Навагрудскі замак. Перазагрузка

№ 17 (988) 23.04.2011 - 29.04.2011 г

Ініцыятыва нагод не патрабуе

/i/content/pi/cult/319/5654/6-5.jpg

Прызнацца, на гэтым тыдні, які распачаўся Міжнародным днём помнікаў і гістарычных мясцін, мы з асаблівай увагай сачылі за выступленнямі нашых калег па пяру і эфіру - удзельнікамі прэс-суботніка, ініцыяванага рэдакцыяй "Культуры". І сапраўды, на старонках "СБ. Беларусь сегодня", "Звязды", "Беларускай нівы", а таксама ў эфіры АНТ прайшлі або рыхтуюцца да друку салідныя матэрыялы, асноўнай мэтай якіх стала прыцягненне ўвагі грамадскасці да Навагрудскага замка, а калі браць шырэй - актывізацыя грамадскай ініцыятывы па адраджэнні аб'ектаў нашай спадчыны. Як пазіцыянаваць брэнд?

Пачнём з карціны нязвыклай, хаця і вядомай. Гаворка - пра знаёмае гледачу палатно "Вытокі" Уладзіміра Пракапцова, якое суботняй раніцай мастак разам з рэдактарам аддзела "К" Іллём Свірыным пераносілі ў мікрааўтобус. На гэтым "загрузка" нашай прэс-брыгады з 18 чалавек скончылася, а праз пару гадзін дарогі распачалася сапраўдная кампанія па "перазагрузцы" фармату акцыі "Захаваем Навагрудскі замак разам!"./i/content/pi/cult/319/5654/6-1.jpg

Суботнік распачала прэс-канферэнцыя ў Доме-музеі Адама Міцкевіча. Гаворка вялася не толькі пра рэстаўрацыйныя работы на замку, які, па словах рэстаўратараў, мае стаць "трывалай руінай". Абмяркоўваўся і турыстычны патэнцыял Навагрудчыны, а таксама і ўсяго "замкавага пояса" краіны. "Як правіла, для гэтага ёсць перадумовы з пункта гледжання аб'ектаў агляду, аднак праблемы маюцца ў інфраструктуры і ў прынцыпах пазіцыянавання брэнда", - сказаў першы намеснік міністра культуры краіны Уладзімір Карачэўскі.

Апошнюю праблему мы маглі заўважыць яшчэ па дарозе ў Навагрудак, калі нават у самых прыдатных для таго месцах мы не знайшлі бігбордаў або яркіх указальнікаў, здатных звярнуць увагу транзітнага турыста на ўнікальныя помнікі паблізу ад магістралі .

Міністэрства культуры ініцыявала ў 2011-м з'яўленне рэкламных бігбордаў з выявамі замкаў, павелічэнне аб'ёму інфармацыйнай прадукцыі, арганізацыю і падтрымку шматлікіх фестываляў і творчых ініцыятыў - словам, падключэнне ўсіх даступных сферы культуры механізмаў для прасоўвання нашай спадчыны. "Гаворка вядзецца ўжо і пра міжнародныя праекты, у прыватнасці- з Літвой. Гэта будуць транспамежныя туры па замках часоў Вялікага Княства Літоўскага. Спадзяюся, ажыццяўленне задумы не адкладзецца на далёкую перспектыву", - зазначыў першы намеснік міністра. Дырэктар Навагрудскага гісторыка-краязнаўчага музея Тамара Вяршыцкая дадала, што дэфакта такі маршрут ужо існуе: у горадзе можна пабачыць замежных турыстаў, якія ім кіруюцца. І гэта сведчыць пра перспектыву турпрадукту.

Ёсць ідэі! /i/content/pi/cult/319/5654/6-2.jpg

Калі нашых калег-журналістаў цікавілі збольшага інфармацыйныя нагоды для будучых публікацый, дык "культура"ўцы агучвалі фактычна гатовыя канцэпцыі праектаў: тут вялася гаворка і пра рэкламную ды піяр-дзейнасць, і пра рэалізацыю сувеніраў, і пра падыходы да ўключэння ў культурны абарот прыватных інвестыцый... Карацей, сустрэча з прэсай і адкрыццё выстаўкі адной карціны з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея, дырэктар якога ад імя ўстановы падтрымаў ініцыятыву "К", ператварылася ў сапраўдны "круглы стол".

Сваё слова па пытаннях аховы, захавання і прасоўвання на турыстычным рынку спадчыны замкаў, сядзіб ды ўсіх памятных мясцін сказаў наш госць Юрый Жыгамонт. Вядомы акцёр і тэлевядучы, які, не вагаючыся, пагадзіўся падтрымаць прэс-суботнік "К", адзначыў, што падобныя грамадскія акцыі павінны ахопліваць не толькі значныя і, так бы мовіць, "раскручаныя" помнікі спадчыны, але і тыя ж закінутыя сядзібы ў глыбінцы. І выказаў здзіўленне бракам ініцыятывы "на месцах". Ягоны погляд практыка, які літаральна штотыдзень выязджае ў "падарожжы дылетанта", выглядаў настолькі абгрунтавана, што Уладзімір Карачэўскі запрасіў артыста сустрэцца ў Міністэрстве культуры і агучыць слушныя прапановы больш поўна.

 Перспектыва Навагрудка /i/content/pi/cult/319/5654/6-3.jpg

Сваім вопытам у развіцці актуальнай сёння праектнай дзейнасці падзялілася кіраўніцтва Навагрудка. Як паведаміла намеснік старшыні райвыканкама Алена Ермакова, ужо абмяркоўваецца праект з польскім бокам па стварэнні інфармацыйнага турцэнтра на базе агенцтва "Навагрудак-тур". Задума мае фінансавы базіс у выглядзе гранта ў 14 тысяч еўра.

Алена Ермакова пагадзілася, што інфраструктура горада - далёкая ад ідэальнай. Але дадала: першая старажытная сталіца ВКЛ здатная прыняць і размясціць ладную колькасць гасцей - не толькі ў гарадскіх гатэлях, але і ў біятлонным комплексе непадалёк ад Навагрудка, а таксама ў аграсядзібах... Зрухам мелася стаць адкрыццё прыватнага гатэля "Еўропа", але... яго будаўніцтва прыпынілася па ініцыятыве гаспадара.

"А сёлета адзначым 500-годдзе прыняцця Магдэбургскага права, - дадаў начальнік раённага аддзела культуры Аляксандр Карачан. - На свята запросім 9- 10 верасня".

 Замкавы праект

Намеснік начальніка ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Аляксандр Лянкоў пад час прэс-канферэнцыі распавёў, што, акрамя ахвяраванняў і сродкаў ад чарговых тыражоў латарэі "Скарбніца", чакаецца выдзяленне каля 500 млн. рублёў на першасныя работы на ім.

Навуковы кіраўнік аб'екта Сяргей Друшчыц з археолагам Андрэем Мяцельскім сустрэлі прэс-групу на замку. Спачатку навуковы кіраўнік распавядаў пра гісторыю замчышча, а тэлевізійшчыкі збіралі ўражанні, затым у рукі журналістам выдавалі рыдлёўкі. Раскопкі ставілі сабе за мэту "намацаць" паварот колішняй сцяны вакол замка. Нягледзячы на тое, што зямля яшчэ была прамёрзлай, задуманае ўдалося... Сімвалічна: у дзень прэс-суботніка распачаўся той вялізны комплекс даследчых і рэстаўрацыйных работ на Навагрудскім замчышчы, які запатрабуе па меншай меры пяць гадоў. Прыемна адчуваць сябе на пачатку вялікага шляху.

 Любчанскі фахверк і... /i/content/pi/cult/319/5654/6-4.jpg

Праца ў археалагічных шурфах, курган Міцкевіча, непаўторныя краявіды, у атачэнні якіх Касцёльная і Шчытоўка выглядаюць не проста вежамі "трывалай руіны", а волатамі-пасланцамі з мінуўшчыны ў нашы дні... Паспеўшы ў такім шыкоўным атачэнні зрабіць сотні здымкаў, нават адкапаць рэшткі старадаўняй керамікі, мы скіраваліся ў Любчу, дзе заспелі валанцёраў дабрачыннага фонду, што вядзе аднаўленне тамтэйшага замка пад кіраўніцтвам Івана Пячынскага.

 Сёння вежа адноўлена, яна цешыць вока свежай дахоўкай і ўвачавідкі дэманструе, што такое фахверк. А сярод задум на будучыню - і рэстаўрацыя другой вежы, якой плануецца вярнуць яе адпачатковы медны дах - аўтэнтычнай, купалападобнай, формы. Таксама валанцёры маюць намер "падняць" адно з праслаў замкавых муроў, а потым і вярнуць былую веліч палацу пачатку ХХ стагоддзя. Карацей, актыўнасць на наднёманскай строме ўражвае не менш за шыкоўныя краявіды. І абодва фактары паспрыяюць пераўтварэнню гэтага месца ў папулярны тураб'ект.

Адметна, што ў адраджэнні замка чынны ўдзел бяруць і некаторыя мясцовыя жыхары. Адзін з іх пацікавіўся ў нашай "дэлегацыі", ці плануецца ўвесці ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей гаспадарчы фальварак Храптовічаў "Мураванка", што ў блізкіх адтуль Шчорсах (пабачыўшы яго праз вокны нашага аўтобуса, той-сёй прыняў гэтыя велічныя руіны за яшчэ адзін замак!). Як адзначыў з дадзенай нагоды Аляксандр Карачан, пытанне ўжо знаходзіцца ў стадыі распрацоўкі. Вырашаюцца і юрыдычныя фармальнасці, звязаныя з будынкам бібліятэкі ды іншымі фрагментамі колішняй сядзібы. Ёсць надзея, што хутка яны ўсё ж займеюць сапраўднага гаспадара.

...Наш працоўны і вандроўны настрой стаў яшчэ адным сведчаннем поспеху акцыі. Таму яе ўдзельнікі з энтузіязмам пагадзіліся, што прыспеў самы час выбіраць новае месца для высадкі журналісцкага "дэсанта".

Ілля СВІРЫН, Сяргей ТРАФІЛАЎ

 Фота Юрыя ІВАНОВА і Барыса КРЭПАКА

Мінск - Навагрудак - Мінск