Юбілей з прэм’ерай

№ 18 (989) 30.04.2011 - 06.05.2011 г

4 мая Тэатр-студыя кінаакцёра адзначыць юбілей свайго мастацкага кіраўніка: з нагоды 60-годдзя народнага артыста Беларусі, рэжысёра тэатра і кіно Аляксандра Яфрэмава адбудзецца святочны вечар.

У праграме імпрэзы, апрача традыцыйных у дадзеным выпадку віншаванняў ад калег і прыхільнікаў, абазначаны паказ новай тэлевізійнай стужкі юбіляра - "Немец".

Чатырохсерыйная прыгодніцкая карціна, якая створана на Нацыянальнай студыі "Беларусьфільм", стала адзінаццатай па ліку ў творчай кар'еры майстра. Як і ў папярэдніх стужках Аляксандра Яфрэмава, дзеянне "Немца" разгортваецца ў часы Вялікай Айчыннай: галоўныя героі спрабуюць разгадаць загадку каштоўнага груза, які таямніча знік з блакаднага Ленінграда...

 Праца над фільмам доўжылася цягам года. У ім заняты вядомыя акцёры: Данііл Страхаў, Павел Харланчук, Вікторыя Талстаганава, Павел Дэлонг, Ігар Сігоў, Сяргей Журавель ды іншыя артысты з розных краін.

Чакаецца, што з юбілеем і чарговай прэм'ерай Аляксандра Яфрэмава павіншуюць калегі і прыхільнікі яго таленту з Беларусі і з-за мяжы.

А ў апошнія дні красавіка - пачатку мая тэлеканал "ЛАД" прапануе сваім гледачам рэтраспектыву стужак рэжысёра: "Рыфмуецца з каханнем", "Замах", "Снайпер. Зброя помсты".