Зорны фестывальны “кінапад”

№ 33 (799) 18.08.2007 - 24.08.2007 г

Не паспеў закончыцца летні адпачынак, а айчынныя кінематаграфісты ўжо спакавалі свае “творчыя валізкі” і неўзабаве рушаць пакараць сусветную кінапрастору: з 28 жніўня па 2 верасня яны прымуць удзел у Х Адкрытым Бярдзянскім кінафестывалі “Брыганціна”, які штогод ладзіцца ва ўкраінскіх Бярдзянску і Запарожжы.

Як расказала нам удзельніца творчай дэлегацыі нашых кінематаграфістаў, старшыня Беларускай гільдыі кінаакцёраў Святлана Сухавей, “Брыганціна” традыцыйна з’яўляецца для беларускіх кінематаграфістаў “цёплым і гасцінным фестывалем”. Прыемна адзначыць, што беларусы за час свайго ўдзелу ў гэтым фестывалі яшчэ ніводнага разу не заставаліся без узнагарод. Першым быў “Павадыр”, які прынёс нашым кінематаграфістам цэлы шэраг узнагарод за акцёрскія работы. А потым былі “Дунечка”, “Яшчэ пра вайну”, “Я памятаю” і шэраг іншых стужак, годна адзначаных міжнародным журы фестывалю.
Сёлета ў конкурснай праграме бярдзянскай “Брыганціны” прадстаўлены такія стужкі, як “Спакуса”, “Рыфмуецца з каханнем” і “Ліст Феліні”.
Адпаведна і ў творчую групу кінематаграфістаў, якія сёлета прадстаўляюць айчынную сinema-індустрыю, увайшлі рэжысёры Аляксандр Яфрэмаў, Дзмітрый Зайцаў, Сяргей Сычоў, які, дарэчы, з’яўляецца сёлета адным з членаў журы фестывалю, актрысы Ірына Нарбекава, Аксана Лясная, Таццяна Мархель, а таксама тэлевізійная група — Сяргей Кацьер і Леанід Цярэшка. Міністэрства культуры, дзякуючы якому, дарэчы, вырашаецца фінансавы бок нашага ўдзелу ў фестывалі, прадстаўляе Аляксей Бязуглы.
А ўжо ў верасні беларускія кінематаграфісты рушаць на другі прэстыжны кінафорум: з 16 па 25 верасня ў расійскай Анапе пройдзе ХVІ Адкрыты фестываль кіно краін СНД, Латвіі, Літвы, Эстоніі “Кінашок — 2007”. Беларускія работы заяўлены ў пяці конкурсных праграмах, але на сённяшні дзень канчатковыя вынікі вядомы пакуль што па дзвюх. У конкурснай праграме ігравых тэлевізійных фільмаў “TВ-шок” будзе “змагацца” стужка Аляксандра Яфрэмава “Рыфмуецца з каханнем”.
У “КінаМалыШок” — конкурс дзіцячага ігравога і анімацыйнага кіно — уключаны чатыры стужкі нашых аніматараў: “Мюнхаўзен у Расіі” Уладзіміра Пяткевіча, “Залатыя падковы” Ірыны Кадзюковай, “Чароўная лаўка” Алены Пяткевіч і “Нязломны Чэн” Міхаіла Тумелі. Не вызначана пакуль канчаткова конкурсная праграма мастацкага кіно, “Кіно без кінаплёнкі” — конкурс поўнаметражных фільмаў на відэа і ў лічбавым фармаце, а таксама “Шорт-Шок” — кароткаметражныя ігравыя і дакументальныя фільмы. Але ж ва ўсіх гэтых конкурсах заяўлены работы нашых кінематаграфістаў з “Летапісу”, “Белвідэацэнтра”, студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў — шмат цікавых, яркіх работ, якія, без сумневу, прыцягнуць увагу кінематаграфістаў — удзельнікаў гэтых прэстыжных міжнародных кінафорумаў з самых розных краін.

Таццяна КОМАНАВА