Як паведаміў "К" галоўны захавальнік фондаў галерэі Алег Курашоў, зала створана з выкарыстаннем новых тэхналогій у музейнай справе.
Адкрыццё залы ўваходзіць у План мерапрыемстваў святкавання Дня Перамогі. Гамяльчане і госці горада пабачаць не толькі новую залу з сучаснымі экспазіцыйнымі канструкцыямі, добрай сістэмай кандыцыянавання і рассеяным святлом, але і пабываюць на адкрыцці дзвюх выставак. Тут адбудзецца вернісаж карцін прафесійных мастакоў Гомеля, і пасля - твораў члена Беларускага саюза дызайнераў Людмілы Жыжэнка. Яна прадставіць палотны, напісаныя пры дапамозе незвычайнага матэрыялу - нафты.
Акрамя залы для выставак, распачне працу і Мастацкі салон галерэі, дзе аматары жывапісу змогуць набыць карціны гомельскіх творцаў, а таксама - крама з таварамі для мастакоў і народных умельцаў.