Сфарміраваць попыт на патэнцыял унікальнасці

№ 17 (988) 23.04.2011 - 29.04.2011 г

Па маршрутах новага жыцця: рэальныя вынікі дзяржаўных праграм

Новы этап развіцця cяла: постчарнобыльскі кантэкст

На працягу апошніх гадоў на Беларусі рэалізоўваліся чатыры Дзяржаўныя праграмы па пераадоленні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Толькі за апошнюю пяцігодку, паводле даных Дэпартамента па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь, пад гэтыя мерапрыемствы было выдаткавана больш за 3,6 трыльёна рублёў, на пацярпелых тэрыторыях было пабудавана звыш тысячы кватэр, істотна мадэрнізавана матэрыяльная база медыцынскіх устаноў, а ў рамках прэзідэнцкай праграмы "Дзеці Беларусі" (падпраграма "Дзеці Чарнобыля") было ўведзена ў дзеянне некалькі агульнаадукацыйных школ, значна палепшылася кадравае забеспячэнне ўстаноў медыцыны, адукацыі, культуры...

Як было заяўлена днямі пад час сустрэчы кіраўніцтва Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь з удзельнікамі ліквідацыі аварыі на Чарнобыльскай АЭС, на рэалізацыю чатырох дзяржаўных праграм у названым кірунку было затрачана больш за 19 мільярдаў долараў ЗША - гэта прыкладна два гадавыя бюджэты краіны. Па словах Старшыні ніжняй палаты беларускага парламента Уладзіміра Андрэйчанкі, агульны аб'ём фінансавання наступнай, пятай, Дзяржаўнай праграмы, разлічанай на перыяд да 2015 года, складзе прыкладна 7 трыльёнаў беларускіх рублёў. Навізной чарговай праграмы з'явяцца інавацыйныя праекты, накіраваныя на сацыяльна-эканамічнае развіццё чарнобыльскіх тэрыторый...

Падвядзенню вынікаў мінімізацыі чарнобыльскай бяды быў прысвечаны двухдзённы міжнародны прэс-тур у Гомельскую вобласць. Журналісты з Беларусі, Расіі, Украіны наведалі Гомель, Ветку, Чачэрск і Чачэрскі раён Гомельскай вобласці. Натуральна, у першую чаргу цікавіла развіццё культуры, і нават шырэй - сацыякультурнай сферы ў гэтых раёнах. Убачанае пераканала, што намаганні дзяржавы па паляпшэнні ўзроўню жыцця тых людзей, што пражываюць у Веткаўскім і Чачэрскім раёнах Гомельскай вобласці, - адбіваюцца не проста ў сухіх статыстычных фактах і лічбах, а ў рэальных дзеяннях. Калі ж казаць уласна пра культуру, то зроблена ў згаданым кірунку нямала. Тым больш, абодва райцэнтры ўваходзяць у "Залатое кольца Гомельшчыны", і ўвага да аб'ектаў спадчыны тут заўсёды асаблівая... Цягам прэс-тура разам з калегамі пабачыў шмат цікавых рэалізаваных праектаў і адметных ініцыятыў. Пра іх і пра надзённы клопат двух раёнаў Гомельшчыны і пойдзе гаворка ў артыкуле.__ 

 

У журналісцкім аўтобусе

 

Гэтая паездка паводле фармату канцэптуальна адрознівалася ад папярэдніх камандзіровак. Найперш тым, што больш за чвэрць яе часу правёў у дарозе - у журналісцкім аўтобусе. Не толькі пераезды, але і размовы з калегамі, у тым ліку з Расіі і Украіны, іх уражанні ад убачанага маглі б стаць своеасаблівым сацыялагічным апытаннем, якім зазвычай адкрываем артыкулы рубрыкі.

Яшчэ па дарозе на Гомельшчыну калегі з Расіі і Украіны цікавіліся ў беларускіх журналістаў медыцынскім абслугоўваннем насельніцтва ў пацярпелых раёнах, найноўшым абсталяваннем бальніц, тымі навуковымі праектамі, якія ажыццяўляюцца на базе даледчых устаноў Гомеля. Расіяне і ўкраінцы пыталіся таксама, ці прымаюць нашы дактары пацыентаў з краін-суседак.

А культурным уражаннем "нумар адзін" у паездцы для журналістаў стаў знакаміты не толькі на ўсю Беларусь Веткаўскі музей народнай творчасці, пра які "К" неаднойчы пісала. Тое не здзіўляе: установу добра ведаюць як у краінах СНД, так і ў Еўропе. 

 

/i/content/pi/cult/319/5668/pic_16.jpgАд музея да ваенкамата

 Словы пра веткаўскі музей сказаны без перабольшання і пафасу. Яшчэ ў час СССР установа была ўключана ва ўсесаюзныя турыстычныя праграмы, і яе наведвала штогод да 60 тысяч чалавек.

Цяпер, натуральна, колькасць наведвальнікаў скарацілася, але ўсё адно Веткаўскі музей народнай творчасці - адна з найлепшых устаноў культуры краіны. Працуюць тут высакакласныя спецыялісты, а экскурсію, якую праводзіць па музейных залах дырэктар установы Галіна Нячаева, можна смела запісваць на дыскі і прадаваць усім ахвотным - настолькі яна цікавая, змястоўная і арыгінальная.

Іншая справа, што для паўнацэннай яркай выставачнай дзейнасці не стае плошчаў. Хоць, падаецца, пытанне паступова вырашаецца. На баланс аддзела культуры колькі гадоў таму быў перададзены былы будынак райваенкамата, што месціцца ў цэнтры горада. Паводле плана, у хуткім часе там павінен быў паўстаць яшчэ адзін музейны корпус. Але летась грошай хапіла толькі на тое, каб разабраць дах гэтага будынка.

Згодна з невялікім апытаннем, якое я правёў перад наведаннем музея, жыхароў райцэнтра турбуюць і іншыя праблемы: РДК - у аварыйным стане, стары парк культуры і адпачынку - занядбаны...

Начальнік аддзела культуры Веткаўскага райвыканкама Уладзімір Мельнікаў даў такі каментарый з гэтай нагоды:

- Так, сапраўды, мы пачалі рабіць у былым будынку райваенкамата рамонт. Летась з упраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама нам выдаткавалі пад гэтыя мэты 62,8 мільёна рублёў. На працяг рамонту грошай пакуль што няма... Што да раённага Дома культуры, дык у наступным годзе будзем рабіць праектна-каштарысную дакументацыю пад капітальны рамонт і рэканструкцыю гэтага аб'екта. Работы распачнём у 2013-м: зробім прыбудову да ГДК, дзе размесцім шэраг кабінетаў для гуртковай работы, каб стварыць належныя ўмовы для адпачынку моладзі горада. Называцца гэтая ўстанова пасля рэканструкцыі будзе інакш: Гарадскі цэнтр дасугу. Таму будзем прасіць абласное ўпраўленне культуры выдаткаваць нам грошы на падрыхтоўку праектна-каштарыснай дакументацыі (па маіх падліках, яна абыдзецца прыкладна ў 500 мільёнаў рублёў). А ці будзе ўсё так, як плануем, пакажа час.

 

Калектыў са стажам

Чачэрскі раён уваходзіць у спіс найбольш пацярпелых у выніку аварыі на ЧАЭС.

Да 1986 года на Чачэршчыне пражывала больш за 30 тысяч чалавек, цяпер - 16. Аднак пабачанае ў рамках прэстура сведчыць пераканаўча і лепш за любыя словы: рэгіён развіваецца па сваім унікальным шляху ў рэчышчы сучаснасці і дзяржаўнага клопату пра пацярпелыя раёны.

Вось, скажам, вёска Залессе. Яна атрымала статус аграгарадка ў 2007 годзе. Цяпер тут пражывае каля 500 жыхароў, функцыянуе камунальнае сельскагаспадарчае прадпрыемства "Звязда", адно з лепшых у раёне, ёсць шэраг сацыякультурных аб'ектаў: школа на 150 вучняў, фельчарска-акушэрскі пункт, камбінат бытавога абслугоўвання і, натуральна, аграгарадоцкі "агмень" культуры - Залескі культурна-канцэртны цэнтр.

Ва ўстанове ёсць усё неабходнае для выніковай дзейнасці: адрамантаваныя танцавальная і глядзельная (на 150 месцаў) залы, найноўшая тэхнічная апаратура. Пры ККЦ працуе Залескі народны хор, створаны яшчэ ў 1935 годзе, - калектыў-старажыл, унікальная з'ява не толькі для Гомельшчыны, але і для Беларусі.

Як распавяла дырэктар установы Наталля Гунькова, у Культурна-канцэртным цэнтры працуе восем гурткоў і аматарскіх аб'яднанняў. Цягам 2010 года на платных паслугах мясцовыя культработнікі зарабілі блізу трох мільёнаў рублёў. Не так ужо і мала, калі ўлічыць, што ў паселішчы пражывае прыкладна 100 чалавек ва ўзросце ад 14 да 30 гадоў - асноўная ўзроставая катэгорыя наведвальнікаў дыскатэк і кінасеансаў...

У будынку ККЦ месціцца таксама і бібліятэка. Фонд яе, па словах бібліятэкара Марыны Хрысцінай, досыць вялікі - 15 тысяч экзэмпляраў. Ёсць багаты выбар перыядычных выданняў: 11 назваў газет і 21 найменне часопісаў... Словам, культурнае жыццё ў аграгарадку - паўнацэннае і нічым не адрозніваецца ад тых вясковых паселішчаў, што я наведваў у іншых рэгіёнах Беларусі.

 

/i/content/pi/cult/319/5668/pic_17.jpgМузей у Ратушы

Адна з найцікавейшых устаноў культуры Чачэрска - мясцовы гісторыка-этнаграфічны музей. Ён месціцца ў помніку архітэктуры Рэспубліканскага значэння - гарадской ратушы, пабудаванай у канцы XVIII стагоддзя па загадзе генерал-губернатара графаў Чарнышовых-Круглікавых. Будынак гэты - каменная пабудова з пяццю драўлянымі вежамі - унікальны паводле сваёй архітэктуры і варты наведання кожнага заезджага айчыннага і замежнага турыста...

Багатая на цікавосткі і экспазіцыя музея, бо фонд установы культуры - звыш 18 тысяч адзінак захоўвання. Тут можна ўбачыць і ўнікальную калекцыю ручнікоў, і старадаўнія арыгінальныя побытавыя рэчы пачатку XIX стагоддзя - падсвечнік, гадзіннік, кандэлябр, а цікавае завяршэнне музейнай экскурсіі - "узыход" на самы верх установы, у адну з вежаў музея, у якой можна ўбачыць Чачэрск з вышыні птушынага палёту...

Акрамя традыцыйных форм работы - экскурсій і выставак, - чачэрскія музейшчыкі цягам 2010га наладзілі работу музычнага салона, правялі акцыю "Ноч музеяў", а сумесна з мясцовым ЗАГСам у залах ратушы неаднаразова адбывалася заключэнне шлюбаў з элементамі тэатралізавацыі.

 Па словах дырэктара Чачэрскага гісторыка-этнаграфічнага музея Алены Новікавай, цягам апошніх гадоў ва ўстанове быў рэалізаваны праект "Захаванне гісторыка-культурных традыцый Чачэршчыны", прафінансаваны пры дапамозе Швейцарыі і Праграмы развіцця ААН. На грошы спонсараў абсталявана экспазіцыйная зала "Рэха Чарнобыля", набыта найноўшае тэхнічнае абсталяванне: камп'ютар, сканер, прынтар і ксеракс, а таксама лічбавы фотаапарат для фарміравання базы даных музейных калекцый. Таксама ў рамках праекта былі праведзены перасоўныя выстаўкі твораў інакапісу, прадметаў побыту і этнаграфіі з фондаў музея, што былі сабраны ў выніку экспедыцый музейшчыкаў у выселеныя вёскі. А яшчэ супрацоўнікі музея падрыхтавалі і выдалі невялікім накладам зборнік "Адселеныя, але не забытыя" - пра 43 населеныя пункты Чачэршчыны, што былі адселены ў сувязі з катастрофай на Чарнобыльскай АЭС...

 

/i/content/pi/cult/319/5668/pic_18.jpgНаведанне Чачэршчыны паказала, што ў сацыякультурным развіцці раёна ёсць шмат станоўчага. Старшыня Чачэрскага раённага выканаўчага камітэта Іван КОМ пазнаёміў журналістаў з жыццём раёна, з перспектывамі яго развіцця, распавёўшы, у тым ліку, і пра сферу культуры рэгіёна. Увага да яе тут, як і ў іншых чарнобыльскіх раёнах, - найвялікшая. Шчыра і адкрыта распавёў кіраўнік Чачэршчыны ў фармаце прэс-канферэнцыі пра тыя праблемы, што найбольш актуальныя для гэтага краю. Асобны блок пытанняў, адказы на якія і прапануем ніжэй, былі зададзены карэспандэнтам "Культуры".

 

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Капітальны рамонт гарадскога Дома культуры ў райцэнтры доўжыцца ўжо трэці год. Калі ж ён будзе завершаны? Гэтае пытанне актуальнае яшчэ і таму, што ўсе супрацоўнікі ГДК, раённага метадычнага цэнтра, Цэнтра рамёстваў месцяцца цяпер у былой сядзібе графаў Чарнышовых-Круглікавых, а ўмовы для працы там не надта спрыяльныя...

Іван КОМ:

- Так, рамонт ГДК - адна з самых балючых праблем у сферы культуры горада. Я выдатна разумею, як цяжка цяпер і культработнікам, і дзецям, якія вымушаны хадзіць у будынак былой графскай сядзібы, працаваць там у неспрыяльных умовах... Але на сёння іншага выйсця ў нас няма. Магу сказаць, што сёлета работы ў ГДК будуць прадоўжаны: арганізацыі "Гомельрэстаўрацыя", якая займаецца рамонтам установы культуры, пад працяг работ выдаткавана прыкладна 600 мільёнаў рублёў.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- А ці плануюцца рэстаўрацыйныя работы ў самой былой сядзібе Чарнышовых-Круглікавых - помніку архітэктуры XIX стагоддзя? Аб'ект досыць цікавы ў плане турыстычнага патэнцыялу...

 Іван КОМ:

- Не толькі гэты аб'ект цікавы для турыста. Маем у райцэнтры і ўнікальную гарадскую ратушу, і Спаса-Праабражэнскую царкву ХVІІІ стагоддзя, ды і ўвогуле наш горад уключаны ў праект "Залатое кольца Гомельшчыны". Таму ўвага да аб'ектаў гісторыкакультурнай спадчыны ў нас заўсёды вялікая. Але ж шмат залежыць і ад наяўных сродкаў, якіх пакуль што не стае. Таму нават праектна-каштарысная дакументацыя на гэты аб'ект пакуль што не зроблена, не кажучы пра пачатак рамонтных работ. Хоць, вядома, мне вельмі карціць бачыць гэтую гістарычную сядзібу дагледжанай і адрамантаванай. Цяпер спрабуем выйсці на кантакт з нашчадкамі графаў. Можа, яны змогуць дапамагчы нам з рэстаўрацыяй гэтага аб'екта...

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Яшчэ адзін аб'ект увагі - гарадскі парк. Работы па добраўпарадкаванні яго тэрыторыі ўжо вядуцца, але, наколькі ведаю, яшчэ не скончаны...

Іван КОМ:

- Асноўную частку работ мы ў гарадскім парку скончылі, але яшчэ застаўся ладны кавалак працы. Сёлета будзем завяршаць усе работы ў амфітэатры, пачнём асфальтаванне дарожак, прадоўжым усталяванне агароджы і паставім у парку дзіцячы атракцыён. Грошы пад гэта ў нас ёсць.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Пытанне - пра рамонт Нясімкавіцкага цэнтральнага сельскага дома культуры: аграгарадоцкі аб'ект павінен былі здаць яшчэ ў 2009 годзе...

Іван КОМ:

- Сапраўды, з-за недахопу фінансавых сродкаў Нясімкавіцкі ЦСДК мы пакуль што не здалі. Але пэўныя работы там ужо праведзены: па замене даху, вокнаў... Сёлета плануем зрабіць танцавальную залу, адрамантаваць унутраныя памяшканні.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- І апошняе. Як вядома, у так званых чарнобыльскіх раёнах заўсёды актуальным застаецца кадравая праблема. Наколькі вострая яна на Чачэршчыне?

Іван КОМ: - Паводле замацоўвання маладых спецыялістаў у раёне мы выйшлі летась на паказчык у 66 працэнтаў. Раней гэтая лічба была каля 25-ці. Рост, лічу, - даволі значны. Заахвочваем маладых спецыялістаў грашовымі надбаўкамі, выдаткоўваем жыллё, пастаянна адсочваем усе магчымыя праблемы... Зразумела, трэба яшчэ больш працаваць з кадрамі, і, у прыватнасці, падцягнуць працэнт спецыялістаў у аддзеле культуры, каб было больш высакакласных культработнікаў. Бо, натуральна, ад якасці іх працы залежыць і якасць тых мерапрыемстваў, што ладзяцца ў раёне. Яшчэ мне хацелася б, каб больш увагі ў аддзеле культуры надавалі тым калектывам са званнямі, што працуюць на Чачэршчыне, - іх у нас восем. Іх трэба захаваць, працаваць з імі, развіваць, каб не страціць... Бо раней у тым жа Залескім народным хоры, што вядомы не толькі на Гомельшчыне, а і ў Беларусі, было блізу 90 удзельнікаў, цяпер - толькі 20. Таму праца з народнымі калектывамі для нас прыярытэтная. Можа, у нас яшчэ не ўсё добра ў сацыяльнай сферы, але мы паступова выпраўляем гэтую сітуацыю. У нас шмат ладзіцца маладзёжных мерапрыемстваў, шырока вядомы ў раёне фестываль з удзелам Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга, які пройдзе на Чачэршчыне ў пяты раз. Упэўнены, сацыякультурнае развіццё горада ў хуткім часе выйдзе на новы, больш якасны, узровень.

 

 

Дэталь да агульнай карціны

 CORE для ЦБС  

 Цягам апошніх гадоў у дзіцячай бібліятэцы Чачэрска ў рамках Міжнароднай праграмы CORE быў рэалізаваны праект "Гэта наша зямля, і нам на ёй жыць". Распрацоўкай і ўвасабленнем праекта займалася цяперашні начальнік аддзела культуры Чачэрскага райвыканкама, а ў той час - дырэктар ЦБС раёна, Марыя Багданава.  

 Як вядома, CORE - гэта інавацыйная міжнародная ініцыятыва па паляпшэнні ўмоў жыцця людзей у раёнах, пацярпелых ад Чарнобыльскай катастрофы. У межах сумеснага праекта Чачэрскай ЦБС было атрымана фінансаванне ў памеры 15 мільёнаў рублёў. На гэтую суму былі закуплены выданні экалагічнай тэматыкі колькасцю у дзве тысячы экзэмпляраў, арганізавана праца тэатральнага экагуртка "Флорык", усталявана камп'ютарная тэхніка, набыты вітрыны, а кульмінацыяй праекта сталася адкрыццё ў Дзіцячай бібліятэцы Чачэрска інфармацыйнага цэнтра "Экалогія і здароўе".

Таму цяпер ва ўстанове культуры пастаянна ладзяцца экавечары, экатурніры, Дні юнага эколага, конкурсы і віктарыны прыродазнаўчай тэматыкі, а ў рабоце інфармацыйнага цэнтра заўсёды ўдзельнічаюць супрацоўнікі Цэнтральнай раённай бальніцы, раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.   

 

У якасці пасляслоўя

 Начальнік упраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама Дзмітрый ЧУМАКОЎ:

- Матэрыяльна-тэхнічная база шэрагу аб'ектаў культуры Веткаўскага і Чачэрскага раёна застаецца пакуль яшчэ не на ўзроўні. Аднак мы сёлета прадоўжым рамонт Чачэрскага гарадскога дома культуры, запланаваны грашовыя сродкі і на працяг рамонту Нясімкавіцкага ЦСДК Чачэрскага раёна. Плануем завяршэнне рамонтных работ на гэтым аб'екце ў 2012 годзе.

Ды і кадравая сітуацыя на Гомельшчыне застаецца досыць складанай як па адукацыйным, так і па якасным цэнзе. Асабліва гэта тычыцца так званых чарнобыльскіх раёнаў, у тым ліку Веткаўскага. Хаця не магу не адзначыць той факт, што кадравая сітуацыя цягам апошніх гадоў палепшылася ў Чачэрскім раёне: там узрос працэнт спецыялістаў як у галіне клубнай, так і бібліятэчнай работы.

 

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"