На новы ўзровень зацікаўленасці

№ 20 (991) 14.05.2011 - 20.05.2011 г

12 мая дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь адобрылі папраўкі ў Закон аб кінематаграфіі.

Як адзначыў з гэтай нагоды міністр культуры краіны Павел Латушка, юрыдычныя інавацыі будуць спрыяць прыцягненню ў кінавытворчасць прыватных інвестыцый, а таксама росту асабістай зацікаўленасці вытворцаў тых фільмаў, якія маюць дзяржаўную падтрымку. Таксама папраўкі ў закон павінны стымуляваць узнікненне інстытута кінапрадзюсарства. Пра гэта паведамляе БелТА.

Як адзначыў міністр культуры, на сёння вытворцы карцін зазвычай не маюць асабістай зацікаўленасці ў камерцыйным поспеху свайго прадукту. Папраўкі ў Закон змогуць істотна адкарэкціраваць іх стаўленне: памеры бюджэтнага фінансавання кінавытворчасці не будуць перавышаць 70%, а астатнія сродкі вытворцы павінны знайсці самі. Выключэнне складзе тая кінапрадукцыя, якая мае асаблівую сацыяльную значнасць або не можа існаваць у рыначных умовах. Стопрацэнтнай дзяржпадтрымкай могуць быць забяспечаны нацыянальныя кінапраекты, дэбютныя стужкі, а таксама дзіцячыя, анімацыйныя і дакументальныя фільмы.

Працэс прыцягнення пазабюджэтных сродкаў у кінавытворчасць таксама мусіць быць спрошчаны. Кінавытворцы здолеюць атрымаць крэдыт на льготных умовах. Прадугледжаны і механізм вяртання прадзюсарскай рызыкі: вытворцы фільма з бюджэтам звыш 6 млрд. рублёў, якія не здолелі акупіць свае затраты, змогуць атрымаць кампенсацыю з бюджэту ў тым выпадку, калі іх стужку цягам трох гадоў паглядзела ў кінатэатрах не менш за 80 тысяч чалавек.

Юрыдычныя інавацыі рэгулююць таксама і механізм заключэння дагавораў сацыяльна-творчага заказу, якія будуць адбывацца выключна на конкурснай аснове. Мяркуецца, што магчымасць рэальнай канкурэнцыі створыць дадатковыя перадумовы для з'яўлення на рынку новых суб'ектаў кінавытворчасці, у тым ліку прыватных. Апошнія таксама здолеюць прэтэндаваць на атрыманне дзяржпадтрымкі для сваіх праектаў.

Як паведаміў Павел Латушка, у Міністэрстве культуры краіны быў распрацаваны праект Указа аб некаторых мерах стымулявання развіцця кінематаграфіі. У прыватнасці, там вызначаны прынцыпы пакрыцця прадзюсарскай рызыкі і ўмовы прадастаўлення льготных крэдытаў.

На пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў быў прыняты ў першым чытанні і яшчэ адзін законапраект, датычны сферы культуры: дакумент уносіць папраўкі ў Закон аб культуры. У прыватнасці, у ім з'явяцца паняцці "культурна-відовішчнае мерапрыемства" і "культурнае мерапрыемства". У новай рэдакцыі будзе выкладзены артыкул 43 Закону аб правядзенні культурна-відовішчных мерапрыемстваў, які будзе мець адсылачны характар, што дазволіць аператыўна праводзіць карэкціроўку заканадаўства ў сферы культуры з улікам практыкі прымянення і магчымасцей новых тэхналогій.

Таксама змяніліся і артыкулы Закону, датычныя дзейнасці прафесійных і аматарскіх калектываў, што не з'яўляюцца арганізацыямі культуры. Права прысуджаць ім ганаровыя званні будзе нададзена Ураду і Міністэрству культуры краіны. Яшчэ адна важная інавацыя тычыцца мастацкіх Саветаў. Паводле новых паправак, іх існаванне пры тэатральна-відовішчных арганізацыях ужо не будзе абавязковым.