Фельетон замаўлялі?

№ 18 (989) 30.04.2011 - 06.05.2011 г

Заслужаны артыст Беларусі Уладзімір РАДЗІВІЛАЎ адсвяткаваў сваё 50-годдзе і чвэрць стагоддзя творчай дзейнасці новай праграмай “Артыст” на сцэне Белдзяржфілармоніі. Неўза- баве распачнецца тур па краіне.

/i/content/pi/cult/320/5703/pic_31.jpg- Першы канцэрт запланаваны на 25 мая, і адбудзецца ён ва Уздзе - на радзіме маіх бацькоў, дзе з'явіўся на свет і я, бо акурат напярэдадні той падзеі маці паехала да бабулі. Другі канцэрт прысвячу жыхарам мястэчка Круглае на Магілёўшчыне, дзе прайшло маё дзяцінства. Усе нашы сваякі гралі ды спявалі- як жа тут не стаць артыстам? Усе песні, што пачуў ад маці, я з дзяцінства ведаў на памяць.

- Цяпер вас ведаюць нават не як парадыста, колькі як Галоўнага Дзеда Мароза: штогод вы ўдзельнічаеце ў навагоднім прадстаўленні ў Палацы Рэспублікі...

- За 17 гадоў дзедмарозаўскай кар'еры я зразумеў: гэты персанаж, насамрэч, папраўдзе педагагічны, калі можна так сказаць. Бо дзеці ўжо пазнаюць мяне без аніякага футра і посаха - проста па голасе! І дзеляцца сваімі таямніцамі, надзеямі, жаданнямі... Падмануць іх немагчыма!

- А што трэба дарослым?

- Найперш - добры настрой. Цяпер вучу новы маналог - гэткі музычны фельетон.

- Чарговую пародыю?

- Не толькі. Пародыі на беларускіх і расійскіх эстрадных мэтраў сабраны ў дваццаціхвілінную повязь "Сон парадыста". А тут хочацца чагосьці яшчэ, не зусім звычайнага... Лепей прыходзьце паслухаць!

Фота Юрыя ІВАНОВА

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"