З чыёй падачы традыцыя?

№ 19 (990) 07.05.2011 - 13.05.2011 г

Адна з пачынальнікаў “Славянскіх тэатральных сустрэч”, заслужаны дзеяч культуры Беларусі Валянціна РАГОЎСКАЯ, нягледзячы на тое, што ўжо некалькі гадоў як “здала” свой дырэктарскі пост у тэатры больш маладому кіраўніку, па-ранейшаму працуе ва ўстанове і знаходзіцца ў эпіцэнтры перадфестывальнай падрыхтоўкі.

/i/content/pi/cult/321/5734/pic_11.jpg- Валянціна Георгіеўна, як з пазіцый дня сённяшняга бачыцца вам пачатак новага дзесяцігоддзя вашага "дзецішча"?

- Што і казаць, фестываль раз ад разу змяняецца ў лепшы бок, набірае моцы, становіцца буйным творчым форумам. Як вы памятаеце, пачыналася ўсё з сяброўскага фэсту трох тэатраў: гомельскага, бранскага і чарнігаўскага. Сёння ж да нас у госці, акрамя нашай "тэатральнай тройцы", прыязджаюць цікавыя ды яркія тэатральныя калектывы і з іншых краін свету. Сёлета - з Малдовы і Германіі. І, канешне ж, па традыцыі, сваімі яркімі сцэнічнымі работамі радуюць гледачоў нашы вядучыя беларускія калектывы, гэтым разам - Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы і Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа. Мы па-ранейшаму прытрымліваемся ідэі прадстаўлення на сцэне пастановак паводле лепшых узораў славянскай драматургіі- менавіта таму пераважную большасць спектакляў, заяўленых у фестывальнай афішы, складаюць пастаноўкі па п'есах як класікаў, так і сучасных драматургаў, якія з'яўляюцца гонарам нашай славянскай культуры.

- Думаю, не памылюся, калі скажу, што акурат з вашай падачы "Славянскія тэатральныя сустрэчы" займелі традыцыю, згодна з якой кожны тэатр - удзельнік фестывалю атрымлівае "апекуна"-спонсара з ліку вядучых прадпрыемстваў і арганізацый Гомельшчыны...

- Так, гэта важная для нас традыцыя, якой, дарэчы, ганарымся не толькі мы, тэатралы, але і тыя прадпрыемствы і арганізацыі, што выступаюць у якасці спонсараў. Сёлета, па традыцыі, сярод тых, хто падтрымлівае "Славянскія тэатральныя сустрэчы", - Гомельскае аддзяленне Беларускай чыгункі, "Беларуснафта", Транснафтаправод "Дружба", Гомельскі гарвыканкам, адміністрацыі ўсіх раёнаў горада Гомеля, а таксама Гомельскі раён, абласны Савет прафсаюзаў і шэраг дзяржаўных прадпрыемстваў. Пагадзіцеся, такая пашана да тэатральнага мастацтва з боку нашых спонсараў сведчыць не ў апошнюю чаргу і пра тое, што Гомель - тэатральны горад.

- Відаць, нават нягледзячы на насычанасць бягучага года разнастайнымі культурнымі мерапрыемствамі ў Гомелі, білеты на спектаклі "Славянскіх тэатральных сустрэч" не залежваюцца?

- Якое там! Яны ўсе ўжо даўно раскуплены! Наш глядач любіць фестываль, і, мушу канстатаваць, што, параўноўваючы з самым пачаткам - 1993 годам, калі ён толькі стартаваў, глядач стаў больш патрабавальным да тых пастановак, якія прадстаўляюцца форумам у конкурснай праграме. І, адпаведна, сам тэатр у "міжфестывальны" перыяд таксама стаў больш патрабавальным да ўласнай рэпертуарнай афішы, што, канешне ж, не можа не радаваць. Фестываль абавязвае!