Незвычайны канцэрт-спектакль пройдзе ў Палацы Рэспублікі пасля ўрачыстага Сходу ў гонар Дня Перамогі, што адбудзецца напярэдадні свята - 8 мая. Пра гэта паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення мастацтваў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ігар Варонін на прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры, прысвечанай правядзенню святочных мерапрыемстваў з нагоды Дня Перамогі.
- Гэтым разам мы паэксперыментавалі і запрасілі рэжысёра з рэгіёна - гэта Марына Раманоўская, намеснік гендырэктара Цэнтра культуры "Віцебск". Дзякуючы яе ідэям на сталічным свяце з'явяцца новыя нумары... - дадаў Ігар Варонін. На сцэне Палаца Рэспублікі выступяць Акадэмічны ансамбль песні і танца Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, Ірына Дарафеева, Алена Ланская, дзіцячыя, бальныя калектывы Мінска і Віцебска, а таксама шэраг ансамбляў з горада над Дзвіной, маладыя артысты. Глядач пабачыць новую сцэнаграфію са святлодыёдных элементаў.
Начальнік упраўлення культуры Мінгарвыканкама Віталіна Рудзікава расказала таксама, што галоўная пляцоўка правядзення свята 9Мая - гэта Парк Перамогі. Тут у гэты дзень будуць граць духавыя аркестры, прагучыць рэтра-музыка 1940 - 50-х гадоў. Цікавымі падзеямі стануць два пленэры: адзін збярэ каля сотні дзяцей, а другі - вялікую колькасць студэнтаў сярэдніх і вышэйшых навучальных устаноў сферы культуры, членаў Беларускага саюза мастакоў. Апошні працягнецца некалькі месяцаў, і яго вынікі будуць падведзены на Дні горада ў верасні.