“Кожны горад шэпча штосьці сваё”

№ 33 (799) 18.08.2007 - 24.08.2007 г

Вікторыя КАВАЛЕНЧЫКАВА належыць да асаблівай кагорты мастакоў — яна піша гарады. Яна вандруе па іх, гутарыць з імі і — стварае вобразы іх, чэрпаючы натхненне ў кожным. “Гарады, — кажа маладая мастачка, — гэта цалкам жывыя істоты. Яны размаўляюць і спяваюць, уздыхаюць і маўчаць… Яны кахаюць і сумуюць. Кожны з іх кажа і шэпча штосьці сваё. Трэба толькі прыслухацца…” Нядаўна ў Берлінскай зале “Club spittelkolonnaden” адбылася выстаўка твораў магіляўчанкі Вікторыі Каваленчыкавай “Паралелі”. І наша гаворка з ёю — аб экспазіцыі, аб выстаўцы імпрэсіяністаў у Нацыянальнай галерэі Берліна і проста аб “жывапісе як хобі”.

Самае галоўнае — рытм, у якім жыве горад

— Колькі слоў, для пачатку, пра канцэпцыю тваёй берлінскай экспазіцыі?

— Выстаўка складалася з дзвюх частак: адна прысвячалася арабскаму свету, другая — еўрапейскаму. Я паспрабавала правесці паралелі паміж жыццём гарадоў, якія, на першы погляд, зусім розныя, але ў кожным з якіх ёсць і свая прыгажосць, і свае хваробы.
Крыніцай натхнення першай серыі стаў Ліван. Сёлета мне пашчасціла наведаць Бейрут, і ён зрабіў на мяне вельмі моцнае ўражанне. Я напісала цэлую серыю карцін “у яго гонар” — сем твораў, кожны падае адзін дзень з яго жыцця. Назвала цыкл
 /i/content/pi/cult/126/570/Maxima1.jpg

 В.Каваленчыкава. "Жыццё па правілах"
(з цыкла "Ліванскі дзённік").

“Ліванскі дзённік”. Мяне зачаравала ў Бейруце яго архітэктура, каларыт, а яшчэ яго, так бы мовіць, светапогляд, філасофія... Мне хацелася паказаць, што горад у той жа час з’яўляецца своеасаблівым закладнікам свайго “жыцця па правілах”. Ён нібыта захінуты ў нябачнае адзенне. У супрацьлегласць ліванскаму цыклу была прадстаўлена “еўрапейская серыя”, напісаная ў гарадах Еўропы. У прыватнасці, адна з карцін мае назву “Горад чырвоных ліхтароў”: камерны гарадскі пейзаж, выкананы ў чырвона-бардовай гаме. Я тут абыгрываю назву адной з вядомых вуліц Амстэрдама. Але для мяне прынцыповым было паказаць менавіта розніцу ў адчуванні гарадоў, якія належаць да розных светаў.
Чырвоная вуліца не магла ўзнікнуць у ліванскай серыі: горад там — карычневы, жоўты, вохрысты...

— Якім чынам ты ўвогуле бярэшся пісаць гэты горад, менавіта гэты гарадскі пейзаж, а не які-небудзь іншы?

— Мяне можа ўразіць пэўная дэталь: прыгожы ўзор агароджы ў парку, абрысы моста, суладдзе архітэктурнага ансамбля... З гэтых момантаў у мяне складваецца самае галоўнае — рытм, у якім жыве, дыхае, віруе горад. Сама па сабе прыгожая карцінка не здольная перадаць атмасферу і характар месца, але вось рытміка ліній пейзажа, абраны ракурс, “фактура” колераў — менавіта яны ствараюць мной убачаны свет .
У кожнага поліса ёсць свая душа, гісторыя. Людзі прыходзяць і адыходзяць, а гарады — застаюцца. Яны застаюцца нават тады, калі іх знішчаюць ворагі. Бо горад — гэта заўжды штосьці большае за проста дамы.

— А ў цябе ёсць любімы горад?

— Любімы горад — родны горад. Але калі задумацца, дык мяне вабіць той поліс, які я яшчэ не бачыла, мною яшчэ не адкрыты. Горад, знаёмства з якім не адбылося. Напэўна, так.

 

Маленькія мальберцікі побач з тазікамі

— Вікторыя, як прымалі твае работы ў Еўропе?

— Работы вельмі падабаліся. Увогуле, мне хочацца адзначыць, што ў Еўропе вялікая цікавасць да жывапісу, мастацтва ў цэлым. І творы нашых мастакоў карыстаюцца попытам і ўвагай. Мне давялося бачыць выстаўкі розных мастакоў — і расійскіх, і еўрапейскіх, і нашых — менавіта ў Еўропе, і беларуская школа адразу вылучаецца высокім мастацкім узроўнем і, так бы мовіць, адкрытасцю да свету, цікавасцю да розных культур, напрамкаў, шчырасцю ў пошуках. Да прыкладу, піцерскія мастакі, нягледзячы на іх майстэрства, падаліся мне больш закрытымі ў сваёй культуры, еўрапейскія — плённа развіваюцца на полі эксперыментаў, але часам ім бракуе элементарнай мастацкай адукацыі. З іншага боку, еўрапейцы ўвогуле да мастацтва ставяцца з піетэтам: яны проста абагаўляюць мастацкі свет і ўсё, што з ім звязана.
Магу прывесці такі прыклад. Падчас майго прабывання ў Берліне ў Нацыянальнай галерэі горада экспанавалася выстаўка імпрэсіяністаў. Вялікую калекцыю прывезлі з Метраполітэн-музея з Нью-Йорка. У галерэю проста немагчыма было трапіць. Людзей было процьма! Спачатку трэба было адстаяць чаргу за квітком, а потым дакладна прыйсці ў пазначаны час на выстаўку. Я прыйшла на дзесяць хвілін раней, і... мяне не пусцілі. “Пачакайце, калі ласка”, — папрасілі ў галерэі. Уявіце, якая цікавасць!
Прывяду яшчэ адзін цікавы прыклад стаўлення да жывапісу. У кожным гаспадарчым магазіне (падкрэсліваю — у кожным) у Галандыі і Германіі прадаюцца фарбы і палатніна. Маленькія мальберты там стаяць побач з тазікамі. Калі ласка: гаспадыня прыйшла набыць пральны парашок — і разам з ім купіла сабе мальберт, акрылавыя фарбы і пэндзлі. Прыйшла дадому, намалявала што-небудзь і павесіла на сцяну.
Калі чалавек сам мае дачыненне да творчасці, хай сабе гэтая творчасць і не выходзіць за рамкі “хобі”, але ўявіце, як ён будзе ставіцца да прафесійнага мастацтва. Натуральна ж, з вялікай павагай і захапленнем.

 

Медыя-арт на сцяну не павесіш

— А як жа актуальнае мастацтва, якое плённа развіваецца ў Еўропе?

— Так. Кожная галерэя лічыць абавязковым прадставіць у сваіх сценах экспазіцыю актуальнага мастацтва, канцэптуальныя выстаўкі — інсталяцыі, медыя-арт, пэўныя сінтэтычныя формы. У музеях гэта паўсюль і побач. Аднак жывапіс таксама не страціў свае пазіцыі. Так, “сярэднестатыстычны еўрапеец” сходзіць у музей паглядзець на эксперыменты, але потым ён спакойна зойдзе ў галерэю — і купіць сабе “просты” жывапісны твор. Пагадзіся, медыя-арт ці інсталяцыю на сцяну не павесіш, прынамсі, размясціць у кватэры ці доме аб’ект актуальнага мастацтва не так лёгка, як карціну.

— Магчыма, жывапіс прапаноўвае што-небудзь “у адказ” на актуальныя творы?

— Ён прапаноўвае сам сябе. Чысціню свайго жанру. За гэта яго і любяць. Але еўрапейцы купляюць сапраўды творчыя жывапісныя работы, а не “бярозкі з рэчкай” ці “коцікаў з банцікамі”. Нават гаварыць пра гэта смешна. Жывапіс іх цікавіць як высокае мастацтва, якое раскрывае свет уласцівымі толькі яму сродкамі.

— Якімі сродкамі асабіста ты робіш гэта ў сваіх работах?

— Мне падаецца, што ўсё, што магчыма было сказаць у жывапісе, даўно сказана. Усё, што я магу зрабіць, — гэта выказаць сябе. А дзеля гэтага я шукаю свой почырк, эксперыментую з тэхнікай.
Малюю алеем, аднак імкнуся выкарыстоўваць яго нетрадыцыйна. Раблю яго важкім, штосьці заліваю, падымаю, лесірую... Выкарыстоўваю розныя ракурсы, сумяшчаю іх, і атрымліваецца штосьці, кшталту жывапісу ў “графічнай” манеры. Я імкнуся балансаваць на мяжы абстракцыянізму і рэалізму, каб гарады на маіх палотнах належалі адначасова ўсяму свету і пэўнаму месцу на карце. І мне падаецца, што глядач знаходзіць у маіх карцінах “свой” горад. Нават калі яго і няма ў сапраўдным жыцці і нават калі ён не падобны на сонечны і поўны шчасця “горад-сад”.

Гутарыла Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ

Даведка

Вікторыя КАВАЛЕНЧЫКАВА
нарадзілася ў 1978 годзе ў Магілёве.

Скончыла Рэспубліканскі мастацкі каледж імя І.Ахрэмчыка, Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. У творчым набытку — больш за 35 персанальных і групавых выставак у Беларусі, Швейцарыі, Германіі, Італіі, Бельгіі, Нідэрландах і Расіі. Творы мастачкі можна знайсці ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, Нацыянальным музеі Беларусі, Магілёўскім мастацкім абласным музеі імя П.Масленікава, Магілёўскім музеі этнаграфіі, музеі Беларускай акадэміі мастацтваў, прыватных калекцыях у Германіі, Польшчы, Расіі, ЗША, Бельгіі, Лівана, Швейцарыі, Італіі, Францыі… Апошнія персанальныя выстаўкі адбыліся ў Ратэрдаме (Нідэрланды) у галерэі “Voorhaven1” і Берліне (Германія) у “Club spittelkolonnaden”

Анкета “К”

1. Колер, які натхняе.
Залаты.

2. У якую пару года падабаецца працаваць?
У прахалодную.

3. Любімы мастак.
Імпрэсіяністы.

4.НайболЬш яркі акцёр, актрыса.
Моніка Белучы, Рычард Гір.

5. Любімы Твор?
“Трыумфальная арка” Эрых Марыя Рэмарка.

6. Каго слУхаеш?
Мовы свету.

7. Радзіма — гэта што?

Блізкія людзі.

8. ЛюбімАя кветка?
Стрэліцыя.

“К”