“Ствараем разам!”

№ 18 (989) 30.04.2011 - 06.05.2011 г

За колькі дзён да прафесійнага свята — Дня друку — у Гродне прайшоў Рэспубліканскі семінар кіраўнікоў дзяржаўных рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ па пытаннях інфармацыйнага забеспячэння асноўных напрамкаў дзяржаўнай палітыкі Рэспублікі Беларусь. У семінары цягам 28 — 29 красавіка прынялі ўдзел звыш 200 чалавек. У першы дзень госці горада над Нёманам наведалі таксама Ліду, Ваўкавыск, Шчучынскі, Гродзенскі раёны, дзе пазнаёміліся з працай рэдакцый рэгіянальных газет, прадпрыемстваў і ўстаноў культуры. Учарашні ж дзень прайшоў у фармаце пленарнага пасяджэння ў Гродзенскім аблвыканкаме, дзе абмяркоўваліся разнастайныя пытанні працы СМІ ў сучасных умовах, падрыхтоўкі журналісцкіх кадраў, выкарыстання новых інфармацыйных тэхналогій і многае іншае.

/i/content/pi/cult/320/5684/pic_6.jpgПравядзенне XV Міжнароднай спецыялізаванай выстаўкі "СМІ ў Беларусі" 4 - 7 мая стала тэмай брыфінгу першага намесніка міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ліліі Ананіч.

Яна адзначыла, што ў нас існуе ўнікальнае інфармацыйнае поле, у якім не знікла традыцыя праводзіць выстаўку СМІ, як гэта адбылося ў некаторых суседніх краінах. Па яе словах, сэнс экспазіцыі ў тым, што ёсць вялікае жаданне прафесіяналаў кантактаваць між сабой у час такіх святаў, як 5 мая - Дзень работнікаў друку - і 7 мая - Дзень работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі.

- Дэвіз нашай выстаўкі - "Ствараем разам!", - дадае першы намеснік міністра, - і ён акцэнтуе ўвагу на неабходнасці ў якаснай, высокапрафесійнай, творчай рабоце кожнага гульца медыйнага поля. Па традыцыі, мы падвядзём вынікі Рэспубліканскага конкурсу сродкаў масавай інфармацыі "Залатая Ліцера", які сёлета праходзіць сёмы раз. Адзначу, што на 25 існуючых у яго рамках намінацый было даслана 300 заявак ад прадстаўнікоў прэсы краіны. Як і ў мінулыя гады, колькасць удзельнікаў узрасла...

За апошнюю пяцігодку, вынікі якой мы падводзім сёння, інфармацыйная прастора Беларусі кардынальна змянілася. Наша прэса дэманструе вельмі добрую эканоміку: павышаюцца ўласныя даходы рэдакцый, многія газеты і часопісы паспяхова працуюць на рынку. Па словах Ліліі Ананіч, некаторыя выданні (сярод іх - і газета "Культура") паспяхова выйшлі на самаакупнасць за апошнія гады.

/i/content/pi/cult/320/5684/pic_7.jpg

Лілія Ананіч адзначыла важнасць таго, што ў нашай краіне ёсць пляцоўка, дзе прэса сустракаецца са сваімі гледачамі, слухачамі і чытачамі, дзе можна зрабіць выснову, хто са СМІ сёння прапаноўвае новыя тэхналогіі, новыя падыходы ў працы. У айчыннай аўдыторыі - багаты выбар: паводле звестак на 1 красавіка, у нашай краіне працуюць 1362 перыядычныя выданні, з іх 666 - газеты.

Акрамя беларускіх выданняў, рэкламных агенцтваў і паліграфічных прадпрыемстваў, удзельнікамі выстаўкі стануць СМІ Расіі, Украіны, Азербайджана, Кітая, Індыі, Кубы, Венесуэлы, выданні беларускай дыяспары за мяжой. Ганаровы госць сёлета- прэса Масквы. Плошча гэтага стэнда - каля 50 квадратных метраў.