Трэці пускавы новага парку

№ 19 (990) 07.05.2011 - 13.05.2011 г

У сталічным парку Перамогі распачалася праца над трэцім пускавым комплексам.

/i/content/pi/cult/321/5712/2-4.jpgЯк паведаміла галоўны архітэктар праекта "Парк Перамогі" майстэрні ландшафтнай архітэктуры і дызайну УП "Мінскпраект", старшыня секцыі ландшафтнай архітэктуры Беларускага саюза архітэктараў Ганна Аксёнава, у трэцюю чаргу былі перанесены некаторыя аб'екты, што ўзнікнуць на тэрыторыі, якая цяпер з'яўляецца пад'язной да будаўнічай пляцоўкі Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Па словах Ганны Аксёнавай, трэцяя будаўнічая чарга прадугледжвае з'яўленне Трыумфальнай аркі. Яна злучыць галоўную кампазіцыйную вось - уваходную зону ля стэлы "Мінск - горад-герой" з алеямі Памяці і Славы, якія ідуць да фантана Перамогі. Запланаваныя раней водныя ручаіны слёз, што павінны былі выцякаць ад гэтага фантана, заменяць кветкавыя клумбы.

На плошчы культурна-масавых мерапрыемстваў засталося ўзвесці дзве пергалы. Яны кампазіцыйна арганізуюць гэтую прастору, а таксама створаць добры цень. Будуць высаджвацца дрэвы да пэўных памятных дат у гераон - мемарыяльны гай у гонар герояў.

 Апошні пускавы комплекс павінен быць завершаны разам са здачай новага будынка Музея гісторыі Вялікай Айчыннай у 2013 годзе. Але ўжо сёння многімі замежнымі архітэктарамі сталічны парк Перамогі прызнаецца шыкоўным прыкладам таго, як сучаснымі ландшафтнымі прыёмамі можна прачытаць гісторыю мужнасці народа.

Зрэшты, у хуткім часе адбудуцца каласальныя змены насупраць парку. Толькі для газеты "Культура" Ганна Аксёнава прыадкрыла таямніцу пераўтварэння пусткі, што сёння цягнецца ўздоўж вуліцы Арлоўскай і ракі Свіслач. Турыстычны шпацыр уздоўж галоўнага воднага дыяметра горада, які ў гістарычным цэнтры распачнецца "Мінскім замчышчам", потым працягнецца ў парку Перамогі, праз колькі гадоў можна будзе завяршыць у парку "Беларусь".

Цэнтральным звяном апошняга стане выява абрысаў тэрыторыі Беларусі ў мініяцюры: у контуры будуць месціцца знакавыя аб'екты дзяржавы ў маштабе 1:25. Дарэчы, гісторыка-культурныя адметнасці выбіраліся сумесна з гарвыканкамамі абласных цэнтраў, галоўнымі архітэктарамі гэтых гарадоў, а таксама Міністэрствам культуры Беларусі. - У свеце дзейнічае нямала падобных ландшафтных паркаў, якія збіраюць вялікую колькасць турыстаў. Спадзяёмся, наша задума таксама стане ўдалым тураб'ектам,- падкрэсліла Ганна Аксёнава.

 - З задавальненнем зазначу, што канцэпцыю адобрыў Кіраўнік дзяржавы. Ужо падрыхтаваны дакументы, і цяпер мы распачынаем распрацоўку самога парку "Беларусь".