Пайшлі “скакаць” ад самавара

№ 33 (799) 18.08.2007 - 24.08.2007 г

У адрамантаваным будынку Дома культуры аграгарадка “Копці”, што ў Віцебскім раёне, ёсць пакой, які можна назваць народным міні-музеем.

 /i/content/pi/cult/126/571/Mini-muzej.jpg
Чаго тут толькі няма! Калыска, якой больш за паўвека, вышываныя некалькі дзесяткаў гадоў таму абрус, ручнік, саматканы дыванок, даўнейшы драўляны падсвечнік, гліняны гаршчок, які доўгія гады служыў дбайнай гаспадыні…
— Адкуль усе гэтыя рэчы? — пытаюся ў дырэктара Капцянскага Дома культуры Наталлі Бабашка.
— Усіх наведвальнікаў просім прыносіць што-небудзь даўнейшае для нашага міні-музея. У час паездак па аддаленых вёсках з канцэртамі таксама пытаемся ў бабуль, ці няма ў іх якіх-небудзь старых рэчаў, якімі карысталіся яшчэ іх бацькі ці яны самі ў маладосці. Шмат унікальных рэчаў мы прывезлі, напрыклад, з вёскі Аскершчына Бешанковіцкага раёна: драўляную часалку для воўны, калаўрот, маслабойку, дзіцячыя начовачкі, прас вугольны. Людзі ніколі не адмаўляюцца ад нашых просьб. Усе разумеюць, што гэта — гісторыя, што ўсё гэта цікава і моладзі, якая з задавальненнем прыходзіць у музей, і замежнікам, якія заўсёды цікавяцца культурай і гісторыяй краіны, у якую прыехалі.
— Не сорамна тут сустрэць і гасцей беларускай песняй, а таксама пачаставаць стравамі нацыянальнай кухні, — дапаўняе мастацкі кіраўнік Дома культуры Таццяна Акулёнак.
Музей быў створаны нядаўна, калі ў будынку яшчэ ішоў рамонт. Н.Бабашка і Т.Акулёнак, чысцячы самавар з фондаў Дома культуры, загаварылі неўспадзеў аб тым, каб мець месца, куды можна запрасіць сваіх людзей, а то і замежных гасцей, ды паказаць ім хоць нешта з колішняга побыту беларусаў.
Так і ўзнік гэты міні-музей. І зараз работнікі культуры ўжо ўпэўнены, што агульнымі намаганнямі з цягам часу ён ператворыцца ў сапраўдны народны музей, куды з задавальненнем будуць прыходзіць мясцовыя жыхары і прыводзіць сваіх дзяцей і гасцей.

Леся ВАВЁРКА
Віцебскі раён
Фота аўтара