Форт V, або Крэпасць для Брэсцкай крэпасці

№ 19 (990) 07.05.2011 - 13.05.2011 г

Не так шмат фартыфікацыйных збудаванняў на тэрыторыі нашай краіны здолела вытрымаць усе ваенныя выпрабаванні ХХ ст. і пры гэтым захаваць сваё непаўторнае аблічча. Да такіх унікальных аб’ектаў нельга не аднесці і шэраг фартоў Брэсцкай крэпасці, і найперш так званы Форт V, які з 1995 года мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь.

/i/content/pi/cult/321/5741/14-2.jpg

 Земляныя валы і 17 казематаў

Як адзначыў дырэктар Мемарыяльнага комплексу "Брэсцкая крэпасць- герой", генерал-маёр Валерый Губарэнка, пры падтрымцы Міністэрства культуры і мясцовых органаў улады ў 1999 годзе форт, які доўгі час знаходзіўся ў занядбаным стане літаральна сярод поля, быў прыстасаваны пад музей. Дзякуючы супрацоўнікам Мемарыяльнага комплексу, гэты аб'ект адрамантавалі, паставілі на яго тэрыторыі артылерыйскае ўзбраенне. І, што самае галоўнае, сёння форт прапаноўвае шматлікім наведвальнікам цікавую экскурсійную праграму, непасрэдна звязаную з гісторыяй гэтага вайсковага збудавання, размешчанага ў паўднёвай частцы Брэста, прыкладна за чатыры кіламетры ад Цытадэлі.

Але што ўяўлялі з сябе фартыфікацыйныя пабудовы ХІХ ст. і якую ролю мусілі адыгрываць пад час ваенных дзеянняў? Даследчыкі мяркуюць, што гарнізон, які размяшчаўся ў форце, уключаў у сябе акрамя артылерыйскай абслугі яшчэ і пехацінцаў, налічваючы такім чынам прыкладна 250 - 300 чалавек. Усе гэтыя людзі маглі знаходзіцца ў межах форта неабмежаваны час - на яго тэрыторыі былі свае казармы, кухні, склады амуніцыі. Але самае галоўнае, кожны форт меў надзвычай магутныя ўмацаванні, дзякуючы чаму з'яўлялася рэальная магчымасць мінімізаваць чалавечыя страты.

 Як адзначаюць даследчыкі Аляксей Міцюкоў і Аляксандр Сувораў, Форт V быў закладзены ў пачатку 80-х гадоў XIX стагоддзя і ўзведзены ўсяго за некалькі гадоў. Збудаванне ўяўляла з сябе спалучэнне земляных валоў і сямнаццаць вялікіх казематаў. Цікава, што апошнія будаваліся з трывалай чырвонай цэглы - той самай, што і Брэсцкая крэпасць. Сцены форта мелі амаль метровую таўшчыню. Пры гэтым, зверху ўмацаванні дадаткова абараняліся тоўстым пластом грунту. Унутры казематаў, уладкаваных у валах, захоўваліся зброя і боепрыпасы, а ў казарме, вядома ж, размяшчаліся салдаты і афіцэры.

Цікава, што звонку Форт V здаваўся ўсяго толькі штучным узгоркам.

 Варта колькі слоў сказаць і пра тое, як "ваявалі" такія фарты. Калі разведка паведамляла пра набліжэнне непрыяцеля, гарнізон, як правіла, ужо знаходзіўся ў поўнай баявой гатоўнасці. Зброя загадзя выкочвалася з казематаў і ўздымалася на вал. Наверсе, на плоскіх пляцоўках, усталёўваліся крапасныя ці палявыя гарматы масай 1,5 - 3 тоны, звычайна побач па дзве адзінкі. Кожны форт, пабудаваны па такім жа праекце, меў так званы пярэдні капанір - галоўную артылерыйскую пазіцыю. Яна была арыентавана ў напрамку найбольш верагоднага нападу. Тут, у сярэдзіне капаніра, размяшчалася цэлая батарэя з 5- 6 гармат, што дапамагала весці эфектыўны залпавы агонь уздоўж навакольнага канала. З-за таго, што форт апрыёры мусіў стаяць на адкрытай мясцовасці, артылерыя пачынала агонь па арміі праціўніка задоўга да яго падыходу да ўмацавання, з адлегласці ў некалькі кіламетраў. Але калі ўсё ж непрыяцель дасягаў блізкіх межаў форта, з амбразуры пачыналі стральбу са зброі малога калібру і ў бой уступала пяхота, размешчаная на пярэднім нізкім вале.

 Невялікая крэпасць у чыстым полі

 Аднак вернемся да нашага аб'екта. Форт V узору 1888 года, пабудаваны капітанам інжынернага ўпраўлення Брэст-Літоўскай крэпасці Івановым, захаваўся толькі на чарцяжах. У пачатку XX стагоддзя аблічча форта зведала кардынальныя змены. Цягам 1908 - 1911 гадоў адбывалася істотная мадэрнізацыя ўмацавання, што праводзілася з улікам самых перадавых дасягненняў тагачаснай ваеннай думкі. У выніку былі заліты бетонам усе цагляныя пабудовы, якія існавалі раней, зменены профіль абводнага канала, пабудаваны лёхі, якія звязалі ўсе капаніры і паўкапаніры форта, а таксама ўзведзены шэраг іншых неабходных збудаванняў.

Даследчыкі мяркуюць, што ўсе гэтыя меры былі зусім не лішнімі: з павышэннем мабільнасці войскаў рызыка прарыву ў форт асобных груп захопу, дасланых непрыяцелем, сур'ёзна ўзрастала. А таму для аховы подступаў патрабавалася наяўнасць добра ўзброеных пяхотных падраздзяленняў. Вядома, змены закранулі і артылерыю форта. У прыватнасці, былі дадаткова ўсталяваны гарматы і гаўбіцы рознага калібру, прызначаныя для абстрэлу навакольнай тэрыторыі.

Нельга не адзначыць і ваеннага інжынера Івана Бялінскага, удзельніка рускаяпонскай, Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў, які кіраваў працай па мадэрнізацыі ўмацавання. Цікава, што ў царскай арміі Іван Бялінскі даслужыўся да звання палкоўніка, а ў 1943 годзе, у час Вялікай Айчыннай, яму было прысвоена званне генерал-маёра інжынерных войскаў Чырвонай Арміі.

Такім чынам, да 1914 г., калі пачалася Першая сусветная вайна, Форт V уяўляў з сябе жалезабетонную махіну, гатовую, на думку тагачасных ваенных спецыялістаў, вытрымаць самую жорсткую аблогу. Па сутнасці, мадэрнізаваны форт з'яўляўся невялікай са/i/content/pi/cult/321/5741/14-1.jpgмастойнай крэпасцю, з магутным узбраеннем і абарончай сістэмай у некалькі рубяжоў. Планавалася, што ў жніўні 1915 г. гэтая кампактная крэпасць будзе процістаяць варожай арміі, аднак Форт V, як і саму Брэсцкую крэпасць, тады пакінулі без бою.

 З 1920-га збудаванне выкарыстоўвалася пад склады польскімі ваеннымі, а з 1939 года, з прыходам у Заходнюю Беларусь Чырвонай Арміі, Форт V стаў месцам размяшчэння асобных ваенных частак. У чэрвені 1941-га тут дыслацыраваўся 3-і стралковы батальён 44-га стралковага палка, які ўваходзіў у склад 42-й стралковай дывізіі. Пад час наступлення нямецка-фашысцкіх захопнікаў чырвонаармейцы здолелі адбіць некалькі нападаў ворага.

Пасля вызвалення Брэста ваенная "служба" старых умацаванняў пэўны час працягвалася. Форт доўгія гады з'яўляўся тэрыторыяй адной з ваенных частак і выкарыстоўваўся ў якасці складоў.

Сёння ж гэта паўнавартасны музей, які прыцягвае турыстаў, асабліва- дзяцей, якіх, па словах дырэктара Мемарыяльнага комплексу "Брэсцкая крэпасць- герой", генерал-маёра Валерыя Губарэнкі, адтуль і за вушы не адцягнеш.

На здымках: Холмскія вароты; выстаўка тэхнікі часоў Вялікай Айчыннай на тэрыторыі Форта V.

 

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"