“Траншы” супрацоўніцтва

№ 20 (991) 14.05.2011 - 20.05.2011 г

Яшчэ летась на сумеснай выстаўцы-продажы ў Кіеве кіраўніцтва Гомельшчыны і Чарнігаўшчыны распачало гаворку аб больш шчыльных стасунках двух рэгіёнаў-суседзяў.

 Першым "траншам" сістэмнага супрацоўніцтва, як распавядае "К" намеснік начальніка ўпраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама Вольга Антоненка, стала канцэртная праграма Чарнігаўскай філармоніі, што была зладжана ў Гомелі - у Дзень вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Канцэрт "у адказ" майстры мастацтваў Гомельшчыны арганізавалі сёлета і ў Чарнігаве, напярэдадні Дня Перамогі. Тады і было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж галоўным упраўленнем культуры, турызму і аховы культурнай спадчыны ўкраінскага рэгіёна і ўпраўленнем культуры Гомельскага аблвыканкама.

 Пагадненне разлічана на пяць гадоў. Як паведамляе Вольга Антоненка, ім прадугледжана стварэнне спрыяльных умоў для развіцця тэатральнага, музычнага мастацтваў, кінавытворчасці, музейнай, бібліятэчнай і клубнай справы, а таксама традыцыйных народных рамёстваў і самадзейнай творчасці.

 Шчыльныя кантакты будуць наладжвацца між установамі культуры, творчымі калектывамі, дзеячамі мастацтваў. Яшчэ адзін пункт пагаднення прадугледжвае правядзенне агульных штогадовых культурных акцый, рэалізацыю інавацыйных творчых праектаў.

Асобная гаворка - пра сумесную падрыхтоўку і перападрыхтоўку спецыялістаў культурнай сферы, пра абагульненне вопыту культурна-асветніцкай і дасугавай дзейнасці.