З калекцыяй у Ерэван

№ 18 (989) 30.04.2011 - 06.05.2011 г

Начальнік аддзела міжнародных сувязей Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Міхаіл Кажура паведамляе “К”, што ў трэцяй дэкадзе мая пройдуць Дні беларускай культуры ў Арменіі.

Творчыя стасункі паміж дзвюма краінамі - доўгія, трывалыя і плённыя. У свой час армянскія сябры прэзентавалі сваё самабытнае мастацтва ў Мінску. Цяпер - наша чарга збірацца ў Ерэван.

Мяркуецца, натуральна, выступленне лепшых беларускіх творчых калектываў. Гэта Заслужаны калектыў "Дзяржаўны ансамбль танца Беларусі", вакальная група "Чысты голас" і акардэаніст Ігар Квашэвіч. Пройдуць і Дні беларускага кіно, дзе будуць дэманстравацца мастацкія і дакументальныя фільмы, а таксама карціны для дзяцей айчынных кінематаграфістаў. У мерапрыемствах запланаваны таксама ўдзел майстроў народнай творчасці, якія правядуць для армян майстар-класы па розных відах традыцыйных рамёстваў (саломкапляценні, ткацтве, выцінанцы), і выстаўка з калекцыі Музея сучаснага выяўленчага мастацтва пад назвай "Ювелірыка", дзе будуць прадстаўлены работы вядомага беларускага мастака Міколы Кузьміча.