Нягледзячы на тое, што творчасць Змітрака Бядулі ўваходзіць у школьную праграму, менавіта гэты твор з'яўляецца адным з самых "невядомых" сярод напісанага аўтарам. А, між тым, "Пяюць начлежнікі" - першы абразок Бядулі, надрукаваны ў 1910 годзе. І менавіта вобраз такіх начлежнікаў - людзей, якія ходзяць па свеце і не маюць у жыцці анічога, акрамя ўласных мар, якімі і дзеляцца з такімі ж, як самі, першымі стрэчнымі, седзячы ноччу ля вогнішча, - прывабіў актрысу і кіраўніка тэатра "Зніч" Галіну Дзягілеву.
Яе акцёрскае выкананне - не проста тэатральная персаніфікацыя Бядулевых персанажаў, якія адзін за адным распавядаюць нам свае гісторыі. Перад намі- адна "касмічная душа", што нараджаецца ля вогнішча ды толькі тут і жыве (як тут было не ўзгадаць знакаміты маналог Ніны, напісаны для яе Канстанцінам Трэплевым, з чэхаўскай "Чайкі"). Ды і сама актрыса менш за ўсё нагадвае нам звыклую апавядальніцу. Гледзячы на Дзягілеву ў гэтым монаспектаклі, думаецца, хутчэй, пра язычніцка-шаманскую прыроду яе ўзаемастасункаў з персанажамі і самім тэкстам: вобразы адзін за адным паўстаюць не з абыгрывання гісторый-аповедаў, складзеных у сцэнічную нізку, а са своеасаблівага акцёрскага "камлання", якое "выклікае" іх з пазаматэрыяльных сусветаў.
Безумоўна, падобная выканальніцкая манера, афарбаваная моцным індывідуальна-асобасным падыходам да аўтарскай спадчыны, з'яўляецца далёка не лёгкім матэрыялам для глядацкага "спажывання". Найперш таму, што не заўсёды адпавядае спакойна-хрэстаматыйным стэрэатыпам, якія замацаваліся ў свядомасці адносна творчай спадчыны пісьменніка. Аднак, думаецца, акурат гэткае "скалананне" звыклых уяўленняў пра класікаў, магчыма, і справакуе глядацкую свядомасць да таго, каб зірнуць на багатую нацыянальную спадчыну іншым поглядам.
На здымку: Галіна Дзягілева ў спектаклі "Пяюць начлежнікі".
Фота Юрыя ІВАНОВА