“Менада” танчыць!

№ 20 (991) 14.05.2011 - 20.05.2011 г

З нагоды 10-годдзя Тэатра танца “Менада” ў Канцэртнай зале “Мінск” 20 мая адбудзецца музычна-харэаграфічнае шоу. На юбілейным канцэрце збяруцца ўдзельнікі танцавальных калектываў тэатра, якія атрымлівалі ўзнагароды на шматлікіх конкурсах, і госці свята, маладыя артысты і ансамблі сталіцы.

/i/content/pi/cult/322/5750/3-6.jpgДырэктар і харэограф-пастаноўшчык Тэатра танца Алеся Максіменкава адзначае:

- Найперш мы скіраваны на якасць танца, імкнёмся даць усім сваім выхаванцам - і падрыхтаваным, і звычайным аматарам - прафесійную адукацыю. Нашы педагогі - гэта трынаццаць чалавек - маюць выдатны досвед. А хутка харэографы дзіцячай школы Мікалай і Юлія Міхайлавы паедуць у Францыю - вывучаць асаблівасці "джаз-мадэрна", складанага накірунку танца, які ў нас пакуль не выкладаюць...

Па словах суразмоўцы "К", у тэатры існуюць канцэртныя калектывы, што ўдзельнічаюць у беларускіх і замежных фестывалях ды спаборніцтвах, дзіцячая школа і хобі-клас для ўсіх ахвотных.

Колькасць усіх удзельнікаў "Менады" дасягае 300 чалавек. Тут і трохгадовыя артысты, і людзі сярэдняга ўзросту, якія прыходзяць на заняткі пасля працы. Пра сур'ёзнасць падрыхтоўкі выхаванцаў тэатра сведчыць тое, што летась ён заняў ІІ месца на Чэмпіянаце свету па джазе ў Маскве і ІІ месца ў Рэспубліканскім аглядзе-конкурсе дзіцячай творчасці "Добры дзень, Свет!".