Музычны ліст да ветэранаў

№ 19 (990) 07.05.2011 - 13.05.2011 г

Тое, што важна паспець

/i/content/pi/cult/321/5727/7-3.jpgВетэраны Вялікай Айчыннай атрымаюць да 9 мая эксклюзіўны музычны падарунак - кампакт-дыск "Дзень Святой Перамогі". На ім сабраны лепшыя песні ваенных і пасляваенных гадоў і некалькі сучасных, прысвечаных гэтаму святу. CD, выдадзены тыражом пяць тысяч асобнікаў, не паступіць у продаж, а будзе распаўсюджвацца мэтанакіравана - праз Саюз ветэранаў, каб падарунак знайшоў менавіта свайго адрасата.

- Калі я запісваў гэтыя песні,- расказаў аўтар праекта і выканаўца Рыгор Баразна, - дык спяваў іх быццам для сваіх дзядуляў. Іх ужо няма з намі, але абодва яны прайшлі ўсю вайну. Нават у выбары песень я арыентаваўся менавіта на іх густы, бо сабраў у альбом тыя, што чуў літаральна з дзяцінства з іх вуснаў: знакамітую "Кацюшу", задумліва-філасофскую "Эх, дарогі...", кранальную "Цёмную ноч", крыху жартоўную "Ехаў я з Берліна", цудоўны вальс "У лесе прыфрантавым" і многія іншыя. Дадаў да іх два творы беларускіх кампазітараў: "Майскі вальс" Ігара Лучанка на словы п а э т а франтавіка Міхаіла Ясеня і " Д з е н ь Святой Перамогі" Мікалая Сацуры на вершы Уладзіміра Карызны. На фоне гэтай класікі ХХ стагоддзя песня, што дала назву ўсяму дыску, зусім яшчэ новая, прэм'ерная, але паспела палюбіцца ўсім, хто яе пачуў.

Увогуле, гэты праект не ажыццявіўся б, каб не талент Мікалая Сацуры. Спяваць я пачаў даволі позна: у трыццаць. Чатыры гады займаўся ў Адама Мурзіча, які даў "пуцёўку" ў творчае жыццё многім прафесіяналам і аматарам. Прызнацца, вельмі хацелася здзейсніць гэты праект яшчэ год таму - да юбілею Перамогі. Але адна справа - спяваць для слухачоў, і зусім іншая - рабіць прафесійны запіс, годны для выдання. У гэтым і дапамог мне Мікалай Сацура: ён стварыў новыя аранжыроўкі ўсіх песень, якія адразу "ляглі" на маё выкананне. Гэта не рымейкі, не нейкае сучаснае пераасэнсаванне музычнага матэрыялу мінулых гадоў: песні пазнаюцца з першых гукаў і гучаць так, што тыя, хто слухаў гэтыя запісы, адразу пачыналі падпяваць, як гэта зрабілі б і мае дзяды.

- Вас назвалі Рыгорам таксама, пэўна, у гонар дзеда?

- Так, Рыгор Нікіфаравіч Баразна быў партызанскім камандзірам, меў два ордэны Баявога Чырвонага Сцяга, ордэн Кастрычніцкай Рэвалюцыі. Бабуля таксама партызаніла. Усё маё дзяцінства было напоўнена аповедамі пра вайну. Асабліва дзед любіў расказваць, як уцёк ад немцаў. Прыйшоў на явачную кватэру, а там была засада, і яго арыштавалі. Добра, што не пазналі (а за ягоную галаву была прызначана вялікая цана), скруцілі ды павялі ў камендатуру. Як увайшлі на мосцік, адзін з канваіраў стаў здымаць з яго гадзіннік. А дзед быў кемлівы, дый такі асілак! Скарыстаўшыся момантам, збіў таго, што на гадзіннік паквапіўся. Другі паліцай кінуўся дапамагчы першаму - збіў з ног і таго, скочыў у ваду і збег.

- А дзед па лініі маці?

- Аркадзь Міхайлавіч Казючыц быў куды менш гаваркі, але не менш гераічны: узганароджаны ордэнам Аляксандра Неўскага. Ён дайшоў да самога Берліна! Прычым "дайшоў" - у прамым сэнсе слова, бо служыў афіцэрам у пяхоце. А іншыя нашы сваякі... Яшчэ зусім маленькім я неяк запытаўся ў бацькоў: маўляў, чаму ў мяне няма стрыечных братоў ды сёстраў, як у іншых? І даведаўся, што амаль усіх нашых сваякоў па лініі бацькі фашысты спалілі жыўцом, як у Хатыні... На гэтым месцы ў вёсцы Брытанавічы Асіповіцкага раёна ўсталяваны помнік: яго фота я змясціў на вокладцы дыска. Зразумела, першымі атрымалі падарунак ветэраны гэтага рэгіёна. Яшчэ ў пачатку бягучага года іх было 161 чалавек, а цяпер засталося толькі 149... Таму так важна паспець зрабіць для іх нешта добрае, што ўзніме настрой, падорыць хвіліны радасці. Але што мы ні зрабілі б, гэтага будзе непараўнальна мала ў дачыненні да таго, што зрабілі яны: падарылі ўсім нам жыццё...  

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"