Марка форуму

№ 19 (990) 07.05.2011 - 13.05.2011 г

З начальнікам упраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама Дзмітрыем ЧУМАКОВЫМ надарылася кароткая магчымасць пагутарыць у перапынку нядаўняй калегіі Міністэрства культуры.

/i/content/pi/cult/321/5733/pic_10.jpg- Дзмітрый Аляксеевіч, у "вясёлцы" мерапрыемстваў, прысвечаных нададзенаму Гомелю статусу Культурнай сталіцы Беларусі 2011 года, якімі "колерамі" вылучаюцца "Славянскія тэатральныя сустрэчы"?

- У нас у вобласці традыцыйна высокая ўвага да гэтага фестывалю, бо ён - адна з тых "брэндаўтваральных" імпрэз, якія замацоўваюць імідж Гомельшчыны як рэгіёна з багатымі традыцыямі тэатральна-культурнага сяброўства. Ну, і той факт, што сам фестываль праходзіць раз на тры гады, безумоўна, "утрая" павялічвае ўвагу да яго. Сёлета мы спрабавалі пашырыць і аўдыторыю ўдзельнікаў форуму, і, адпаведна, яго фінансаванне. Ёсць грошы - ёсць і фестываль. Таму мы вышукваем і ўнутраныя рэзервы, і знешнія, для таго, каб "Славянскія тэатральныя сустрэчы" годна трымалі высокую марку міжнароднага творчага форуму.

 - Ведаю, што сёлета ў фестывалю ёсць кола спонсараў, якія з задавальненнем вызваліся падтрымаць "Славянскія тэатральныя сустрэчы"...

- Так, у дадзеным кірунку мы працуем разам з тэатрам. І праца гэтая стала для нас у пэўных пытаннях прасцейшай, дзякуючы Указу Прэзідэнта, які вызначае ўмовы спансіравання мерапрыемстваў культуры. Сёння ў ліку тых, хто аказвае дапамогу "Славянскім тэатральным сустрэчам",- парадку дзясятка разнастайных кампаній.

- Чаго вы як кіраўнік сферы культуры вобласці чакаеце ад "Славянскіх тэатральных сустрэч" для Гомельшчыны, горада і гараджан, а таксама для ўсіх прыхільнікаў сцэнічнага мастацтва?

- У першую чаргу - таго, што фестываль будзе цікавым для жыхароў і гасцей горада. Для нас гэта - галоўная задача. Мяркую, пра "Славянскія тэатральныя сустрэчы" будуць шмат гаварыць, пісаць, і абавязкова - са станоўчага боку. Бо ўсё, што мы арганізуем у горадзе (не толькі ў бягучым годзе, але і заўсёды), - ладзіцца, найперш, для людзей. І, я не сумняваюся, "Славянскія тэатральныя сустрэчы"- гэта той форум, які з годнасцю ўпішацца ў багаты і квяцісты вянок мерапрыемстваў ды імпрэз, што праходзяць і яшчэ пройдуць сёлета ў рамках акцыі "Гомель - Культурная сталіца Беларусі".

Фота Юрыя ІВАНОВА