“Мне не сказалі “ОК”, або Задорнаў “расхуліганіўся”

№ 17 (988) 23.04.2011 - 29.04.2011 г

21 і 22 красавіка на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага — “Запіскі стомленага рамантыка” ў пастаноўцы рэжысёра Ігара Кулікова, створаныя паводле твораў Міхаіла ЗАДОРНАВА. Адыходзячы ад звыклага для многіх тэлевізійна-сатырычнага амплуа, напярэдадні прэм’еры Міхаіл Мікалаевіч разважаў пра тэатр.

/i/content/pi/cult/319/5666/pic_12.jpg- Пасля таго, як я мінулым разам - год таму - быў на Беларусі, напісаў у "Жывым журнале" тое, што думаю пра вашу краіну. І калі раней у мяне ў ЖЖ было 19 тысяч сяброў, то пасля таго поста адразу стала 20 тысяч! Бо ў Расіі вельмі шмат людзей гэтак жа цёпла ставяцца да вашай краіны, як і я.

- Ці даўно тэатр зацікавіў вас як сфера творчых намаганняў?

- Даўно, але ж я- "нефармат" для тэатра. Таму што сёння, калі ты прыносіш у тэатр вясёлую п'есу, у якой няма монстраў, брыдоты, "чарнухі" і дэпрэсухі, у большасці расійскіх тэатраў табой нават не зацікавяцца. Такім чынам, калі акурат год таму я быў у Беларусі і ўзнікла ідэя паставіць... апавяданні пра каханне - не сатырычныя!, - мне гэта вельмі спадабалася. Я, у сваю чаргу, прапанаваў добрага рэжысёра Ігара Кулікова з Рыгі, які ўжо зарэкамендаваў сябе. Дарэчы, у свой час дапамог іх Маладзёжнаму тэатру, так бы мовіць, стаць на ногі. Усе яго артысты - рускамоўныя рыжане, і ім было складана атрымаць адукацыю ў сябе дома. Таму я даў ім 70 тысяч еўра на прафесійную адукацыю, дзякуючы чаму яны маюць дыпломы Яраслаўскага тэатральнага вучылішча. І- больш за тое - сёння збіраюць сваю залу. А што для гэтага патрэбна было? Я правёў у іхняй зале некалькі сваіх канцэртаў, на якія прыйшлі людзі. Яны ўбачылі новую тэатральную прастору, пазнаёміліся з афішамі калектыву, і сёння ўжо тыя гледачы ходзяць на іх спектаклі. Людзі адкрылі для сябе, што, акрамя прывазной антрэпрызы, зарыентаванай на тэмы "ніжэй пояса", бываюць і тэатры, якія паляпшаюць настрой!

- Як ацэньваеце рэпетыцыйны працэс у Мінску?

- Бачыў яго ў пераломны момант. Як вядома, усе акцёры, якія атрымалі школу, а маладыя - у большай ступені, стараюцца, так бы мовіць, трымаць прафесійную важнасць. А тут, наадварот, неабходна было разняволіцца, расхуліганіцца, па-вахтангаўску праявіць сваю акцёрскую фантазію. І, мушу сказаць, яны так разышліся, што іх немагчыма было спыніць!

- А як вы ставіцеся да таго, што тэатры часам перарабляюць аўтарскія п'есы?

- Я- на баку драматургаў. Мне падабаецца, калі акцёры шукаюць дзеянне, і калі з акцёрскага існавання вынікае пажаданне ўнесці пэўныя змены ў тэкст, я гэта раблю: рэдагую, дапісваю рэплікі або нават цэлыя сцэны. Але для мяне важна, што да мяне звяртаюцца, каб я папрацаваў з тэкстам. А вось калі рэжысёры бяруць якую заўгодна п'есу і пачынаюць яе выкручваць навыварат, я бачу ў гэтым толькі творчую бездапаможнасць.

- На вашу думку, чым новы спектакль будзе цікавы гледачам?

- Ніколі не адкажу вам на гэтае пытанне. Жадаеце пачуць: "Усё цудоўна, прыходзьце - не пашкадуеце!"? Я лічу, што ў дадзенай пастаноўцы Ігар Кулікоў дасягае галоўнага: паляпшае настрой гледачоў. Гэта - наша звышзадача. Яшчэ на самым пачатку, калі мы абмяркоўвалі дэталі будучага спектакля, я адзначыў: мне сказалі не "ОК", а "Добре!". Значыць, падумаў, кантакт і поспех - будуць!

- Спектакль называецца "Запіскі стомленага рамантыка". Можаце патлумачыць, чаму менавіта так?

- Ну паглядзіце на мяне ўважліва. (Пасміхаецца.) У мяне стомлены твар з задорынкамі ў вачах. Некалі я быў рамантыкам, але, як кажа той-сёй, стаў цынікам. Як лічаць некаторыя, цынік - гэта чалавек, які нічога не цэніць. Гэта няправільна: цынік - чалавек, які ведае, што неабходна цаніць. Рамантыку! А сам - стаміўся...

На здымку: Міхаіл Задорнаў, галоўны рэжысёр НАДТ імя М.Горкага Сяргей Кавальчык, драматург, старшыня Беларускага саюза тэатральных дзеячаў Аляксей Дудараў.

Фота Юрыя ІВАНОВА