На нашай вуліцы свята

№ 33 (799) 18.08.2007 - 24.08.2007 г

“Сузор’е талентаў” — не проста фестываль, а, вобразна кажучы, мост, які злучае мінулае і будучыню праз сям’ю. Наш фестываль можна параўнаць з крынічкай, што з веку ў век бруіцца з нетраў зямлі чыстай вадзіцай, каб наталіць усё жывое сілаю і хараством…

 /i/content/pi/cult/126/566/Kultasvet2.jpg
Гэтыя словы гулка прагучалі па радыё на стадыёне Глуска ў прысутнасці гараджан, што запоўнілі трыбуны.
Дух святочнасці лунаў у паветры. Падкрэсліваючы блакіт неба, ляталі букеты рознакаляровых паветраных шарыкаў, а між імі— тры буслы, тры самыя сапраўдныя буслы — быццам узялі ды зляцелі з эмблемы фестывалю.
Будзе і на нашай вуліцы свята. Я памятаю гэтыя словы, напісаныя на плакатах 50-ых гадоў.
Мары збываюцца.
Свята — гэта радасныя твары людзей. Свята — гэта ўсмешкі дзяцей. Свята — гэта фестываль “Сузор’е талентаў” у Глуску.
Мой сябар і аднафамілец Валерый Іваноў, старшыня журы “Залатой пчолкі”, два гады таму патэлефанаваў мне з Клімавічаў і запрасіў прыехаць на фестываль. Прапанова была заманлівая, але я абышоўся жартам: “Хлеб-соль будзе — прыеду”. Архітэктар Сяргей Асташонак быў сведкам размовы, і ягоны “Мерседэс” даімчаў нас у Клімавічы вокаміг. І што вы думаеце? Хлебам-соллю нас сустрэлі на ўездзе ў Клімавічы.
Сёлета журналісцкія шляхі занеслі мяне ў Маскву, і я не змог прыехаць на фестываль “Залатая пчолка”, аб чым глыбока шкадую.
Не паехаць у Глуск я не мог. “Сузор’е талентаў” — абласны фестываль сямейнай
 /i/content/pi/cult/126/566/Kultasvet4.jpg

 Сямейны ансамбль “Свята” Еўдакімовічаў.

творчасці. У запаведны Глуск з’ехаліся прадстаўнікі ўсіх раёнаў вобласці. Умовы для ўдзельнікаў — сямейныя повязі. Спіс канкурсантаў трапіў мне на вочы, і я парадаваўся пераліку сямейных тытулаў: маці, дачка, кума, сын кумы, унучка, пляменніца, залоўка, братавая, швагерка, дзядзька, браты, сёстры, стрыечныя сёстры, стрыечныя браты, цётка…
Скептыкі прарочылі на выхадныя дождж, аптымісты верылі ў цуд, а рэалісты шукалі ў Інтэрнеце прагноз надвор’я. Скептыкі прайгралі, аптымісты і рэалісты — перамаглі.
Два дні Глуск быў пад купалам блакітнага неба.

***

Адкрыццё фестывалю было кранальна-ўрачыстым.
У цэнтральным гарадскім скверы сабраліся, бадай, усе жыхары Глуска. Па ўзмаху рукі Сяргея Ашэйчыка духавы аркестр Асіповіцкага райвыканкама грымнуў марш.
У сваім выступленні віцэ-губернатар Анатоль Глаз паэтычна дакладна назваў фестываль агранёным алмазам, які, быццам брыльянт, ззяе над горадам.
 /i/content/pi/cult/126/566/Kultasvet1.jpg
 Алею Герояў адкрываюць Героі Ульяна Рыбак, Васіль Барысік і старшыня Глускага райвыканкама Аляксандр Багель.
Далей адбылася падзея, пра якую я хачу сказаць асобна. Кумачовая стужка, што была нацягнута ўздоўж гранітныхпліт з партрэтамі герояў, прыцягвала ўвагу прысутных. Старшыня Глускага райвыканкама Аляксандр Багель запрасіў Героя Савецкага Саюза Ульяна Аляксандравіча Рыбака і Героя Сацыялістычнай працы Васіля Іванавіча Барысіка. Яны выйшлі ў суправаджэнні элегантных дзяўчатак, апранутых у чырвоныя сукеначкі, і нажніцамі асцярожна разрэзалі стужку, адкрыўшы Алею Герояў, прысвечаную… самім сабе. Відовішча дзівосна кранальнае. Апладысменты на плошчы былі такімі гулкімі, што заглушылі гукі духавога аркестра.

***

Конкурсныя выступленні сямейных ансамбляў праходзілі ў кінатэатры “Арыён”. У доме культуры і зала меншая, дый і ўмовы горшыя.
Рэпертуар сямейных ансамбляў зрабіў націск на народныя песні, творы беларускіх кампазітараў не надта ў пашане. Праўда, выключэнне зрабілі для Валерыя Іванова: усё-ткі зямляк, ды і старшыня журы, да ўсяго.
Акрамя музычных конкурсаў, праводзіўся конкурс на лепшую калыханку, на лепшую калыску, і самы складаны конкурс — зварыць сямейную юшку. Для рыбакоў, а іх сабралася каля дзесяці сем’яў, умовы былі больш чым жорсткія: выкарыстоўваючы самыя простыя прылады, трэба было з 5-ці да 8-мі раніцы злавіць рыбу ў Пцічы і зварыць юшку. У прызначаны час усё было гатова. А кампетэнтнае журы самым недарэчным чынам праспала (5 раніцы ўсё-ткі!). Няўрымслівы і няўтомны Алег
 /i/content/pi/cult/126/566/Kultasvet3.jpg

 Лепшая сямейная юшка — у Салдаценкаў з Краснаполля.

Хмялькоў упрасіў мяне ўзяць удзел у судзействе. Юшку каштавалі ва ўсіх. Здзівіў сваёй абаяльнасцю 4-гадовы Саша Салдаценка з Краснаполля. На яго грудзях быў прыколаты бэджык, на якім значылася: ШЭФ-КУХАР. У руках —не па росце вялікі чарпак. Ды і юшка смачная. Як тут не даць першую прэмію! Не адзін Саша лавіў рыбу, а з мамай Вольгай, татам Колем, сястрычкамі Кацяй і Юляй, а галоўным кансультантам была бабуля Надзея.
Свята ёсць свята, і калі твары гледачоў цяплеюць, а вочы слязяцца ад радасці і шчасця, значыць — свята ўдалося. Алег Хмялькоў, дырэктар абласнога метадычнага цэнтра, зрабіў усё, каб фестываль запомніўся. І калі вядучыя павіншавалі: Марыю і Анатоля РУДЗІНСКІХ, якія ў гэтым годзе адзначылі палатнянае вяселле: за 35 гадоў сумеснага жыцця выхавалі двух дзяцей, а зараз дапамагаюць гадаваць унукаў; Вольгу і Вадзіма РУДЗІНСКІХ, якія сёлета святкуюць ружовае вяселле — 10 гадоў; Галіну і Юрыя АЛЁХНАЎ, сям’ю маладую, але якая ўжо выхоўвае траіх дзяцей (паколькі яны абодва спартсмены, то і рэкордна хутка вырашылі дэмаграфічную праблему: спачатку нарадзілася дачка, затым адразу двайняты — Юля і Міхаська); Кацярыну і Сяргея МАТВЕЙЧЫКАЎ, бацькоў васьмярых дзетак (вялікая сям’я для іх — заканамерная з’ява, бо абодва выхоўваліся ў шматдзетных сем’ях: у сям’і Сяргея было трое дзяцей, а ў сям’і Кацярыны — сямёра); Ірыну і Максіма ШПІЛЕЎСКІХ, самую маладую сям’ю ў райцэнтры, якая ўтварылася падчас правядзення фестывалю, — мне ўспомнілася тэлевізійная перадача, якую ў свой час вяла Валянціна Лявонцьева. Эфект быў падобны.
 /i/content/pi/cult/126/566/Kultasvet5.jpg

Сямейны дуэт Каковак Тугуліцкага СДК Бабруйскага раёна — самыя старэйшыя ўдзельнікі фэсту.

У некаторых каментатараў радыё- і тэлерэпартажаў ёсць дзяжурная фраза: “У спаборніцтве перамагло сяброўства”. Сяброўства — сяброўствам, але ж і прызы фестывалю досыць важкія.
Гран-пры атрымала сям’я ЕЎДАКІМОВІЧАЎ з Асіповіцкага раёна. А разам з дыпломам — і маразільную камеру! Першую прэмію і тэлевізар “Віцязь” атрымалі тры сям’і: сям’я КАЗУБОЎСКІХ з Чэрыкаўскага раёна, МАЛАХОЎСКІХ са Слаўгарадскага і сям’я ДУБАШЫНСКІХ з Глускага раёна. Другую прэмію і DVD “Гарызонт” атрымалі сям’я ЗУЖЧЫКАЎ з Горацкага раёна і сям’я ЯКАВЕНКАЎ з Крычаўскага раёна. Трэцюю прэмію і мікрахвалевую печ атрымала сям’я САДКОВЫХ з Касцюковіцкага раёна і сям’я СТЭЛЬМАХАЎ з Быхаўскага раёна.
Уладальнікі тэлефонаў, прасаў, сталовых, чайных і кафейных сервізаў няхай даруюць мне — не называю прозвішчаў за дэфіцытам месца на газетнай паласе…
Вось і ўсё пра свята ў Глуску.
Дапоўняць атмасферу свята фатаграфіі, зробленыя ў гэтыя слаўныя два дні — суботу і нядзелю — 4 і 5 жніўня 2007 года.
Глядзіце і захапляйцеся!

Юрый ІВАНОЎ,
наш спецкар.
Мінск — Глуск — Мінск
Фота аўтара

P.S. Буслы не дарэмна ляталі над Глускам: у Ірыны і Мікалая Дзяшчэняў нарадзіўся сын. Рост — 51 сантыметр, вага — 3 кілаграмы 500 грамаў. Назвалі Мацвеем. Глядзіш — на адзінаццатым фестывалі новы сямейны ансамбль аб’явіцца!