Выпускнік Маскоўскага паліграфічнага інстытута, на працягу многіх гадоў ён паспяхова займаецца кніжнай графікай. Аформіў і праілюстраваў больш за 150 кніг, у тым ліку “Рабінзон Круза”, “Прыгоды барона Мюнхаўзена”, “Аліса ў краіне цудаў”, “Беларускія народныя казкі”, быў неаднаразова ўзнагароджаны дыпломамі ўсесаюзных і рэспубліканскіх конкурсаў “Мастацтва кнігі”. М.Казлоў. "Па той бок твару".
А вось персанальных выставак у Мікалая няшмат. Таму станковыя работы мастака — серыі “Старыя цацкі”, “Парад”, “Фантазус” і іншыя, якія захоўваюцца ў яго майстэрні, амаль невядомыя беларускаму гледачу. “Доўгі час я працаваў над ілюстрацыямі да твораў Гофмана, рызыкнуў выйсці за рамкі кніжнай графікі і стварыў вольныя кампазіцыі. Гэта дзівосныя формы, гульня фарбаў, лёгкасць прасторы... Гратэск не толькі ў кампазіцыйным ладзе работ, але і ў колеравым і графічным рашэннях”, — так тлумачыць свае графічныя фантазіі аўтар.
У станковых работах мастак выкарыстоўвае арыгінальную аўтарскую тэхніку. Яна найбольш падыходзіць для адлюстравання яго дзіўных і чароўных вобразаў. Казачныя персанажы, пазнавальныя жыццёвыя і культурныя рэаліі прапушчаны праз прызму ўласнага ўяўлення, фантазіі, пошукаў і перажыванняў. Пры гэтым мастак не столькі аднаўляе пэўныя гістарычныя падзеі,— ён выдумляе свет, якога ніколі не існавала насамрэч. Але гэты свет вельмі прыцягальны, ён святочны і страшнаваты адначасова, дэталёва распрацаваны і ў той жа час абагулены.
Наталля ШАРАНГОВІЧ