Sim-sim: колькі рук і колькі струн?

№ 18 (989) 30.04.2011 - 06.05.2011 г

У межах “Мінскай вясны”, і без таго міжнародна-фестывальнай, нарадзіліся яшчэ два міжнародныя фестывалі: “Дуэцісіма”, дзе валадарылі фартэпіянныя дуэты, і “Мандалінісіма”, прысвечанае гітарна-мандалінна-лютневай музыцы. І хаця ў час канцэртаў музыканты дасягалі найпяшчотнага “піянісіма” (а сыграць “вельмі ціха” куды складаней), абодва святы прайшлі на “фарцісіма”: публіка не шкадавала далоняў, дый розгалас пайшоў такі гучны, што тыя, хто на іх не трапіў, будуць шкадаваць яшчэ год — акурат да наступных.

/i/content/pi/cult/320/5701/pic_29.jpgНа двух раялях у шаснаццаць рук: хто больш?

Кажуць, чэмпіёнам па колькасці стаў адзін балгарскі кампазітар, які ў сваім творы пасадзіў за раяль ажно 24-х піяністаў. А па якасці?.. Дарэчы, мастацкія якасці музыкі, што гучала на "Дуэцісіма", пераўзыходзілі ўсе чаканні. Ну хто б мог падумаць, што Чэрні пісаў яшчэ штосьці, акрамя праславутых эцюдаў, ад якіх "плачуць" усе пачаткоўцы? А ў канцэрце адкрыцця прагучаў ягоны Канцэрт для фартэпіяна ў чатыры рукі з аркестрам - упершыню ў Беларусі. І такіх "упершыню", нават яшчэ больш дзівосных, было багата. Чаго вартыя хаця б "Незямныя рэзанансы" амерыканца Джорджа Крама, быццам сатканыя з музычных шэптаў-шоргатаў. Была і беларуская прэм'ера: спецыяльна да гэтага фестывалю наш Валерый Воранаў, які апошнім часам жыве ў Германіі, напісаў чатырохчасткавы твор у чатыры рукі з канцэпцыйнай назвай "4" і яшчэ больш канцэпцыйнымі назвамі частак, дзе акрэсліваліся выкарыстаныя музычныя сродкі.

Дый сам чатырохдзённы форум нагадваў чатырохчасткавую сімфонію. Быў і ўступ (Адкрыты студэнцкі конкурс фартэпіянных дуэтаў у БДАМ), тэма якога бліснула ў распрацоўцы (лаўрэаты атрымалі права выступіць на самім фэсце). Былі магутныя першая частка і фінал, дзе гучалі канцэрты з аркестрам (на закрыццё, дарэчы, былі сабраны творы для трох раяляў). Было найвіртуознае скерца ("Ліст-гала") і павольная частка ("Вечар прэм'ер" доўжыўся амаль тры гадзіны). Лейтматывам - музыказнаўца Іна Зубрыч. А наш знаны дуэт Наталля Котава - Валерый Баравікоў, што можна было па праве назваць галоўнай партыяй "дуэтнага allegro", стаўся тым імпульсам, з якога і нарадзілася ўсё далейшае развіццё. Акрамя ўласна творчай, імі была праведзена грандыёзная арганізацыйная праца - і ўсё адбылося на самым высокім узроўні: эмблема, сцягі шасці дзяржаў (Канада, Латвія, Літва, Малдова, Расія, Беларусь), буклет, дыскі мінулых фестываляў, майстар-класы...

Дуэтнае выканальніцтва піяністаў перажывае ў свеце свой бум. Беларусь дзякуючы гэтаму форуму - сярод лідараў. Можа, цяпер і кампазітары адгукнуцца больш актыўна? Гэта ж колькі ўсяго можна напрыдумваць - ды яшчэ з тэатральнымі эфектамі!..

 /i/content/pi/cult/320/5701/pic_28.jpg

 Спевы чароўнай рыбкі

 Калі некалькі гадоў таму старшыня Асацыяцыі беларускіх дамрыстаў Мікалай Марэцкі задумваў сваё "Мандалінісіма", далёка не ўсе верылі ў поспех: ну што могуць інструменты з такім ціхім гучаннем? Хтосьці нават пажартаваў: спяваюць, як рыбкі. А тыя аказаліся зачараванымі - і папраўдзе заспявалі. Твор сучаснага мексіканскага кампазітара Э.Ангула, прэзентаваны ў фінале, меў праграмны змест: прыгоды маленькай рыбкі. Атрымаўся неверагодна прыгожы, папраўдзе чароўны відарыс падводнага царства. Дый усе творы - ад старадаўніх да найноўшых - былі падабраны з густам і любоўю.

Акрамя сусветна знакамітых салістаў, некаторыя з якіх так аблюбавалі фестываль, што гатовы ездзіць кожны год, у трохдзённым форуме ўзялі ўдзел два маладзёжныя мандалінна-гітарныя аркестры - з Мінска і Цюрынгіі. Прычым беларусы гралі і нямецкую музыку, а немцы, адпаведна, так заўзята "ўрэзалі" нашу польку "Весялуху" ў апрацоўцы Яраслава Валасюка, што іх можна было прыняць за сапраўдных беларусаў. Адбылася і творчая сустрэча калектываў у Мінскім дзяржаўным музычным вучылішчы імя М.Глінкі. А колькі яшчэ сюрпрызаў засталося для наступнага такога свята!

На здымках: маладзёжны мандалінна-гітарны аркестр Цюрынгіі; дуэт Анатоля Лапіскуса і Юрыя Маховіча з Малдовы.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"