“Малыя галандцы” ў Дзядзілавічах

№ 18 (989) 30.04.2011 - 06.05.2011 г

Чорная рама і экспрэсіўная гама

/i/content/pi/cult/320/5704/pic_32.jpgЗвычай упрыгожваць сцены жылога памяшкання жывапіснымі творамі мае ў Еўропе даўнюю традыцыю. Выдатныя фрэскі часоў Мінойскай цывілізацыі, карціны і арнаментальныя матывы старажытных грэкаў, фрэскі рымскага часу - усе гэтыя артэфакты сведчаць пра імкненне людзей спалучыць жыццё і мастацтва, зрабіць мастацкую культуру часткай паўсядзённага побыту.

 Новы этап жывапіснай эстэтызацыі жылля пачаўся з эпохі Рэнесанса, калі сцены палацаў, заможных дамоў упрыгожвалі карцінамі, фрэскамі выдатных мастакоў-сучаснікаў. Разам з тым, жывапісныя творы ў пакоях традыцыйна маглі дазволіць сабе размяшчаць толькі досыць багатыя фаміліі. "Прарыў" у гэтай галіне адбыўся ў ХVII ст. у Нідэрландах. Падарожнікі са здзіўленнем адзначалі шырокае распаўсюджванне невялікіх карцін у дамах многіх сярэднезаможных людзей. Гэта былі карціны творцаў, вядомых у мастацтвазнаўстве як "малыя галандцы". У эпохі барока і ракако, калі сцены і столі ў інтэр'ерах уяўлялі з сябе каларыстычна насычаную, ілюзорна пашыраную прастору, станковы жывапіс у шыкоўных барочных рамах, побач з габеленамі, фрэскамі, ляпнінай, пазалотай, стаў арганічнай, а таксама знакава-прэстыжнай часткай аздаблення жылля.

У шляхецкіх маёнтках Беларусі ХVII ст. сцены традыцыйна ўпрыгожвалі сармацкія парадныя партрэты, якія былі знакавымі для любога шляхецкага роду. Недзе з ХVII ст. у палацах магнатэрыі побач з родавымі сармацкімі партрэтамі пачалі размяшчаць выявы каралёў Еўропы, Рэчы Паспалітай, прадстаўнікоў тутэйшай арыстакратыі, станковыя карціны на рэлігійныя сюжэты, пейзажы еўрапейскіх, мясцовых мастакоў. Таксама сцены ўпрыгожваліся мастацкімі дрэварытамі, картамі. Як і раней, у пакоях віселі абразы, скульптурныя выявы ўкрыжавання. Гравюры звычайна былі ў чорных простых рамах са шклом, станковыя карціны - у рамах, як можна меркаваць па тагачасных вопісах, не заўсёды каштоўных, тых, што нават адзначаліся ў інвентарах. Размяшчэнне карцін у пакоях было разнастайным. У вялікіх палацах вылучаліся тэматычныя залы для партрэтаў. Да таго ж, палотны розных жанраў маглі вісець у адным пакоі, часам побач з іконамі, гравюрамі, хаця апошнія часцей размяшчаліся ў пакоях асобна, іншым разам тэматычна. Што і казаць, палацы былі значнымі мастацкімі сховішчамі. Да прыкладу, напрыканцы XVIII ст. у Нясвіжскім палацы было каля тысячы карцін.

Мастацкія творы - палотны, дрэварыты, скульптуры, /i/content/pi/cult/320/5704/pic_33.jpgкаштоўныя ўзоры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва - апісваліся, заносіліся спецыяльнымі камісіямі ў інвентары, побач з мэбляй, сталовым начыннем. Іх кароткія вопісы дазваляюць зрабіць уяўленне аб мастацкім аздабленні палаца. У гэтым сэнсе ўяўляе цікавасць інвентар 1795 г. маёмасці (палаца) Дзядзілавічы, што на Міншчыне, дзе згадваецца шэраг мастацкіх твораў - разнастайныя паводле жанру работы станковага жывапісу: партрэты, пейзажы, творы бытавога жанру, іконы, а таксама мастацкія гравюры. Адразу звяртае на сябе ўвагу адносна слабая пашпартызацыя работ: час стварэння, аўтар, краіна паходжання згадваюцца вельмі рэдка. Таксама жанрава не падзяляюцца творы свецкага і рэлігійнага жывапісу - абразы, якія часта знаходзяцца ў адным семантычным шэрагу з партрэтамі пад назвай "выява". Сярод партрэтаў вылучаюцца выявы французскага караля Людовіка XIV, прускага караля Фрыдрыха ХІ. Сармацкія, як можна меркаваць, партрэты прадстаўлены фамільнымі партрэтамі, выявай Міхаіла Слізня. Асобную цікавасць уяўляюць карціны розных жанраў, напісаныя, хутчэй за ўсё, замежнымі мастакамі. Гэта партрэты "Іспанца з барадой", "Старой жанчыны, якая чытае", карціна ў раме са шклом з выявай галандскай побытавай сцэны, а таксама сем напісаных алеем пейзажаў, выява "Мядзведзіцы з дзецьмі". Звяртае ўвагу і алейны жывапіс на рэлігійныя сюжэты: выявы Святой Тройцы, Укрыжавання (у рамах, пад шклом), Маці Божай Чанстахоўскай. Прадстаўлены і алейны жывапіс на антычны сюжэт. У прыватнасці, у шляхецкім маёнтку красавалася выява Мінервы (Афіны), намаляваная на палатне "адным чырвоным колерам".

Пакоі палаца ўпрыгожвала значная колькасць розных па змесце гравюр. Звычайна яны змяшчаліся ў чорныя рамкі і браліся пад шкло. Гэта тры "фантазіі аркушныя", дзесяць, у палову аркуша, "ландшафтаў, маляваных на дрэве" ў чорных рамках (магчыма, гэта маркетры, інкрустацыя), папяровая выява Божай Маці з немаўляткам, у чорнай раме за шклом. Апроч гэтага, у палацы меліся таксама каляровыя гравюры. Архітэктурная гравюра прадстаўлена чатырма выявамі рымскага Пантэона ў вялікіх "шулах" у чорных рамках. Асобна адзначым наяўнасць карт, досыць папулярных, /i/content/pi/cult/320/5704/pic_34.jpgразам з глобусамі, пры аздабленнях тагачасных бібліятэк, кабінетаў. У палацы былі чатыры вялікія геаграфічныя карты пад шклом з выявамі Еўропы, Азіі, Афрыкі, Амерыкі. Меўся таксама план Санкт-Пецярбурга ў чорных рамах. З іншых мастацкіх твораў можна адзначыць гіпсавыя бюсты, а таксама выяву прывязанага да дрэва сатыра з гіпсу.

Палотны, іншыя творы мастацтва размяшчаліся ў пакоях групамі, наўрад ці тэматычнымі. Так, у адным пакоі віселі выявы Маці Божай Чанстахоўскай, партрэты іспанца і старой жанчыны.

Карціны, іх рамы, гравюры стасаваліся з папяровымі шпалерамі ці тканінай на сценах чырвонага, іншых яркіх колераў з узорамі, утвараючы насычаны барочны каларыт інтэр'ера. Мэбля (у тым ліку і англійская) насычанага карычневага, а таксама чырвонага колераў дапаўняла гэтую экспрэсіўную колеравую гаму.

Ігар ВУГЛІК, кандыдат гістарычных навук, дацэнт

На здымках: Станіслаў Альбрэхт Радзівіл; Флігель дзядзілавіцкай сядзібы; абраз Маці Божай Чанстахоўскай ў Камайскім касцёле.