Мадэль будучыні без “ката ў мяшку”

№ 19 (990) 07.05.2011 - 13.05.2011 г

Размеркаванне-2011: курс на дэцэнтралізацыю і стварэнне мастацкага асяроддзя

У творчых ВНУ рэспублікі завяршылася размеркаванне выпускнікоў. Працэдура - традыцыйная, але за кожным росчыркам пяра - чыйсці творчы лёс, які разам з іншымі паўплывае на лёс культуры ўсёй краіны. Якімі ж былі асаблівасці размеркавання-2011? А што за тэндэнцыі прасочваюцца ў гэтым сезоне? Усё гэта высвятляў карэспандэнт "К".

 Тры на аднаго: замест слёз - апладысменты

Ужо не першы год выпускнікі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, пры ўсёй іх колькасці, трапляюць у разрад ці не самых "дэфіцытных": на 297 чалавек - ажно 725 заявак, што ў два з паловай разы перавышае сёлетнія магчымасці гэтай ВНУ. Па некаторых жа спецыяльнасцях - розніца больш, чым у тры разы. Адкуль узялася такая "вілка"? Можа, ранейшыя выпускнікі папросту не замацоўваюцца на месцах размеркавання, а з'язджаюць адразу па адпрацоўцы неабходнага тэрміну?

- Гэты фактар, - кажа першы прарэктар БДУКіМ Юрый Бондар, - папраўдзе ўплываў на колькасць заявак. Але - раней. Паступова сітуацыя змяняецца, і больш значным становіцца іншае. На першы план выходзіць тое, што ў нашай галіне - пакуль толькі 50 працэнтаў спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй. І калі раней на гэта, можа, не асабліва звярталі ўвагу, дык сёння кожны кіраўнік, вядома, хоча, каб у яго працавала крэатыўная моладзь, навучаная ўсім найноўшым методыкам. Адсюль і заяўкі. Ну, а калі ў выпускнікоў таксама з'яўляецца магчымасць выбіраць, дык тут пачынаецца своеасаблівы "конкурс" і сярод працадаўцаў. Мінулі тыя часы, калі выпускнікам абяцалі "златыя горы", а тыя, прыехаўшы на месца, бачылі поўны заняпад. Між тым, большасць канфліктаў была менавіта з-за гэтага! Сёння ўсё наадварот. У выпускніка ёсць час, каб цвяроза ўзважыць усе "за" і "супраць" і зрабіць свой выбар на карысць таго месца працы, якое яго больш задавальняе. Дый працадаўцы робяць высновы наконт таго, чым сёння можна "спакусіць" добрых спецыялістаў, якія і без таго запатрабаваныя. Так што час бурных эмоцый сышоў - выбар робіцца абсалютна свядома, а таму - больш разважліва і асэнсавана, з разлікам на трываласць і, галоўнае, на перспектывы. Поспех, як мы зразумелі, залежыць ад папярэдняга інфармавання, ад пазіцыі не толькі выпускнікоў, але і рэгіёнаў. І калі ўсё празрыста, без падману, дык і вынік ёсць: на першае месца працы малады чалавек едзе не "тэрмін адбыць", а будаваць сваё далейшае жыццё, сумяшчаючы творчасць і побыт. Таму няма чаго здзіўляцца, што цяпер атрымаць размеркаванне хочуць нават платнікі. Прычым калі летась такое жаданне выказалі чацвёра выпускнікоў, дык сёлета - ужо адзінаццаць.

Тыя ж пазітыўныя тэндэнцыі адзначыла і кансультант аддзела навучальных устаноў і працы з творчай моладдзю Міністэрства культуры Беларусі Наталля Шмакава:

- Выпускнікі ўсё больш прызвычайваюцца да таго, што трэба аддаць "запазычанасць" дзяржаве, якая ўклала сродкі ў іхняе навучанне, і паехаць у рэгіёны. Але ў іх ёсць выбар, таму едуць, часцей за ўсё, да бацькоў. Хаця ёсць і такія выпадкі, калі, наадварот, змяняюць вобласць: у кожнага - свае меркаванні ды разлікі. У тыя ж Касцюковічы, да прыкладу, едуць з радасцю: там штогод здаюць новы дом, а на першы час пасяляюць у добраўпарадкаваным інтэрнаце. Дзесьці ёсць магчымасць працаваць на паўтары стаўкі, што таксама прывабна для моладзі, поўнай сіл. Са свайго боку, камісія па размеркаванні намагалася максімальна ўлічыць самыя неабходныя патрэбы ў спецыялістах. У тых жа Мікашэвічах ужо некалькі гадоў не было харэографа, таму, зразумела, мы ў першую чаргу задаволілі гэтую заяўку. У цэлым, размеркаванне прайшло ў спакойных, добразычлівых абставінах, стала менш слёз, затое, калі аб'яўляліся вынікі, гучалі апладысменты...

Не палохае маладых спецыялістаў і перспектыва накіравацца "ў вёску да дзядулі". Бо гэта, насамрэч, аказваецца і не вёска зусім, а сучасны аграгарадок.

- Я родам з вёскі Гярвяты, што ў Астравецкім раёне, - кажа Святлана Піменава, якая заканчвае БДУКіМ як спецыяліст па народнай харавой музыцы. - А размяркоўваюся ў вёску Варняны, што знаходзіцца побач. Мне прапанавалі там узначаліць Дом культуры, і ўжо зараз адчуваю, што працы будзе шмат, бо там адкрываецца школа мастацтваў. Дый свой харавы калектыў у ДК хочацца арганізаваць! Я ўжо летам на Астравеччыне падпрацоўвала: і акампаніятарам была, і канцэрты ладзіла, у дажынках удзельнічала. Так што еду ў родныя мясціны - ва ўсіх сэнсах гэтага слова.

Мастак і асяроддзе: хто каго?

 - Размеркаванне, - разважае першы прарэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Святлана Вінакурава, - не менш адказнае мерапрыемства для ВНУ, чым той жа прыём. І рыхтаваць яго мы пачалі ўжо з самага пачатку навучальнага года. Вялікую працу па пошуку вакансій, адпаведных высокай кваліфікацыі нашых выпускнікоў, правялі дэканаты і кафедры. Пэўна, галоўнай асаблівасцю сёлетняга размеркавання стала тое, што ў ім упершыню ўдзельнічалі выпускнікі ўжо не трох факультэтаў (мастацкага, тэатральнага і дызайну), а чатырох: дадаўся факультэт экранных мастацтваў. І хаця адкрылі мы яго толькі летась, першы выпуск адбудзецца сёлета, бо навучанне па гэтых спецыяльнасцях вялося і раней, але на тэатральным факультэце. Яшчэ адной немалаважнай асаблівасцю стала тое, што цяпер мы да кожнай спецыяльнасці дадаём і педагагічны ўхіл, а гэта пашырае магчымасці нашых выпускнікоў у працаўладкаванні. Але правілы, зафіксаваныя на заканадаўчым узроўні, выконваюцца вельмі строга: перавагу ў атрыманні маладых спецыялістаў маюць дзяржаўныя ўстановы. Часам гэта не задавальняе саміх выпускнікоў, бо, здараецца, у прыватных установах і плацяць больш, і перспектывы там больш цікавыя вымалёўваюцца. Але камісія на гэта зважаць не можа, бо хто ўкладаў грошы ў навучанне, той і павінен, найперш, карыстацца вынікам. У астатнім - усё, як звычайна, толькі хіба больш спакойна.

Тыя ж дызайнеры размяркоўваюцца на найбуйнейшыя прадпрыемствы самага рознага профілю, у тым ліку ў абласцях. Тут і "Беларуская мастацкая кераміка", і "Гомельдрэў", куды паедуць тыя, хто займаецца мэбляй, і выдавецтвы, і БелАЗ, дзе вытворчасць і творчасць суіснуюць на роўных, і многія іншыя заводы, дзе ёсць патрэба ў нашых спецыялістах. Мастацтвазнаўцы ідуць працаваць у музеі, сярод мастакоў ёсць размеркаванні і на Нацыянальную кінастудыю "Беларусьфільм", і ў царкоўныя ўстановы, бо там таксама патрабуецца высокапрафесійнае мастацкае мысленне. Некаторыя размеркаваліся выкладчыкамі, у тым ліку ў Гомельскае мастацкае вучылішча, Гродзенскі, Магілёўскі каледжы мастацтваў. Рэжысёры тэлебачання, кіна-, тэлеаператары збольшага працавалі ўжо з трэцяга курса, перамагалі на міжнародных конкурсах, так што да моманту размеркавання атрымалі вядомасць у прафесійных колах і, адпаведна, персанальныя запрашэнні на працу. Сярод тэатралаў асноўная частка застанецца ў Мінску і будзе працаваць у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Я.Купалы, у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі, у Новым драматычным тэатры. Але былі заяўкі і з абласных тэатраў: Гомельскага, Магілёўскага. Хаця, часцей, рэгіёны забяспечваюць сябе кадрамі праз завочнае навучанне, куды дасылаюць тых, хто ўжо зарэкамендаваў сябе ў тамтэйшых праектах. Не забываемся мы і на падрыхтоўку кадраў для сваёй Акадэміі. Лепшыя студэнты атрымліваюць рэкамендацыі для паступлення ў магістратуру, потым у аспірантуру - гэта нармальны працэс для кожнай ВНУ.

З'явіліся і новыя тэндэнцыі ў саміх жыццёвых планах выпускнікоў, што таксама не магло не паўплываць на вынікі размеркавання. Сёлета адна дзяўчына, якая атрымлівае дыплом рэжысёра тэатра лялек, папрасілася ў... Старобінскі дом культуры: у яе там планы. І гэта не адзіны прыклад! Некалькі гадоў таму многія здзівіліся, навошта адзін з нашых лепшых маладых мастакоў з'ехаў на Брэстчыну. А сёлета ён ужо сам нам заяўкі дасылае! Бо развіў там вірлівую дзейнасць, пачаў ладзіць уласныя творчыя праекты, і яму патрабуюцца маладыя калегі. Творчы ж чалавек - ва ўсім творчы, а не толькі ў межах набытай спецыялізацыі. Калі раней некаторых жывапісцаў ды скульптараў мы размяркоўвалі ў Беларускі саюз мастакоў, і тыя станавіліся, па сутнасці, вольнымі творцамі, атрымліваючы заказы ад дзяржавы і асобных устаноў, дык цяпер колькасць такіх замоў значна ніжэйшая. Мастакі зразумелі, што трэба адкрываць уласную справу - не абавязкова ў сталіцы, дзе гэта зрабіць значна цяжэй. З'язджаючы ж у рэгіён, яны пачынаюць развіваць там мастацкае асяроддзе, і далей ужо яно само дапамагае ім, надаючы вагі іх творчай дзейнасці. Ці ж гэта не мадэль будучыні?

На авансцэне, а не ў ценю

- Сёлетні выпуск, - пракаменціраваў вынікі размеркавання ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі прарэктар па вучэбнай і выхаваўчай працы Юрый Златкоўскі, - быў, можа, не самым зорным у параўнанні з папярэднімі, але і ў ім колькасць пераможцаў міжнародных конкурсаў, уладальнікаў Гранд-прэмій і стыпендыятаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі папраўдзе высокая. Для нашай навучальнай установы гэта ўжо нармальная з'ява, якая, у рэшце рэшт, дыктуе і свае ўмовы. Бо вельмі важна правільна, па-дзяржаўнаму падысці да здабыткаў, што забяспечваюць гонар нацыі практычна на ўсіх міжнародных фарпостах акадэмічнай музыкі. Той жа Уладзіслаў Плігаўка, што стаў прызнанай зоркай яшчэ ў падлеткавым узросце, будзе салістам Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Але, на справе, ён даўно ўжо ім стаў! Сярод зусім нядаўніх выступленняў - сольны вечар 6 мая ў Вялікай зале гэтай вядучай канцэртнай установы. Менавіта нашы выпускнікі становяцца салістамі лепшых творчых калектываў краіны, аднаўляючы іх склад і ажыццяўляючы якасную змену музыканцкіх пакаленняў. Так, сямёра пяцікурснікаў размеркаваны ў сімфанічны аркестр Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі, пяцёра - у Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр, па трое - у Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр, Беларускі дзяржаўны музычны тэатр, у духавы калектыў "Няміга", у "Minsk Orchestra", двое - у аркестр Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Беларусі. Прычым, заўважу, усё гэта - выключна персанальныя заяўкі: не проста на прадстаўніка неабходнай прафесіі, а менавіта на канкрэтнага музыканта, на творчую асобу, добра вядомую не толькі ў нас, але і ў замежжы.

- Разам з тым, - адзначае намеснік начальніка аддзела навучальных устаноў і работы з творчай моладдзю Міністэрства культуры Беларусі Анатоль Мукалаў, - значна паболела размеркаванняў у навучальныя ўстановы сярэдняга звяна. Сёлетнія выпускнікі Акадэміі музыкі будуць выкладаць у музычных вучылішчах і каледжах мастацтваў Мазыра, Ліды, Наваполацка. А гэта значыць, што нас чакае годная змена, заснаваная на пераемнасці лепшых традыцый і запаветаў нацыянальнай выканальніцкай школы.

Практыка дэ-юрэ і дэ-факта

Акрамя падвядзення вынікаў, ва ўсіх творчых ВНУ дбаюць і пра будучыя размеркаванні, абмяркоўваюць магчымасці правядзення гэтай працэдуры не на апошнім годзе навучання, а на перадапошнім, каб студэнт мог прайсці практыку менавіта там, куды ён і будзе накіраваны. Прапанова такая сапраўды існуе, прычым на высокім дзяржаўным узроўні, але стаўленне да яе рознае - у залежнасці ад прафесіі будучых маладых спецыялістаў.

У той жа Акадэміі музыкі падобная практыка - даўно не навіна.

- Больш ранняе размеркаванне, пакуль не зацверджанае дэюрэ, - кажа Юрый Златкоўскі, - даўно ўжо існуе ў нашай навучальнай установе дэ-факта. Так што мы тут можам лічыцца ледзь не першапраходцамі. А справа ў тым, што ніводны творчы калектыў не возьме ў той жа аркестр гэткага "ката ў мяшку". На кожную вакансію саліста ды і проста артыста там праводзіцца творчы конкурс, і нашы студэнты ўдзельнічаюць у іх пад час усіх гадоў навучання. Ужо на трэцім курсе, а тым больш - на чацвёртым, кожны дзесьці падпрацоўвае: так і музыкант практыкі набіраецца, і калектыў ацэньвае, ці падыходзіць ім менавіта гэты спецыяліст. Бо справа ж не толькі ва ўзроўні ведаў, магчымасцей, схільнасцей кожнага, але і ў такім спецыфічным для творчых калектываў фактары, як, да прыкладу, "зладжанасць гучання" той або іншай інструментальнай групы. Ёсць і педагагічныя традыцыі, што прывіваюцца літаральна змалку, таму нават малодшыя навучальныя ўстановы імкнуцца ўзяць на працу сваіх былых выпускнікоў, за поспехамі якіх сочаць яшчэ з дзяцінства...

Зусім іншая сітуацыя - у драматычных артыстаў і лялечнікаў.

- Звычайна рэжысёры тэатраў робяць свой выбар, - дзеліцца меркаваннямі Святлана Вінакурава, - паглядзеўшы выпускныя спектаклі курса. А тыя рыхтуюцца на апошнім годзе навучання. Рабіць гэта на год раней пакуль не прывучаны ні мы, ні працадаўцы: тыя ж рэжысёры часта не могуць сарыентавацца, якія амплуа ім спатрэбяцца праз час...

- Добра, што на заканадаўчым узроўні, - лічыць Юрый Бондар, - ужо распрацоўваюцца механізмы накіравання на практыку не толькі ў сталічныя арганізацыі і калектывы, але і на перыферыю. Сёння, да прыкладу, тыя ж бібліятэкі зацікаўлены ў тым, каб браць на пасады чацвёртакурснікаў. Дый мы распачалі актыўную працу па развіцці вучэбна-вытворчых (ці вучэбна-творчых, у залежнасці ад спецыфікі) комплексаў, каб і працадаўца мог пазнаёміцца з будучымі спецыялістамі, а тыя ацанілі б свае абавязкі. Ёсць нават планы пастаноўкі маладзёжнага спектакля на базе Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатра. Збліжэнне навучання з практыкай - неабходная і своечасовая мера.

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"