Сённяшняя ідэя, “пралангіраваная” ў заўтра

№ 19 (990) 07.05.2011 - 13.05.2011 г

Праектная дзейнасць: пагнацца за “двума зайцамі”, каб злавіць усіх трох

adm:

Добры дзень, шаноўныя ўдзельнікі канферэнцыі! Чакаем самай зацікаўленай гутаркі аб праектных тэхналогіях. Пытанне да начальніка аддзела культуры Смаргонскага райвыканкама Таццяны Ражавай: як узнік праект аднаўлення сядзібы Агінскага ў Залессі з прыцягненнем замежных інвестыцый? У прынцыпе, аналагічнае пытанне - і для Дзмітрыя Козака, што ўзначальвае Музейны комплекс Напалеона Орды. Цікава даведацца ва ўсіх: якім крэатывам можаце пахваліцца? Чым творчы праект адрозніваецца ад культурна-масавага мерапрыемства? Якія праблемы ён дапамагае вырашаць?

smargon:

 Добры дзень, паважаныя ўдзельнікі канферэнцыі, і дзякуй за запрашэнне да размовы... Цягам доўгага часу на Смаргоншчыне выпрацоўваліся самыя розныя падыходы да аднаўлення сядзібы Міхала Клеафаса Агінскага. Сядзіба была перададзена ў раённую камунальную ўласнасць напрыканцы 2009 года. Папярэдні ўласнік (Дзяржаўны музей гісторыі музычнай і тэатральнай культуры) пры падтрымцы Міністэрства культуры і Нацыянальнай камісіі па справах UNESCO правёў карэкціроўку будаўнічага праекта на рэканструкцыю і рэстаўрацыю палаца Агінскага. Таму пасля яго перадачы Смаргонскі райвыканкам адразу пачаў дзейнічаць па некалькіх накірунках, але з адной мэтай: прыцягнуць сродкі на выкананне будаўнічых і рэстаўрацыйных работ. Была пададзена заяўка на ўключэнне аб'екта ў Дзяржаўную інвестыцыйную праграму на 2011 год. Адначасова пачаліся пошукі літоўскіх партнёраў для падачы сумеснай заяўкі ў Праграму трансгранічнага супрацоўніцтва "Латвія - Літва - Беларусь".

adm:

Некалькі слоў пра ваш грамадскі дабрачынны фонд.

smargon:

Так, грамадскасць таксама не засталася ўбаку, і сумесна са Смаргонскім гісторыка-краязнаўчым музеем, Маладзечанскім музычным вучылішчам, Мінскім сталічным саюзам прадпрымальнікаў стварыла мясцовы дабрачынны фонд "Паўночныя Афіны". Адна з асноўных задач гэтага фонду - садзейнічанне аднаўленню знакамітай сядзібы... Так, мы пагналіся за трыма зайцамі і ў выніку злавілі ўсіх трох. Згаданы аб'ект уключаны ў Дзяржаўную інвестыцыйную праграму, і амаль праз тыдзень у Залессі распачнуцца будаўнічыя работы.

аdm:

Стасункі з замежнымі партнёрамі па сумесных творчых дзеяннях вымагаюць нейкіх надзвычайных высілкаў?

smargon:

Абсалютна не. Я лічу, што нам вельмі пашанцавала з нашымі літоўскімі партнёрамі, якія не толькі маюць багаты вопыт праектнай дзейнасці, але і вельмі прафесійна ставяцца да пытанняў аднаўлення гістарычнай спадчыны. Гэта дырэкцыя Нацыянальнага гістарычнага парку ў Тракаі, якая займаецца аднаўленнем сядзібы Юрыя Тышкевіча ва Ужутракісе. Менавіта пасля сустрэчы з літоўскімі калегамі і ўзнікла ідэя стварэння праекта "Выкарыстанне гістарычных сядзіб і іх адаптацыя да сучасных культурных умоў". Згодна з ім, прадугледжана аднаўленне канцэртных залаў у сядзібах Тышкевіча і Агінскага. Натуральна, залы будуць належным чынам абсталёўвацца, мяркуецца правесці і шэраг іншых мерапрыемстваў. Праект адобраны для фінансавання Еўрапейскай камісіяй і цяпер праходзіць працэс узгаднення на нацыянальным узроўні - адпаведна заканадаўству Рэспублікі Беларусь.

 ivanava:

Шчыра вітаю ўсіх удзельнікаў канферэнцыі! Ужо больш за 40 гадоў вядуцца работы па музеефікацыі родных мясцін Напалеона Орды. Над гэтай ідэяй даўно задумвалася творчая інтэлігенцыя Іванаўшчыны, якую ў 1970-я актывізавала тагачасны дырэктар раённай бібліятэкі Надзея Раманюк. З яе падачы пачаўся дваццацігадовы збор матэрыялаў пра жыццё нашага славутага земляка. Калі іх набралася дастатковая колькасць, у раённай бібліятэцы адкрыўся пакой Орды. І ўжо напрыканцы 1980-х само па сабе паўстала пытанне пра стварэнне музея, прысвечанага нашаму земляку. Ідэя была падтрымана колішнім начальнікам упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама Віталём Клімчуком, начальнікам аддзела культуры Іванаўскага райвыканкама Уладзімірам Шэляговічам, а таксама мясцовымі органамі ўлады. На пачатку 90-х у вёсцы Варацэвічы закрылі мясцовую сярэднюю школу, я яе будынкі былі аддадзены аддзелу культуры для стварэння музейнага комплексу. І вось ужо каля пятнаццаці гадоў на гэтым аб'екце вядуцца работы...

adm:

 Таццяна Мар'янаўна, якая сума выдаткавана на работы і што канкрэтна мяркуецца зрабіць у Залессі?

smargon:

 Беларуская частка бюджэту праекта складае ў эквіваленце 237 000 еўра і прадугледжвае рэканструкцыю і рэстаўрацыю тэатральна-канцэртнай залы ў сядзібе Агінскага, абсталяванне яе мэбляй, а таксама набыццё музычнага інструмента і правядзенне пасля заканчэння работ канцэрта "Фартэпіянная музыка Міхала Клеафаса Агінскага", шэрагу семінараў на тэму "Мясцовая культурная спадчына і яе выкарыстанне ў развіцці турыстычных працэсаў".

adm:

 Дзмітрый Мікалаевіч, а ці былі праблемы з пошукам інвестараў для актывізацыі работ у Варацэвічах?

ivanava:

Былі, ёсць і будуць, на жаль. Пошук грошай, неабходных для стварэння новых музейных устаноў, - заўжды вялікая праблема. Прыватныя інвестары, збольшага, не жадаюць укладаць грошы ў музейную справу, таму мы, маючы на ўвазе Варацэвічы, разлічвалі найперш на дзяржаўную падтрымку. Брэсцкі аблвыканкам, мясцовыя ўлады, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, натуральна, пайшлі насустрач. Дзякуючы гэтаму мы знаходзім сродкі для працягу работ па стварэнні музейнага комплексу. На маю думку, арганізацыя тых жа апякунскіх саветаў патрабуе значнага часу. Мы пакуль аддаём перавагу непасрэдным кантактам з тымі, хто можа нас фінансава падтрымаць і практычна ніколі нам у гэтым не адмаўляе.

 adm:

У чым перспектывы далейшага трансгранічнага супрацоўніцтва?

 smargon:

 Перспектывы, лічу,- самыя абнадзейваючыя. У нашых замежных партнёраў ёсць зацікаўленасць у распрацоўцы сумеснага праекта па аднаўленні сядзібных паркаў. Пры палацы Агінскага ёсць, як вядома, вельмі прыгожы і цікавы парк, рэканструкцыя якога павінна стаць наступным этапам сядзібных змен для стварэння тут турыстычнага комплексу. Акрамя таго, ёсць іншыя сумесныя інтарэсы, якія могуць стаць грунтам для "вышуку" праектных ідэй. Напрыклад, Смаргонскі райвыканкам выступіў партнёрам у праекце, звязаным са стварэннем турыстычнай інфраструктуры па берагах Віліі для арганізацыі водных падарожжаў з Літвы ў Беларусь. Асноўнай ідэяй гэтага праекта стала арганізацыя вандроўкі па колішнім шляху Канстанціна Тышкевіча, які апісаны ў яго краязнаўчай манаграфіі "Вілія і яе берагі" ў 1871 годзе. Я проста ўпэўнена, што падобныя агульныя тэмы можна знайсці ў кожным рэгіёне... Любы праект, на мой погляд, павінен быць маштабным і арыгінальным.

adm:

 Пытанне цяпер - да Святланы Бухель. Ваш метадычны цэнтр - не толькі акумулятар, але і генератар творчых ідэй ды праектаў. Якія праблемы, на ваш погляд, існуюць з іх рэалізацыяй? Але спачатку, калі ласка,- пра сутнасць праектнай тэхналогіі.

magiliou:

Вітаю ўдзельнікаў канферэнцыі! Найперш хачу зазначыць, што любы метадычны цэнтр павінен прагназаваць, праектаваць і мадэляваць сацыякультурную дзейнасць у рэгіёне. А спецыфіка сучаснага этапа заключаецца ў тым, што яна развіваецца пераважна на грунце праектных і інфармацыйна-тэхналагічных падыходаў. Cацыякультурнае праектаванне - гэта канструктыўная, творчая дзейнасць, сутнасць якой заключаецца ў аналізе праблем і выяўленні іх прычын, распрацоўцы шляхоў дасягнення пастаўленай мэты... Інакш кажучы, калі праект добра прадуманы, узяты не "са столі", а прадыктаваны жыццёвымі рэаліямі, цікавы для выканаўцаў, патэнцыйных удзельнікаў, дык асаблівых праблем з яго ажыццяўленнем няма. Ва ўсе часы любыя праекты, планы, ідэі, задумкі рэалізоўваліся і будуць рэалізоўвацца ва ўмовах абмежаваных рэсурсаў. Але ў нашай сферы галоўны рэсурс- творчы. І пры аптымальна-вывераным падыходзе, правільнай пастаноўцы мэты і фармулёўцы задач можна дабіцца неблагіх вынікаў. На Магілёўшчыне, да прыкладу, рэалізацыя буйнамаштабных праектаў вядзецца творчымі сіламі ўсіх рэгіёнаў і з'яўляецца своеасаблівай творчай майстэрняй для павышэння прафесійнага майстэрства і абмену інавацыйным вопытам.

 adm:

І ў чым канкрэтныя вынікі такой дзейнасці?

magiliou:

Цікавым быў праект "Клубныя ўстановы ў люстэрку прэсы". 2008-ы быў абвешчаны ў вобласці Годам рамёстваў для актывізацыі дзейнасці дамоў, цэнтраў і школ рамёстваў. З 2010га наш метадцэнтр разам з тэлерадыёкампаніяй "Магілёў" рэалізоўвае праект "Святы, традыцыі і абрады Магілёўшчыны": падрыхтавана ўжо 20 фільмаў для перадачы "Радавод- Тэрагісторыка".

 adm:

Што, на ваш погляд, трэба зрабіць, каб у межах рэгіянальных аддзелаў культуры развіваліся праектныя тэхналогіі?

smargon:

 Асноўная цяжкасць тут, думаецца, звязана з адсутнасцю вопыту і недахопам часу. У нас, у адрозненне ад краін Еўрасаюза, дзе пры органах самакіравання вызначаны штатныя спецыялісты, такіх дасведчаных работнікаў пакуль проста няма, і праектную дзейнасць даводзіцца спалучаць з асноўнай. У працы над праектамі ёсць свае "правілы гульні", якія даводзіцца вывучаць паступова, крок за крокам.

magiliou:

Як падаецца, асноўная праблема тут у тым, што пры складанні любога праекта "яго трэба думаць", інакш кажучы - быць здольным бачыць перспектыву, умець пралангіраваць вынік і зрабіць яго рэальным.

adm:

З гэтай нагоды, як стымулюеце стварэнне аўтарскіх праектаў у раённых аддзелах культуры? Які рэгіянальны праект лічыце найбольш запамінальным?

 magiliou:

 Распрацоўку і рэалізацыю аўтарскіх праектаў у раёнах стымулюем, галоўным чынам, з дапамогай конкурсаў. Ды і самі раёны зацікаўлены ў тым, каб знайсці "разыначку", якая зможа і сацыякультурную дзейнасць актывізаваць, і стаць рэгіянальным брэндам. Такія творчыя праекты рэалізуюцца ў Бялыніцкім раёне. Да прыкладу, гэта - этнапраект па рэканструкцыі, папулярызацыі і выкарыстанні ў клубнай дзейнасці беларускага ручніка. Работнікі мясцовых устаноў культуры сабралі ў вёсках раёна больш за сто ручнікоў (самому "старажытнаму" - 100 гадоў). Кожны - даследаваны, сфатаграфаваны, занесены ў электронную базу даных, распрацаваную абласным цэнтрам. Былі арганізаваны выстаўкі, праведзены майстар-класы па ткацтве і вышыўцы, выдадзены буклеты. Адкрылі дзіцячы гурток па ткацтве ў Навасельскім СДК. У Ланькоўскім сельскім цэнтры культуры стварылі міні-музей, дзе сабрана звыш 20 узораў мясцовых ручнікоў. У нядаўна адкрытым Доме рамёстваў засвойваюць вышыўку. І ўжо сёлета Бялыніцкі раённы арганізацыйнаметадычны цэнтр сумесна з райгазетай і музеем рэалізуе прэс-праект "Вышывае маці дзіцятку долю...". У Горацкім раёне, што славіцца аўтарскай творчасцю, ажыццяўляецца праект па развіцці аматарскага мастацтва і супрацоўніцтве з самадзейнымі паэтамі ды кампазітарамі. У выніку папаўняецца рэпертуар мастацкіх калектываў. На Мсціслаўшчыне, дзе мноства помнікаў гісторыі, культуры і рэлігіі, распрацаваны праект па развіцці культурнапазнаваўчага турызму.

adm:

 Ці ёсць у вашага аддзела культуры, так бы мовіць, раённыя спонсары?

 smargon:

 Пастаянных спонсараў у нас няма, але розныя арганізацыі раёна аказваюць нам пэўную падтрымку ў вырашэнні набалелых пытанняў.

 lepel: 

Усіх вітаю! Актыўных жадаючых сярод насельніцтва раёна, грамадскіх і вытворчых арганізацый стаць членамі апякунскага савета, на жаль, няма. А вось сталымі спонсарамі-інвестарамі пры правядзенні культурна-дасугавых мерапрыемстваў заўжды з'яўляюцца нашы вядучыя прадпрыемствы: малочна-кансервавы камбінат, хлебазавод, электрамеханічны завод.

 mazyr:

Вітаем усіх удзельнікаў канферэнцыі! Пад час сённяшняй гутаркі ўжо казалася пра тое, што любая ўстанова культуры павінна падтрымліваць з патэнцыйнымі партнёрамі пастаянныя стасункі. Мы прытрымліваемся аналагічнай тактыкі. Мазырская вопытная лясная гаспадарка ў свой час дапамагла з наладжваннем экспазіцыі пад адкрытым небам "Дзівосы лесу". Але гады мінаюць... Цяпер мяркуем выкарыстаць спонсарскія грошы пад рэканструкцыю згаданай экспазіцыі. Плануем пабудаваць паветкі, уладкаваць каскадны вадаспад і возера... Кандыдаты ў спонсары, натуральна, ёсць, але называць іх, каб не сурочыць, пакуль не буду.

adm:

Калі Лепель закрануў пытанне аб стварэнні менавіта ў раёнах апякунскіх саветаў па "здабычы" спонсарскіх грошай на ажыццяўленне творчых праектаў, наколькі актуальнае яно?

smargon:

Я не думаю, што такі апякунскі савет непасрэдна нам неабходны менавіта сёння. Кожны праект, у залежнасці ад сферы яго рэалізацыі, мае сваю спецыфіку. На мой погляд, больш эфектыўна было б стварыць пры ўпраўленнях эканомікі райвыканкамаў сектар па інвестыцыйнай дзейнасці, дзе могуць быць два спецыялісты (да прыкладу, менеджар і эканаміст), якія павінны валодаць адпаведнай нарматыўнай базай і ажыццяўляць метадычную, кансультацыйную дапамогу па распрацоўцы і рэалізацыі самых разнастайных сацыяльна-культурных праектаў.

 adm:

Што б вы параілі сваім калегам, якія толькі засвойваюць праектную дзейнасць?

smargon:

Нягледзячы на ўсе цяжкасці праектнай дзейнасці, я лічу яе выключна перспектыўнай, бо яна дае магчымасць не толькі прыцягнуць у культуру пазабюджэтныя сродкі, але і пазнаёміцца з цікавым замежным вопытам па вырашэнні праблем у сферы культуры . Рэалізацыя праекта - гэта працэс, у выніку якога мы набываем не толькі матэрыяльныя сродкі, але і новы вопыт, новых сяброў і, разам з тым, прапагандуем беларускую культуру ў Еўропе... Так што жадаю калегам смеласці, веры ў свае творчыя сілы і важкіх поспехаў!

niasviz:

 На сувязі - Нясвіж! Цяжкасці, канешне ж, чакаюць, але ўсё гэта, паверце, не звязана з нейкімі глабальнымі праблемамі. Калі мы ставім за мэту стварыць экспазіцыю, гэтаму працэсу папярэднічае дакладны спланаваны падрыхтоўчы этап. Што да фінансаў, дык тут на дапамогу павінны прыйсці мясцовыя ўлады. Наш Нясвіжскі райвыканкам, да прыкладу, заўжды з разуменнем ставіцца да нашага клопату. Але дбайны гаспадар, як вядома, заўсёды эканоміць грошы, таму шмат чаго будзе зроблена менавіта сіламі музейшчыкаў.

adm:

Вернемся да праблем Іванаўшчыны. На якой стадыі знаходзяцца работы ў Варацэвічах?

 ivanava:

На сёння раённы музейны комплекс мае два ўведзеныя ў эксплуатацыю аб'екты: гэта карцінная галерэя Напалеона Орды і кацельня. Распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя па аб'ектах "Музей Н.Орды" і "Узнаўленне родавага маёнтка Н.Орды ва ўрочышчы Чырвоны Двор". Ужо ўзноўлены падмурак і склеп у маёнтку, доўжыцца рэканструкцыя былой спартзалы Варацэвіцкай СШ пад музей. Работнікі нашага комплексу вядуць актыўны пошук музейных прадметаў, неабходных для напаўнення экспазіцыйных плошчаў будучых музейных аб'ектаў. Дзякуючы супрацоўніцтву з Міністэрствам замежных спраў удалося знайсці нашчадкаў Орды, якія жывуць у Францыі. Яны і перадалі архіў сям'і. Гэтыя ўнікальныя дакументы дапамогуць на больш высокім, якасным узроўні аформіць будучыя экспазіцыйныя залы новых аб'ектаў музейнага комплексу... Словам, наш праект - доўгатэрміновы. Да 2015 года плануем адкрыць музей і ўзнавіць родавы маёнтак Орды ў Чырвоным Двары. Потым на тэрыторыі комплексу з'явяцца гасцініца, мастацкая школа, кавярня, пачнём узнаўляць гаспадарчыя пабудовы ў родавым маёнтку Ордаў...

 adm:

Дзмітрый Мікалаевіч, ці бачыце вашу ўстанову ў перспектыве самаакупнай? За кошт чаго? Ваша стаўленне да пазабюджэтнай дзейнасці?

 ivanava:

Вельмі цяжка меркаваць аб самаакупнасці новага аб'екта культуры ў працэсе ягонага будаўніцтва, але калі ўсё, што задумалі, будзе рэалізавана, мы павінны выйсці на самаакупнасць. Што да пазабюджэтнай дзейнасці, дык, на наш погляд, яна павінна развівацца і ў пэўнай ступені дапамагаць у вырашэнні пэўных фінансавых праблем. Але нельга меркаваць аб працы той або іншай установы культуры, зыходзячы толькі з фінансавых паказчыкаў. Вельмі часта з-за такога падыходу церпіць асноўная работа музейных устаноў, бо іх супрацоўнікі змушаны шукаць усялякія спосабы, каб найперш "закрыць" план па аказанні платных паслуг.

 niasviz:

Мы план па аказанні платных паслуг штогод выконваем. Але шмат заробленых пазабюджэтных сродкаў выкарыстоўваецца на аплату падаткаў, кампенсацыю камунальных паслуг і г. д. А хацелася б, каб нашы грошы ішлі на ўмацаванне матэрыяльнай базы і прэміраванне работнікаў.

lepel:

Лічу, што ўстановы культуры абавязкова павінны зарабляць грошы, бо ўласныя сродкі дазваляюць вырашаць некаторыя пытанні па ўдасканаленні матэрыяльна-тэхнічнай базы, у тым ліку, безумоўна, і фінансаваць ажыццяўленне творчых праектаў. І вельмі добра, што са студзеня бягучага года адменены падатак на паслугі ў сферы культуры, а з 1 ліпеня скасуецца скасаваць падатак на прыбытак і падатак на дабаўленую вартасць. Застаецца вырашыць пытанне аб адмене кампенсацыі выдаткаў на камунальныя паслугі. А затраты на гэтыя мэты па нашых установах складаюць ад 7 да 42 працэнтаў. Зарабляць грошы складана, бо платныя мерапрыемствы павінны быць незвычайнымі, цікавымі. Таму трэба працаваць напружана, шукаць новыя падыходы да іх правядзення, умець іх годна рэкламаваць. І работнікі культуры нашага раёна імкнуцца працаваць менавіта так.

adm:

Як збіраецеся рухацца далей? Якія з праектаў намецілі на перспектыву?

 ivanava:

 У іванаўцаў - шмат задумак, якія, спадзяёмся, павінны ажыццявіцца ў бліжэйшы час: стварэнне Музея народнай медыцыны, Дома-музея першага Прэзідэнта Ізраіля Хайма Вейцмана ў вёсцы Моталь. Праблемы пры ажыццяўленні гэтых адмысловых праектаў, як я ўжо казаў, былі, ёсць і будуць, але мы іх вырашаем па меры з'яўлення.

adm:

 Дзмітрый Мікалаевіч, вы адзначылі вышэй, што прыватныя інвестары не жадаюць укладаць грошы ў музейныя ўстановы. У чым бачыце найпершую прычыну? Ці паспрыяюць актыўнасці прыватнікаў падатковыя льготы, акрэсленыя нядаўнім Указам Прэзідэнта краіны?

ivanava:

 Прычына ў тым, што прыватны інвестар жадае заўжды мець вялікі і стабільны прыбытак. Укладанне грошай у музейную справу часцей за ўсё не гарантуе хуткай аддачы ад інвестыцый. Між тым, дзяржаўныя спонсары ў межах раёна ёсць. Праўда, гэта не надта буйныя арганізацыі і прадпрыемствы. Але пры неабходнасці мы звяртаемся да кіраўніцтва рэгіёна. Да слова, каля 90 працэнтаў экспанатаў нашай карціннай галерэі былі нам ці падораны, ці набыты менавіта за спонсарскія сродкі.

 magiliou:

 Я цалкам згодная з калегамі. Перш за ўсё, на месцах павінны працаваць ініцыятыўныя, творчыя і дасведчаныя спецыялісты, здольныя ўспрымаць новую інфармацыю і дзейнічаць не стандартна, па-новаму. Справа тут вось яшчэ ў чым: перспектыўны патэнцыял любога праекта- гэта заўжды выхад за рамкі традыцыйнага мыслення, за межы ведамасных бар'ераў, састарэлай схемы і традыцыйнага вопыту. І звыклая формула "а мы так працавалі заўжды" цяпер проста не спрацоўвае.

adm:

Выніковае ўзаемадзеянне па пэўных пазіцыях, падаецца, ёсць. Чаму ж, на ваш погляд, амаль усе раённыя краязнаўчыя музеі падобныя адзін да аднаго? Ці толькі з-за недахопу музейных крэатыўшчыкаў?

ivanava:

 Гэта звязана з тым, што ва ўсіх раённых музеяў адны і тыя ж праблемы.

adm:

Тады натуральнае пытанне да кіраўніцтва Нясвіжскага краязнаўчага музея. Інеса Станіславаўна, як збіраецеся канкурыраваць з Нацыянальным гісторыка-культурным музеемзапаведнікам "Нясвіж"? Падаецца, пытанне - больш чым актуальнае, бо без праектных тэхналогій тут дакладна не абысціся...

niasviz:

Так, праблемы ў раённых музеяў збольшага падобныя, як сказаў калега з Іванаўскага раёна, але вырашаюцца яны, я проста ўпэўнена ў гэтым, абсалютна па-рознаму. Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік "Нясвіж" займаецца гісторыяй роду Радзівілаў. Таму, каб не "перагуквацца", не дубліраваць дзейнасць гэтай установы і заняць сваё сталае месца ў прэзентацыі музейных збораў, мы пайшлі адрозным шляхам. Галоўным напрамкам экспазіцыйнай дзейнасці нашай установы абраны адраджэнне народных рамёстваў і промыслаў, абуджэнне цікавасці сучаснага насельніцтва горада і раёна, а таксама турыстаў да традыцыйнай культуры. Гэта адпавядае і краязнаўчаму профілю ўстановы.

adm:

 Праект для вас - справа звыклая?

 niasviz:

Прынамсі, не абсалютна новая. Сістэмна займ/i/content/pi/cult/321/5720/5-1.jpgаемся распрацоўкай адукацыйных музейных праграм, навукова-даследчай і выдавецкай дзейнасцю. Пастаянна ствараем новыя стацыянарныя экспазіцыі залаў або вядзём іх рээкспазіцыю.

 adm:

Вы кажаце збольшага пра выставачныя праекты, а ці ёсць у вас задумкі, скажам, наконт праектаў анімацйных? Маем на ўвазе тэатралізацыі, інтэрактыўныя дзеі, экскурсійную дзейнасць без канкурэнцыі з замкавымі музейшчыкамі...

 niasviz:

У перспектыве - пашырэнне інтэрактыўных экскурсій на базе ганчарнай майстэрні (на дадзены момант робяцца першыя крокі ў гэтым кірунку), наладжванне тэатралізаванага свята "Вяселле ў музеі"...

 adm:

Ці ёсць у метадычнай "скарбонцы" рэалізаваныя творчыя праекты, што запатрабавалі мінімум укладанняў, а прынеслі неблагі грашовы прыбытак?

magiliou:

Цяпер кожны ведае, што за культурныя паслугі трэба плаціць. Вельмі часта "прыбытак" гэты мае толькі духоўны складнік, а фінансавы бок застаецца апасродкаваным. Так, упраўленне культуры Магілёўскага аблвыканкама чатыры гады таму ўклала немалыя сродкі ў набыццё аўтаклубаў, кінаперасовак, аўтабібліятэк, і сёння практычна ўсе населеныя пункты ў раёнах Магілёўшчыны абслугоўваюцца мабільнымі ўстановамі культуры. І гэта вельмі значна павялічыла прэстыж аддзелаў.

adm: /i/content/pi/cult/321/5720/5-2.jpg

Дарэчы, ці ёсць у вашай установе структура, што наўпрост адказвае за пошук рэсурсаў для рэалізацыі творчых праектаў?

magiliou:

 Не, такой структуры пакуль няма. Як правіла, пры распрацоўцы любога праекта ўжо закладваюцца ідэі і прайграюцца варыянты магчымага супрацоўніцтва, вызначаецца кола магчымых партнёраў. Гэтыя нюансы абгаворваюцца загадзя пры дзелавых ці прыватных сустрэчах. Вялікае значэнне мае вопыт папярэдняга супрацоўніцтва з тымі або іншымі структурамі і асобамі.

mazyr:

Звяртаемся да калегі з Магілёўскага метадцэнтра: раскажыце, калі ласка, аб стварэнні ў раёнах Магілёўшчыны апякунскіх саветаў па прыцягненні прыватнага бізнесу да партнёрства ў ажыццяўленні творчых ідэй.

magiliou:

Такая работа толькі пачынаецца. Да прыкладу, арганізацыйны камітэт Міжнароднага фестывалю дзіцячай творчасці "Залатая пчолка" стварае цяпер апякунскі савет для прыцягнення дадатковых рэсурсаў. Спадзяёмся, што гэты вопыт акажацца станоўчым і знойдзе прымяненне ў іншых раёнах вобласці.

adm:

Які ўласны рэалізаваны праект лічыце самым яркім? Раскажыце, калі ласка, пра яго больш падрабязна.

niasviz:

 Усе праекты - выключна розныя і літаральна ўсе праз душу прайшлі. Калі ж канкрэтызаваць, дык можна вылучыць экспазіцыю "Гандаль і рамёствы Нясвіжчыны", створаную ў ліпені 2008-га да святкавання 780-годдзя Нясвіжа. Наш горад аж з XVI стагоддзя быў буйным цэнтрам кірмашовага руху не толькі ВКЛ, але і ўсёй Еўропы. Таму вырашылі стварыць экспазіцыю, якая давала б уяўленне пра развіццё рамёстваў і гандлю Нясвіжчыны канца ХІХ - 30-х гадоў мінулага стагоддзя. Так, у Нясвіжы ўжо існуе музейны сектар "Ратуша", які ўваходзіць у склад Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Але наш падыход паказу істотна адрозніваецца ад канцэпцыі музея-запаведніка. У нашай экспазіцыі гарадская ратуша з гандлёвымі радамі разглядаецца з пункта гледжання не адміністратыўнай, а гандлёвай функцыі, і адлюстроўвае рысы гарадскога жыцця таго часу. Зала нагадвае Ратушную плошчу акрэсленага часу, калі Нясвіжчына ўваходзіла спачатку ў склад Расійскай імперыі, а потым Польшчы. Экспазіцыя падрыхтавана на падставе архіўных матэрыялаў. У ёй вылучаюцца чатыры тэмы: "Ратушная плошча", "Майстэрня шаўца", "Сэльтэрская будка", "Гандлёвыя рады".

adm:

 У працяг тэмы звяртаемся да Тамары Гарчанінай з Мазыра. Адным з узорных праектаў (па мінімуме грашовых укладанняў і максімуме маральнай аддачы) можна лічыць вашу колішнюю акцыю "Забіць дракона". З навакольных вёсак пэўны час збіраліся поліэтыленавыя бутэлькі, з якіх дзеці зрабілі імправізаванага дракона і ўтылізавалі яго на гарадскім сметніку (грошы спатрэбіліся толькі для таго, каб замовіць грузавік)... Дык вось, пытанне: у чым асноўныя накірункі дзейнасці ўнікальнай установы, якая яшчэ сем гадоў таму была адзінай такога тыпу ў Беларусі? І з дапамогай якіх канкрэтных тэхналогій па гэтых накірунках рухаецеся?

 mazyr:

Установа сапраўды ўнікальная. Дарэчы, знаходзіцца яна ў аграгарадку "Козенкі". Плошча будынка - 816 квадратных метраў: гэта два холы, чатыры кабінеты, відэасалон, сем залаў для наладжвання выставак і экспазіцый. Ёсць яшчэ ўнутраны дворык, дзе можна пабачыць экспазіцыю пад адкрытым небам. А кірункі - наступныя: музейная і выставачная работа па захаванні эколага-культурнай спадчыны, экалагічнае выхаванне, фарміраванне навыкаў здаровага ладу жыцця, арганізацыя адпачынку. За кожным кірунк а м - асобныя сацыякультурныя праекты. Пастаянна абнаўляем экспазіцыі і выстаўкі за кошт укаранення новых форм супрацоўніцтва з дзяржаўнымі ўстановамі, камерцыйнымі структурамі, насельніцтвам. Да прыкладу, з дапамогай прадпрыемстваў Мазыра, пры падтрымцы калекцыянераў-аматараў, жахароў аграгарадка з'явілася незвычайная экспазіцыя "Мы родам з СССР", што карыстаецца нязменным попытам у жыхароў усяго раёна.

adm :

 Які экалагічны сацыякультурны праект вашага Цэнтра знаходзіцца цяпер у працы?

 mazyr:

 Дзяржаўнай праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця і комплекснага выкарыстання прыродных рэсурсаў Прыпяцкага Палесся на 2010 - 2015 гады Эколага-культурнаму цэнтру выдаткаваны сродкі на стварэнне экспазіцыі прыродаахоўнай тэматыкі. Гэтым праектам прадугледжана стварэнне першай у рэспубліцы экспазіцыі "Водная феерыя". Рэалізацыя запланавана на трэці квартал бягучага года. Як вядома, любы праект павінен вырашаць канкрэтную праблему. У нашым выпадку "Водная феерыя" будзе фарміраваць экалагічную культуру, спрыяць ашчаднаму стаўленню да нашых рэсурсаў, ствараць практычныя навыкі эканоміі вады ў паўсядзённым жыцці... Праект - вельмі відовішчны. Будуць адлюстраваны рэкі, азёры і крыніцы Мазыршчыны, ствараецца мадэль тэхнічнага працэсу водападачы ў жылыя дамы. Прадугледжаны разнастайныя падсветкі, мультымедыйнае забеспячэнне, нават вадаспады, пераносныя фантаны...

adm:

 Мы звяртаемся да начальніка аддзела культуры Лепельскага райвыканкама. Тамара Максімаўна, якімі творчымі праектамі можаце пахваліцца? У чым іх сутнасць? Што за праблемы вырашае іх рэалізацыя?

lepel:

 Вялікі дзякуй за сапраўды цікавую гутарку! Яна, як падаецца, прыцягне ўвагу любога работніка культуры, неабыякавага да інавацый... Не пабаюся сцвярджаць, што і мы маем пэўны вопыт па рэалізацыі цікавых творчых праектаў. Так, цягам 2003 - 2010 гадоў бібліятэкары працавалі над праектам "Маёй зямлі куточак дарагі". Мэта яго - пошукава-даследчая работа па вывучэнні жыцця і дзейнасці цікавых людзей Лепельшчыны. Вынікам творчага праекта стала стварэнне новых тыпаў устаноў культуры - бібліятэк-музеяў і музейных куткоў пры бібліятэках. Стварылі таксама музейна-этнаграфічныя куткі пры Стайскай і Матырынскай сельскіх бібліятэках. Лічу, пэўны дэфіцыт краязнаўчых ведаў праз дадзены праект здолелі ліквідаваць.

adm:

"К" шмат пісала пра ваш Раённы дом рамёстваў. На наш погляд, даволі перспектыўная ў плане крэатыўных захадаў установа...

 lepel:

Прынамсі, мы да гэтага заўжды імкнёмся. Лепельскі дом рамёстваў рэалізуе цяпер творчыя праекты "Белая русь" і "Віцебскі ручнік". Сутнасць іх- у грунтоўным вывучэнні, рэканструкцыі і папулярызацыі традыцыйных рамёстваў. Таму з вялікім інтарэсам азнаёмілася сёння з падобнымі этнапраектамі аддзела культуры Бялыніцкага райвыканкама. Вынік нашага праекта- стварэнне калекцыі народнага адзення беларусаў, у тым ліку Лепельскага строю, а таксама складанне калекцыі ручнікоў Паазер'я... Раённы дом культуры распачаў свой творчы праект "Песенны марафон пяці зорак", мэта якога - актывізацыя творчай дзейнасці сярод працоўных калектываў прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый горада. Першым этапам праекта стаў конкурс творчых каманд пазашкольных устаноў. "Песенны марафон..." дазволіў удзельнікам рэалізаваць творчыя здольнасці, папулярызаваць вакальнае мастацтва і песенныя творы. Мерапрыемствы праекта працягваюцца.

 adm:

 Чым, на ваш погляд, адрозніваецца творчы праект ад звычайнага творчага мерапрыемства? Ці ёсць праблемы ў складанні таго або іншага праекта? У чым яны заключаюцца?

 lepel:

Творчы праект, на мой погляд,- гэта комплекс мерапрыемстваў, якія аб'ядноўваюць агульныя мэта, тэма і задача. Рэалізацыя задуманага, безумоўна, патрабуе шмат часу, высілкаў і зладжанай работы ўсіх нашых супрацоўнікаў. Галоўная праблема - знайсці цікавую ідэю і шляхі яе ажыццяўлення. Тут патрэбна каманда, здольная не толькі на "мазгавы штурм", але і на карпатлівую арганізатарскую дзейнасць... Я проста пераканана, што кожны рэгіён цяпер надзвычай цікавіцца тым, як развіваюцца праектныя тэхналогіі на рэспубліканскім узроўні, што і як зроблена прызнанымі спецыялістамі. Але не менш пераканана я і ў тым, што і ў межах рэгіёнаў ёсць актыўныя і неабыякавыя работнікі культуры, якія могуць прыдумваць і рэалізоўваць адмысловыя мерапрыемствы. Аднак, натуральна, аддзел культуры хацеў бы шчыльна супрацоўнічаць з прафесійнымі менеджарамі і маркетолагамі.

adm:

Сапраўды, пакуль такога - шчыльнага і выніковага - супрацоўніцтва няма. З якога кроку асабіста вы пачалі б яго наладжванне?

lepel:

 Тут, напэўна, варта займець магчымасць канкрэтнага матэрыяльнага заахвочвання актыўных аўтараў і рэалізатараў сацыяльна-творчага праекта... А пакуль збіраемся наладзіць мэтанакіраваную вучобу нашы кадраў менавіта па эфектыўным выкарыстанні праектных тэхналогій.

adm:

Што, на ваш погляд, трэба зрабіць, каб у межах рэгіянальных аддзелаў культуры рэалізацыя творчых праектаў стала асновай гадавога плана работы?

ivanava:

 У першую чаргу павінна быць жаданне саміх начальнікаў аддзелаў культуры і творчых калектываў. Тады і самабытныя праекты пачнуць узнікаць і рэалізоўвацца. Паўтаруся, патрэбна вельмі вялікае жаданне, а не проста нейкая фармальная ініцыятыва. Натуральна, згаданыя тэхналогіі будуць развівацца без перашкод, калі істотна зменіцца стаўленне да падбору кадраў. Сапраўды творчых і прафесійных людзей трэба карпатліва шукаць. Як падаецца, надта праблематычна падрыхтаваць "праектныя кадры", памойму, імі нараджаюцца: тут патрэбны нейкі "ўнутраны стрыжань", які не дасць творцы спыніцца на палове шляху. Такія кадры, паўтаруся, трэба шукаць, а адшукаўшы, зрабіць усё, каб іх не згубіць. Толькі падобныя апантаныя асобы, на мой погляд, здолеюць "нарадзіць" ідэю і паспяхова ўвасобіць яе ў жыццё.

adm:

 Шаноўныя ўдзельнікі он-лайн-канферэнцыі! Вялікі дзякуй, што знайшлі час для надзённай гутаркі пра развіццё праектных тэхналогій на рэгіянальным узроўні! "К" упэўнена: гэтая тэма стане адной з вядучых для сферы культуры ў раёнах.

Па он-лайн-канферэнцыі дзяжурылі Яўген РАГІН, Сяргей ТРАФІЛАЎ, Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ