Яны былі першымі…

№ 17 (988) 23.04.2011 - 29.04.2011 г

Перад кінакамерай дакументаліста разважаюць, дзеляцца ўспамінамі аўтарытэтныя людзі, якія маюць дачыненне да ліквідацыі наступстваў аварыі, тыя, пра каго сёння кажам — Яныбылі першымі…

/i/content/pi/cult/319/5674/pic_20.jpgУ самых дасканалых тэхналогіях на апошнім этапе ўсё вырашае канкрэтны чалавек, які ў патрэбны час націсне- або не націсне - лёсавырашальную кнопку. Так было і ў 1 гадзіну, 23 хвіліны 40 секунд 26 красавіка 1986 года на Чарнобыльскай АЭС. Некалькі чалавек вырашалі лёсы мільёнаў.

 ...11 сакавіка 2011-га ў Японіі - землятрус магутнасцю ў 8,9 бала, цунамі... Разбураны прыбярэжныя атамныя станцыі. Іх назвы - Фукусіма, Анахама - ва ўсіх на слыху. Як чвэрць стагоддзя таму- слова "Чарнобыль". Знаёмыя і "японскія" лічбы ды тэрміны: чацвёрты энергаблок, 28-кіламетровая зона адсялення.

Радыё, тэлебачанне, а ўслед газеты ўсіх краін апавясцілі аб бядзе, што напаткала Японію,- і ўвесь свет кінуўся ёй на дапамогу.

У нас жа тады, у 1986-м, - інфармацыйная цішыня. Гэта сёння мы ведаем, бадай, усё і адраджаем тэрыторыі, якія 25 гадоў таму накрыў Чарнобыль...

Аляксандр Міхалевіч (акадэмік, у 1986-м - выконваючы абавязкі дырэктара Інстытута ядзернай энергетыкі Акадэміі навук БССР): "Тое, што адбылося ў Чарнобылі- цалкам чалавечы фактар... Дырэктар нашага інстытута Васіль Несцярэнка тэлефануе і гаворыць нейкай эзопавай мовай: называе паўднёва-ўсходні напрамак і адлегласць. Я да карты - адзначыў без лінейкі: Чарнобыль..."

З вечара таго дня замежныя радыёстанцыі ў шчыльна заглушаным эфіры агарошвалі паведамленнямі. У іхніх зводках - не трывога, а паніка: скачок радыяцыі ў Скандынавіі! У неспакоі Польшча, Германія, Англія, Італія!

Алег Мартыненка (у 1986-м - дырэктар Інстытута цеплаі масаабмену АН БССР): "Я ў той дзень быў у Сінгапуры. Праз 50 хвілін пасля выбуху радыё ЗША крычыць: "У атмасферы над СССР - выкід радону! Рускія выпрабоўваюць новую атамную зброю!" І кожную гадзіну - інфармацыя пра дынаміку радыёактыўнасці".

Святлан Сазанкоў (у 1986-м - начальнік Гомельскай абласной міліцыі): "Нядзеля, але ад людзей шмат тэлефанаванняў да нас: што здарылася? Чаго чакаць?.. Праехаў па тэрыторыі вобласці: чорны пыл, трактары буркочуць..."

"Чаго чакаць?" - не ведаў ніхто. Напачатку немагчыма было ўявіць маштаб катастрофы. Ну пажар. Штогод у свеце іх да 45-ці на АЭС. Чарнобыльскі рэактар палае. Ліквідаваць полымя - справа пажарных. Яны па трывозе ўскочылі ў свае машыны - і на станцыю: гасіць полымя- справа штодзённая. Пазней ліквідатары, што засталіся ў жывых, адказвалі на пытанні анкеты: "Ці адчувалі вы страх за сваё жыццё і здароўе ў зоне радыяцыйнага забруджвання?": "Так, адчувалі"- 14%; "Не, не адчувалі" - 41%; "Не задумваліся аб тым" - 45,5%.

Уладзімір Савічаў (у 1986-м- намеснік міністра ўнутраных спраў БССР): "Пажарныя - хай гэта і гучыць пафасна - выявілі сябе, як героі. Спякота стаяла - плюс 30. Яны ж гасілі пажары на рэактары ў сваёй цяжкой амуніцыі- пот з камбінезонаў вылівалі, бы ваду..."

Яны будуць першымі, каго назавуць новым словам "ліквідатар" - гучыць амаль як "тэрмінатар", але яны не кіношныя рамантыкі-пераможцы, а, хутчэй, выратавальнікі, героі, якім якраз і наканавана знаходзіцца ў цэнтры катастрофы. Анкета: "Пад уплывам якіх фактараў вы паехалі працаваць у асаблівую зону?". Адказы: "Пад уплывам шчырага жадання зрабіць унёсак у ліквідацыю наступстваў аварыі" - 75,5%; "Падпарадкуючыся загаду" - 24%; "З жадання выглядаць рашучым" - 0,5%.

 Ілона Сцяпанава (дырэктар Цэнтральнага музея Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь): "Сяржант Васіль Ігнаценка ў ліку першых быў на даху палаючага рэактара. Гэта было месца смяротнага радыяцыйнага апраменьвання. Пажарнік Ігнаценка і яго таварышы не думалі пра гэта. Крочылі па расплаўленым бітуме, скідвалі графіт, што гарэў, долу..."

На ацалелым ускрайку рэактара паставілі чырвоны сцяг. Але праз месяц ён счарнеў: "скруціла" радыяцыя... Паставілі новы - і той яна "зжэрла". Сцягі ўсё ставілі, ставілі...

Вясна 86-га выдалася сонечнай. Актыўна ішла сяўба, наперадзе былі светлыя святы: 1 Мая, затым, 4-га, - Вялікдзень. Праз дзевяць дзён Радаўніца - у той дзень беларусы традыцыйна раскідваюць абрусы на могілках. Так было і ў трох раёнах Беларусі, што межавалі з мясцінамі Чарнобыля: Нараўлянскім, Хойніцкім і Брагінскім. Але з раніцы 26 красавіка там паўзлі чуткі пра пажар на атамнай станцыі. Пакуль што- толькі пра пажар. Пакуль... Але ўжо станавілася неяк страшнавата. Размовы сведкаў дайшлі да начальніка Брагінскага РАУС Уладзіміра Грыба:

- Я кінуўся у райаддзел, стаў тэлефанаваць ва ўпраўленне. Там мяне супакоілі: ніякіх экстранных паведамленняў пакуль няма. Я дастаў з сейфа дакументы з грыфам "Сакрэтна". Вось ён, план дзейнічання на выпадак незвычайных абставін на ЧАЭС! Але чаму ўсе маўчаць?!

Святлан Сазанкоў: "Шмат нашых жыхароў, якія працавалі на станцыі, прынеслі з начной змены вестку: на станцыі - выбух, ёсць ахвяры... Бачна: вялікая бяда! Я тэлефаную дзяжурнаму ў Міністэрства. Ён: калі што здарылася надзвычайнае - паведамяць у свой час..."

 "Свой час", як мы ведаем, наступіў ажно на пяты дзень... Але ў Беларусі знайшліся і тыя, хто ў незразумелых абставінах пачаў дзейнічаць. У ноч на 2 мая ўся Гомельская міліцыя была паднята па трывозе.

Святлан Сазанкоў: "Я пачаў фарміраваць атрады МУС, дадаваць ім маскі, рэспіратары - што знайшлося. Размеркаваўшы атрады па населеных пунктах, той жа ноччу раз'ехаліся".

Віктар Піскароў (у 1986-м - міністр унутраных спраў БССР): "У нас ні вымяральнай апаратуры, ні методык ліквідацыі, ні сродкаў індывідуальнай абароны, ні спецвопраткі, ні тэхнікі- нічога не было. Міліцыя засталася сам-насам з бядой".

Уладзімір Савічаў: "Аўтар не вядомы, але нехта на карце цыркулем абвёў вакол станцыі кола - радыус 30 км".

Так з'явілася "чарнобыльская зона". Але: як адгарадзіць "зону"? Дзе ўзяць 10 тысяч слупоў? Чым ашкурваць зрэзаныя бярвёны? Чым капаць 10 тысяч лунак? Дзе ўзяць такую колькасць дроту? Як нацягваць яго ў некалькі радоў на працягу 186 кіламетраў па перыметры зоны? Дзе ўзяць трафарэты для знакаў забароны? Як адсяляць такую колькасць людзей? Куды іх везці?.. І ўрэшце: хто гэта павінен рабіць?

Віктар Піскароў: "Мы паставілі гэтыя пытанні. Нам адказалі: "Вы". "Якім чынам?" "А як хочаце, але каб было зроблена". Зрабілі. Да таго ж, угаворвалі кожнага жыхара - псіхолагі! - пакінуць роднае гняздо, падкормлівалі і вывозілі нямоглых старых, клапаціліся пра медыцынскае абследванне жыхароў, адлоўлівалі- да сотні штодзень! - марадзёраў, што лезлі ў зону абрабоўваць кінутыя магазіны і хаты..."

Васіль Неўмяржыцкі (у 1986-м- супрацоўнік аператыўнага штаба Міністэрства ўнутраных спраў БССР): "Прыбылі ў зону з атрадам, спыніліся ў лесе, каб перакусіць. Вушы раптам заклала. І ў роце - прысмак металу... "

А сяржант пажарнай службы Васіль Ігнаценка і яго таварышы, якія неяк прыглушылі палаючы рэактар, ніякага прысмаку ўжо не адчувалі: яны ўжо не маглі есці. У першыя дні мая іх, апрамененых смяротнай дозай, адправілі ў Маскву. З бакавых, верхніх і ніжніх палат, што суседнічалі з іхняй, адсялілі пацыентаў: так "ззялі" пажарнікі-героі... У радыяцыйнай зоне працягвалася штодзённая праца.

Мікалай Чылікін (у 1986-м - намеснік камандзіра 1-га зводнага атрада Міністэрства ўнутраных спраў): "Нам выдалі індывідуальныя дазіметры-"накапляльнікі". Там адхілялася стрэлка. Але іх кожныя два-тры дні трэба было падзараджаць. А мы месяц іх насілі на сабе, баяліся згубіць: раптам адказваць давядзецца... Праз месяц жа нехта прыехаў, зваліў усе нашы "накапляльнікі" ў адну скрыню і адбыў..."

Вячаслаў Оськін (у 1986-м - супрацоўнік аператыўнага штаба Міністэрства ўнутраных спраў БССР): "Нам выдалі карткі індывідуальнага ўліку апраменьвання. Але ніхто не ведаў, чым, што і як замяраць. Карткі так і засталіся чыстымі".

Васіль Неўмяржыцкі: "Нарэшце, нам выдалі рэспіратары. Але ж у насельніцтва іх няма - можа выклікаць паніку!".

Мікалай Чылікін: "І мы іх вырашылі не надзяваць. Уяўляеце: бабка бульбу праполвае, а тут - галава ў рэспіратары!".

Вячаслаў Оськін: "Аніхто з нас не апранаў маску. Нейкі чыноўнік прыехаў у масцы, ва "ўніформе", дык яго там у вёсцы абсвісталі..." Прыбудуць дзяржаўныя камісіі, 340 тысяч ваенных, прызваных з запасу для працы ў "зоне", полк хімабароны, прыедуць вучоныя: фізікі, ядзершчыкі, з Гідрамета, з Геолагаразведкі... Але - пасля. А гэтыя - пажарнікі, медыкі, верталётчыкі, паставыя, "гаішнікі", дазіметрысты, шафёры, участковыя - былі першымі.

А што - пасля? Ва ўсіх краінах распрацавалі праграмы ліквідацыі не толькі праектных, мяркуемых штатных, сітуацый на АЭС, але і "запраектных", няштатных, як тое адбылося ў Чарнобылі, як адбываецца цяпер у Японіі. У СССР пасля Чарнобыльскай катастрофы стварылі Міністэрства надзвычайных сітуацый, Міністэрства атамнай энергетыкі.

У Беларусі намаганнямі акадэміка Я.Канаплі адкрылі ўнікальны Інстытут радыёбіялогіі, які распрацоўвае методыкі змяншэння радыяцыі ў сельскагаспадарчай прадукцыі, стварае медыкаменты для барацьбы з апраменьчымі хваробамі.

У Крымінальны кодэкс БССР аб адміністрацыйных правапарушэннях было ўнесена дапаўненне ў выглядзе параграфа 46-прым "Аб парушэнні рэжыму радыяцыйнай бяспекі" .

У лексіцы жыхароў Беларусі звычныя новыя словы: "ліквідатар", "дазіметр","мілірэнтген". З'явіліся вуліцы ў Мінску і Гомелі імя Ігнаценкі, Малайчука, Барысенкі. Не ўсе ведаюць, што гэта - у гонар тых, першых пажарных.

На перасячэнні сталічных вуліц Арлоўскай і Карастаянавай узведзена царква Маці Божай "Узысканне загінулых". У яе пабудову ўклалі свае асабістыя грошы ліквідатары. Па круглых датах сумнавядомай Чарнобыльскай трагедыі яны, хто ацалеў, збіраюцца тут...

Уладзімір АРЛОЎ, кінарэжысёр