011 - 2015 гады, аб сучасным стане і развіцці культуры ў краіне, аб планах па адкрыцці культурных цэнтраў Беларусі за мяжой цягам бліжэйшых пяці гадоў. Удзельнікі сустрэчы выказалі шэраг прапаноў па падтрымцы культурных праектаў і мерапрыемстваў па прэзентацыі нашай культуры за мяжой і развіцці міжнародных культурных стасункаў.

Наш кар.