Агучыць дыханнем

№ 18 (989) 30.04.2011 - 06.05.2011 г

У межах V Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Культура. Навука. Творчасць” адбылося ўрачыстае адкрыццё новага аргана ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

/i/content/pi/cult/320/5687/pic_10.jpgАздабленне сур'ёзных навуковых дакладаў выбітнымі музычнымі выступленнямі даўно ўжо стала добрай традыцыяй гэтай навучальнай установы. Дый сярод новых інструментаў, што з'явіліся тут дзякуючы дзяржаўнай і спонсарскай дапамозе, арган не адзіны. Колькі месяцаў таму адбылася прэзентацыя эксклюзіўнай скрыпкі, нядаўна - новай флейты "ад Уладзіміра Співакова". Цяперашні арган - "ад Іагана Трумэра", які прыехаў з Аўстрыі для ўдзелу ва ўрачыстай цырымоніі і першым прадэманстраваў гучанне інструмента публіцы.

Знакаміты аўстрыйскі прафесар наведвае нашых музыкантаў з 1996-га. Некалькі гадоў запар ён ладзіў у нас майстаркласы, "Акадэміі старадаўняй музыкі", таму невыпадкова атрымаў званне Ганаровага доктара БДАМ. Чалавек творчы, апантаны, неабыякавы, ён, да ўсяго, дапамагае ўсім сваім колішнім вучням. Сярод іх- прадстаўнікі 28 краін і наш Уладзімір Неўдах, які ўжо амаль дзесяцігоддзе выкладае ў нас ігру на аргане. Раней заняткі праходзілі на электронным інструменце. Цяпер, атрымаўшы падарунак, Акадэмія музыкі зможа праводзіць арганныя канцэрты.

Інструмент праектавалі і выраблялі на адной з лепшых сучасных арганабудаўнічых фірм у Філіпінах, басовыя трубы - у Санкт-Пецярбургу. Усе разлікі вяліся, зыходзячы з памераў і акустыкі Камернай залы нашай Акадэміі. Атрымаўся такі прыгажун! І- на маленькіх схаваных колах, каб яго было лягчэй перасоўваць.

- Электронны арган, - кажа Уладзімір Неўдах, - усяго толькі сурагат, ён прыдатны хіба для хатніх заняткаў. Цяперашні ж інструмент мае галоўнае - жывое дыханне, гук у ім атрымліваецца рухам паветра, ён - бы жывая істота.

На прэзентацыі разам з І.Трумэрам выступіў студэнцкі Ансамбль старадаўняй музыкі "Бахаўскі гурток". А навучэнцы класаў У.Неўдаха і К.Пагарэлай з Полацка прадэманстравалі сваё майстэрства на наступны дзень - у Архікатэдральным касцёле імя Найсвяцейшай Панны Марыі. Хутка мы пачуем іх ігру і на новым аргане.

Фота Юрыя ІВАНОВА