Музейны камп’ютарны

№ 16 (987) 16.04.2011 - 22.04.2011 г

Творчы праект: мультымедыя-тэхналогіі

Міжнародная канферэнцыя "Культурная спадчына і інфармацыйныя тэхналогіі на постсавецкай прасторы" пройдзе ў сталіцы з 10 па 14 мая. У ёй прымуць удзел работнікі нацыянальных, абласных, гарадскіх і раённых музеяў.

Айчынныя музейшчыкі абмяркуюць выкарыстанне сучасных тэхналогій у сваёй працы, стварэнне каталогаў і архіваў з выкарыстаннем баз даных і Інтэрнэта ды іншыя пытанні. Ініцыятыва арганізаваць такую падзею належыць Міністэрству культуры Рэспублікі Беларусь, а яе каардынацыю будзе ажыццяўляць расійская асацыяцыя з вялікім досведам у гэтай справе - Некамерцыйнае партнёрства "Аўтаматызацыя дзейнасці музеяў і інфармацыйныя тэхналогіі".

У спецыялістаў гэтага партнёрства за плячыма шмат напрацовак і рэальных спраў: яно правяло ўжо 14 падобных канферэнцый у розных рэгіёнах краіны-суседкі (першая адбылася ў 1997-м), а сёння ставіць сабе за мэту рэалізаваць праект фарміравання Дзяржаўнага каталога Музейнага фонду РФ.

Як паведамілі карэспандэнту "К" у аддзеле навукова-метадычнага забеспячэння развіцця музейнай дзейнасці Інстытута культуры Беларусі, што займаецца падрыхтоўкай да мерапрыемства, акрамя канферэнцыі, будуць праводзіцца своеасаблівыя курсы павышэння кваліфікацыі для работнікаў музеяў рэспублікі. Школа вышэйназванай асацыяцыі правядзе лекцыі на такія тэмы, як выкарыстанне сучасных магчымасцей Інтэрнэта для прасоўвання музея ў web-прасторы, інфармацыйны менеджмент...

А пад час Музейнага камп'ютарнага фестывалю, месцам правядзення якога стане Нацыянальная бібліятэка Беларусі, пройдзе конкурс-прэзентацыя нядаўна распрацаваных музейных мультымедыя-дыскаў і вэб-сайтаў. На яго будуць запрошаны супрацоўнікі культурна-адукацыйных і экспазіцыйных аддзелаў музеяў.