Чым уразіць свята?

№ 18 (989) 30.04.2011 - 06.05.2011 г

“Каля 25 тысяч ветэранаў, якія ўдзельнічалі ў баях Вялікай Айчыннай, засталося ў Беларусі”, — такую лічбу агучыў начальнік упраўлення інфармацыі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы — прэс-сакратар Міністэрства абароны краіны Уладзімір Макараў. Некаторыя з мінскіх ветэранаў пройдуць ва ўрачыстым шэсці да плошчы Перамогі, што адбудзецца 9 мая. Паводле шматгадовай традыцыі, удзел у ім бярэ Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка.

/i/content/pi/cult/320/5682/pic_3.jpgНезвычайны канцэрт-спектакль пройдзе ў Палацы Рэспублікі пасля ўрачыстага Сходу ў гонар Дня Перамогі, што адбудзецца напярэдадні свята - 8 мая. Пра гэта паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення мастацтваў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ігар Варонін на прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры, прысвечанай правядзенню святочных мерапрыемстваў з нагоды Дня Перамогі.

- Гэтым разам мы паэксперыментавалі і запрасілі рэжысёра з рэгіёна - гэта Марына Раманоўская, намеснік гендырэктара Цэнтра культуры "Віцебск". Дзякуючы яе ідэям на сталічным свяце з'явяцца новыя нумары... - дадаў Ігар Варонін. На сцэне Палаца Рэспублікі выступяць Акадэмічны ансамбль песні і танца Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, Ірына Дарафеева, Алена Ланская, дзіцячыя, бальныя калектывы Мінска і Віцебска, а таксама шэраг ансамбляў з горада над Дзвіной, маладыя артысты. Глядач пабачыць новую сцэнаграфію са святлодыёдных элементаў.

Начальнік упраўлення культуры Мінгарвыканкама Віталіна Рудзікава расказала таксама, што галоўная пляцоўка правядзення свята 9Мая - гэта Парк Перамогі. Тут у гэты дзень будуць граць духавыя аркестры, прагучыць рэтра-музыка 1940 - 50-х гадоў. Цікавымі падзеямі стануць два пленэры: адзін збярэ каля сотні дзяцей, а другі - вялікую колькасць студэнтаў сярэдніх і вышэйшых навучальных устаноў сферы культуры, членаў Беларускага саюза мастакоў. Апошні працягнецца некалькі месяцаў, і яго вынікі будуць падведзены на Дні горада ў верасні.