Падтрымка для тэатраў

№ 20 (991) 14.05.2011 - 20.05.2011 г

Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь зацверджаны План пастановак спектакляў па сацыяльна-творчым заказе на 2011 год.

Сёлета дзяржаўную фінансавую падтрымку атрымаюць прафесійныя тэатральныя калектывы, якія ажыццяўляюць пастаноўкі новых спектакляў па творах беларускай драматургіі. Гэта "Сымон-музыка" па аднайменнай паэме Якуба Коласа Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра, "Камедыя" па п'есе Мікалая Рудава Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра, "Хамуціус" па паэме Аркадзя Куляшова Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача.

Падтрымку дзяржавы атрымае таксама і тэатральны праект па п'есах маладых айчынных драматургаў пад рабочай назвай "Герой нашага часу" Сучаснага мастацкага тэатра, што ўжо ажыццявіў пастаноўку "Мінск, я люблю цябе!" пры фінансавай падтрымцы Мінкультуры.

Па словах мастацкага кіраўніка Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача Уладзіміра Савіцкага, які займаецца пастаноўкай "Хамуціуса", рэпетыцыі спектакля пачнуцца ўвосень, а прэм'ера чакаецца напрыканцы года.

- Дзяржаўная падтрымка тэатральных праектаў вельмі важная, - мяркуе Уладзімір Савіцкі, - і асабліва тых пастановак, што ствараюцца паводле класічнай, нацыянальнай літаратуры. А спектакль, які распавядае пра Кастуся Каліноўскага, асобу рамантычную і гераічную, будзе цікавы гледачу любога веку...

Пагадзіўся са словамі рэжысёра ў гутарцы з карэспандэнтам "К" і намеснік дырэктара Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра Аляксандр Габец. Ён лічыць, што спектакль "Сымон-музыка", над якім цяпер працуе заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, рэжысёр-пастаноўшчык Сяргей Курыленка, будзе абавязкова карыстацца попытам у гродзенцаў.

 

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"