Спаскія крынічныя святы

№ 33 (799) 18.08.2007 - 24.08.2007 г

Праваслаўныя беларусы ў жніўні адзначаюць паводле народнага календара тры Спасы: 14 жніўня — Першы Спас, або Макавей, 19 жніўня — Вялікі, ці Яблычны Спас, і 28 — 29 жніўня — Трэці Спас, або Хлебны, ці Арэхавы. Католікі 15 жніўня святкуюць Зелена, што адпавядае адразу ўсім тром Спасам праваслаўных. Усе гэтыя жнівеньскія святы звязаны з ураджаем, з культам урадлівасці. Таму невыпадкова шырока распаўсюдзілася традыцыя спаскіх святкаванняў менавіта каля крыніц. Зрубы над крыніцамі і крыжы каля іх упрыгожваюць ручнікамі, кветкамі, вяночкамі.

 /i/content/pi/cult/126/572/Spas1.jpg
 Святы калодзеж паблізу вёскі Дарасіно.
Самым “крынічным” святам лічыцца Макавей. З даўніх часоў тысячы людзей ішлі ў гэты дзень да Сіняга Калодзежа (Ключа) паблізу вёскі Кліны Слаўгарадскага раёна. Зараз гэтая крыніца ўяўляе сабой невялічкае азярцо дыяметрам каля 10 метраў. Паводле падання, тут з-пад зямлі б’юць 120 ключоў. Вада ледзяная, але кожны стараецца тры разы перайсці цераз азярцо туды і назад. Побач была царква, куды людзі неслі ахвяраванні. У канцы ХІХ ст. у святочны дзень каля крыніцы збіралася па некалькі вазоў ахвяраванага палатна. Зараз на Макавея тут праходзяць малебны, разгортваецца кірмаш, выстаўка-продаж мёду.
У нашы дні малебен праходзіць таксама каля крыніцы-калодзежа ў лесе паблізу вёскі Дарасіно ва ўрочышчы Студзянец Любанскага раёна. Яшчэ не так даўно вакол калодзежа стаяла 12 драўляных крыжоў, а зараз толькі два.
Ёсць звесткі, што ў 1870-ыя гады ў Мінску на свята Макавея з Кафедральнага сабора ішоў хрэсны ход да калодзежа, які быў у гарадскім садзе, і там праходзіла служба.
Яшчэ ў 1930-ыя гады ў цэнтры вёскі Рудня Чэрвенскага раёна была крыніца, а побач стаялі крыжы — драўляны і каменны. На Макавея прыязджаў святар з вёскі Грабёнка і ладзіў службу ля крыніцы. Тут жа хрысцілі дзяцей. У гэты дзень у вёсцы быў вялікі кірмаш. Але ў канцы 30-ых гадоў улады знішчылі гэтую прошчу.
Амаль да нашых дзён захоўваўся звычай на Макавея наведваць крыніцу каля вёскі Карытніца Бялыніцкага раёна.
Традыцыя хадзіць да крыніц на Яблычны Спас добра вядомая і ў Докшыцкім раёне Віцебшчыны. У ХІХ ст. вялікія святкаванні адбываліся ў лесе каля калодзежа з капліцай паблізу Ліпска. У гэты дзень яшчэ ў 1950-ыя гады да крыніцы разам са святаром хадзілі ў вёсцы Старая Вілейка. Сёння адрадзіўся звычай святкаваць Спас каля крыніцы
 /i/content/pi/cult/126/572/Spas2.jpg

 На Макавея вакол Сіняга Калодзежа вельмі людна.

паблізу вёскі Маргавіца.
На Трэці Спас таксама ішлі да многіх крыніц, як, напрыклад, у вёсцы Конкавічы Петрыкаўскага раёна. Здаўна на гэтае свята хадзілі да крыніцы на балоце ў лесе паблізу вёскі Карытнае Асіповіцкага раёна. У пачатку ХХ ст. над крыніцай узвялі царкву, але ў 1924 г. атэісты спалілі яе. Пасля доўгія гады на гэтым месцы людзі ставілі крыжы, вешалі на іх ручнікі і абразкі. У 1992 г. мясцовыя жыхары аднавілі царкву, і на Трэці Спас (Успенне Маці Божай) тут збіраецца больш за тысячу паломнікаў. Ідуць не толькі з навакольных вёсак, але і едуць з Асіповічаў, Бабруйска, Мінска. Служба ў царкве пачынаецца ўвечары 28 жніўня і працягваецца 29 жніўня.
Пра Карытнянскую прошчу існуе паданне, быццам калісьці з Карытнага, з першапрастольнага свята, ішлі два старцы-сляпцы. Яны патрапілі ў лес і заблукалі. Пападалі на калені і пачалі маліцца. Раптам побач зажурчэла вада. Сляпцы папілі яе, прамылі вочы, сталі відушчымі і ўбачылі абраз Божай Маці. Раніцой старцы прыйшлі ў Карытнае і расказалі пра ўсё святару. Людзі пайшлі да крыніцы і прынеслі абраз у царкву. Зачынілі храм і пайшлі па хатах. Назаўтра прыйшлі — а абраза няма. Знайшлі яго зноў каля крыніцы. І яшчэ раз адбылося тое ж самае. Тады вырашылі над крыніцай пабудаваць царкву.

Людміла ДУЧЫЦ,
кандыдат гістарычных навук

Фота аўтара і Вольгі ЛАБАЧЭЎСКАЙ