Маштаб праекта: гісторыя Перамогі

№ 19 (990) 07.05.2011 - 13.05.2011 г

Новымі даследаваннямі гераічных старонак Вялікай Айчыннай вайны займаюцца вучоныя Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, які не так даўно ўзначаліў кандыдат гістарычных навук Вячаслаў ДАНІЛОВІЧ. Напярэдадні свята Вялікай Перамогі з ім сустрэўся карэспандэнт “К”.

/i/content/pi/cult/321/5715/3-4.jpg- У рамках Дзяржаўнай комплекснай праграмы навуковых даследаванняў нашай установай надаецца шмат увагі вывучэнню пытанняў гісторыі Вялікай Айчыннай. На сёння гэтая тэма далёка яшчэ не вычарпана, пастаянна знаходзіцца шмат цікавых матэрыялаў у архівах, у тым ліку замежных. І ў нас ёсць што паказаць калегам і зацікаўленаму чытачу. У прыватнасці, выйшаў зборнік матэрыялаў леташняй 5-й Міжнароднай летняй школы маладых вучоных-гісторыкаў краін СНД, якая прайшла ў Мінску і была прысвечана актуальным праблемам вывучэння гісторыі Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў. Што да праграмных даследаванняў, то значным вынікам стала выданне кнігі "Беларусь 1941 - 1945. Подзвіг. Трагедыя. Памяць". Гэта свайго кшталту калектыўная манаграфія ў дзвюх кнігах, дзе прадстаўлены апошнія напрацоўкі айчынных гісторыкаў, у тым ліку матэрыялы, прысвечаныя партызанскаму і падпольнаму руху, становішчу мірнага насельніцтва на акупаваных тэрыторыях. Яе аўтары - не толькі супрацоўнікі Інстытута, але і выкладчыкі вядучых ВНУ.

 - Якія тэмы, прысвечаныя вывучэнню Вялікай Айчыннай, сёння хвалююць супрацоўнікаў Інстытута найперш?

 - Тэм вельмі шмат. У іх ліку - дзейнасць беларускай інтэлігенцыі ў гады вайны, вывучэннем якой займаецца доктар гістарычных навук, дацэнт Уладзімір Кузменка. Да 70-й гадавіны з дня пачатку Вялікай Айчыннай плануецца выхад з друку манаграфіі нашай супрацоўніцы Ірыны Варанковай, якая прысвечана Мінску і яго жыхарам у самым пачатку вайны. Акрамя гэтага, вучоным сакратаром Інстытута, дацэнтам Маратам Жылінскім вывучаюцца пытанні адукацыйнай палітыкі як на акупаванай тэрыторыі, так і ў партызанскіх зонах. Аказваецца, у народных мсціўцаў дзейнічалі не толькі школы, але і нават праводзіліся навуковыя канферэнцыі! Упершыню ў айчыннай гістарычнай навуцы маладым даследчыкам Яраславам Бязлепкіным вывучаецца англамоўная гістарыяграфія па праблемах Другой сусветнай вайны. А дзякуючы карпатлівай працы загадчыка аддзела ваеннай гісторыі, доктара гістарычных навук Аляксея Літвіна ўпершыню выйшаў унікальны зборнік, дзе змешчаны прозвішчы прыкладна 10 тысяч беларусаў- удзельнікаў савецка-фінскай вайны.

 - З якімі арганізацыямі вядзецца супрацоўніцтва па даследаванні падзей вайны, увекавечанні імёнаў яе герояў?

- У першую чаргу, плённа супрацоўнічаем з установамі адукацыі, а таксама з 52-м асобным спецыялiзаваным пошукавым батальёнам. Дзякуючы сумеснай працы з апошнім былі даследаваны астанкі ўдзельнікаў ваенных дзеянняў 1812 года, Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай войн, якія былі ў выніку пахаваны ў крыпце Храма-помніка ў гонар Усіх Святых у Мінску. Цягам 2009 - 2010 гг. адбыўся даволі цікавы праект сумесна з нямецкім фондам "Памяць. Адказнасць. Будучыня". Яго тэмай стала даследаванне прымусовай працы беларусаў як на тэрыторыі Беларусі, так і за яе межамі. Плённа праходзіць супрацоўніцтва і з Інстытутам усеагульнай гісторыі Расійскай акадэміі навук. Варта хаця б згадаць сумесны маштабны праект "1941 год. Краіна ў полымі". Калектыўная манаграфія па яго выніках хутка павінна выйсці з друку. Плануецца ажыццявіць аналагічныя праекты па ўсіх гадах Вялікай Айчыннай вайны.

- Вы ў свой час выкладалі ва ўніверсітэце гісторыю Вялікай Айчыннай вайны. Наколькі актуальная гэтая тэма для сучаснай моладзі? На якія аспекты вы звярталі ўвагу студэнтаў у першую чаргу?

 - На маю думку, дадзеная тэма цікавая для моладзі. Дзякуючы дзяржаўнай палітыцы, накіраванай на захаванне і прапаганду гістарычнай памяці аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны, падтрымку аб'ектыўнага вывучэння яе гісторыі, у нашых навучальных установах чытаецца спецкурс "Вялікая Айчынная вайна савецкага народа (у кантэксце Другой сусветнай вайны)", распрацаваны калектывам вучоных на чале з маім папярэднікам на дырэктарскай пасадзе доктарам гістарычных навук, прафесарам Аляксандрам Каваленем. У выніку наша маладое пакаленне даволі добра ведае гэтую гістарычную з'яву і цікавіцца ёю. Сярод пытанняў, якія асабліва хвалююць студэнтаў,- праблема прычын і пачатку Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў, барацьба з акупантамі на тэрыторыі Беларусі, уклад нашага народа ў перамогі Чырвонай Арміі на франтах Вялікай Айчыннай. У першую чаргу, калі мы даносім падзеі таго часу да нашага маладога пакалення, варта падкрэсліваць важнасць значэння Подзвігу беларускага народа, укладу беларусаў у Вялікую Перамогу над нацызмам, каб новае пакаленне разумела, што без гэтай лёсавызначальнай Перамогі не было б сёння нашай суверэннай краіны.

 - Якія маштабныя праекты чакаюцца ў Інстытуце бліжэйшым часам?

 - Вядома ж, адбудуцца мерапрыемствы, прысвечаныя 20-годдзю ўстанаўлення Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Запланаваны таксама канферэнцыі і правядзенне навуковых даследаванняў, звязаных з 1150годдзем найстаражытнейшага горада Беларусі - Полацка, падзеямі 1812 года, Першай сусветнай вайной. У прыватнасці, у Інстытута прэвентыўнай археалогіі (Францыя) ёсць зацікаўленасць у сумесным даследаванні месца пераправы Напалеона праз Бярэзіну. А літаральна днямі адбудзецца канферэнцыя, прысвечаная падвядзенню вынікаў палявых археалагічных даследаванняў 2010 года.


 Фота Пятра ОВАДА

 

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"