Намінацый Нацыянальнай прэміі ажно шаснаццаць, і закранаюць яны самыя розныя бакі музычна-эстраднай дзейнасці: "Лепшы жаночы вакал", "Лепшы мужчынскі вакал", "Лепшы музычны гурт", "Адкрыццё года", "Лепшы аўтар музыкі", "Лепшы аўтар слоў", "Лепшая песня на беларускай мове", "Лепшы альбом года", "Лепшы канцэрт года", "Лепшы кліп года", "Лепшы журналіст (музычны крытык)", "Лепшы прадзюсар", "За ўклад у развіццё беларускай эстрады", "Лепшы гастрольны тур", "Зорачка года (лепшы юны выканаўца)"... Ды ўсё ж галоўнай намінацыяй, пэўна, стане ўсеабдымная "Лепшая песня года".
Пераможцаў будзе вызначаць экспертны савет, складзены з вядучых дзеячаў культуры і мастацтва і прадстаўнікоў СМІ, а таксама тэлегледачы, якія ўбачаць канцэрт намінантаў па СТБ і прагаласуюць праз Інтэрнэт ці дашлюць sms. Ацэньвацца будуць песні і творчая дзейнасць бягучага года.
А пакуль дзеячы эстрады працуюць над новымі кампазіцыямі, канцэртамі, гастролямі і дасылаюць матэрыялы на адрас Маладзёжнага тэатра эстрады (яны прымаюцца да 1 лістапада!), у асяроддзі мастакоў і дызайнераў ідзе стварэнне спецпрыза-сімвала прэміі, замоўленага Міністэрствам культуры.