“АСНОВА ПОСПЕХУ ЗАКЛАДЗЕНА Ў НАС САМІХ”

№ 17 (988) 23.04.2011 - 29.04.2011 г

21 красавіка Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка выступіў з Пасланнем беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу...

/i/content/pi/cult/319/5641/1-2.jpgЛейтматыў развіцця: інавацыі, інвестыцыі, ініцыятыва

21 красавіка Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка звярнуўся з Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу. У праграмным выступленні Кіраўніка дзяржавы, як паведамляе БелТА, была акрэслена стратэгія далейшага развіцця краіны - у палітычным, эканамічным і сацыяльным аспектах.

Як адзначыў у сваім Пасланні Прэзідэнт, Беларусь ставіць сабе за мэту стаць дзяржавай з высокаразвітой эканомікай і добрым узроўнем дастатку, камфортнай і бяспечнай. Для дасягнення гэтай мэты ў бліжэйшай перспектыве належыць зрабіць стаўку на тры фактары: інавацыі, інвестыцыі і ініцыятыву.

- Аснова поспеху закладзена ў нас саміх, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Выкараніўшы расхлябанасць, непаваротлівасць, запаволенасць, боязь прыняцця рашэнняў, безгаспадарчасць, павысіўшы адказнасць і дысцыпліну, мы, несумненна, даб'ёмся ўсяго таго, што задумана. Для гэтага ў нас ёсць і магчымасці, і сілы, а самае галоўнае - жаданне.

Беларускі Лідар падкрэсліў, што павялічыць прадпрымальнасць і ініцыятыўнасць грамадзян немагчыма без адэкватнага павышэння іх ролі ў фарміраванні рашэнняў па сацыяльна-эканамічных праблемах грамадства.

Паставіўшы задачу дынамічнага і эфектыўнага развіцця рэгіёнаў, Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь акрэсліў і тыя рэсурсы, якія могуць перайначыць жыццё ў беларускай "глыбінцы". У іх ліку - не толькі больш актыўнае развіццё вытворчасці і малога бізнесу, але таксама і рамёствы, аграэкатурызм, паляпшэнне сацыяльнай інфраструктуры.

Як ужо неаднаразова адзначалася раней, менавіта брак адпаведнай інфраструктуры з'яўляецца асноўнай перашкодай для развіцця культурна-гістарычнага турызму. Пасланне Кіраўніка дзяржавы павінна надаць новы стымул развіццю сферы паслуг.

- Трэба актывізаваць гэтую работу, каб наша краіна стала ўзорам у аказанні самых разнастайных паслуг як на ўнутраным рынку, так і за мяжой, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Заклікаю прадпрымальнікаў актыўна ўключыцца ў гэтую работу. Мы надзвычай зацікаўлены ў развіцці прадпрымальніцтва, павелічэнні долі прыватнай уласнасці ў нашай эканоміцы.

У Пасланні быў зроблены акцэнт на гістарычнай адметнасці беларускага народа, неабходнасці захавання яго ідэнтычнасці, што асабліва важна ў сённяшнім глабалізаваным свеце.

- Мы былі б авантурыстамі, калі б, пагарджаючы традыцыямі, менталітэтам нашых людзей, звыклым ладам жыцця, які склаўся за ўсю нашу папярэднюю гісторыю, паспрабавалі аднамомантна перанесці заходні ўзор арганізацыі грамадства на нашу глебу,- падкрэсліў Прэзідэнт краіны.

Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, беларусы - гэта старажытны і, адначасова, вельмі малады народ, "які, быць можа, і сам не ведае межаў сваіх магчымасцей". І задачай Года прадпрымальнасці з'яўляецца абуджэнне гэтых утоеных крыніц энергіі і сілы.

- Сёння ад прадстаўнікоў любой прафесіі патрабуецца быць сапраўднымі гаспадарамі сваёй справы, актыўнымі і ініцыятыўнымі людзьмі, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Фота Генадзя СЯМЁНАВА, БелТА