Градацыя “на вынік”?

№ 16 (987) 16.04.2011 - 22.04.2011 г

“Крочыць” у накірунку... тэатра, а не “рэпеціраваць спектакль”

Пра тое, што тэатральнае аматарства страціла на сённяшні дзень сваю прэстыжнасць і шэрагі тых, для каго гэтае хобі з'яўляецца часткай жыцця, значна парадзелі, гаварылася шмат і не аднойчы. Але, разам з тым, існуе касцяк калектываў, якія непадуладныя "модам" ды павевам часу і стала працуюць у дадзеным накірунку з дзецьмі. У чым палягае іх работа і ў чым заключаюцца задачы, што ставяць перад сабой кіраўнікі такіх калектываў?

На гэтую тэму даў нагоду паразважаць І Мінскі міжнародны дзіцячы тэатральны форум "Крокі", які сабраў пад сваёй эгідай юных і спрактыкаваных аматараў тэатра з пяці краін: Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы, Ізраіля. Заснавальнікамі і арганізатарамі яго выступілі ўпраўленне культуры Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта і Новы драматычны тэатр пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Упершыню наша сталіца літаральна "пад лупай" разглядала, што ж адбываецца сёння ў шэрагах дзіцячых тэатральных школ.

Аднымі з ініцыятараў фестывалю сталі кіраўнікі Дзіцячай тэатральнай школы №1 пры Новым драматычным тэатры- адзінай у нашай краіне ўстановы адукацыі такога кшталту. І таму прынцыповай пазіцыяй пры фарміраванні конкурснай афішы форуму было запрашэнне ў Мінск замежных калектываў, якія таксама з'яўляюцца не проста гурткамі па інтарэсах, а займаюцца, так бы мовіць, першай ступенню прафесійнай падрыхтоўкі сваіх навучэнцаў. Натуральна, што падобны падыход выклікаў, адпаведна, сур'ёзнае, уважлівае стаўленне да прадстаўленых у конкурсе спектакляў, якое выходзіла за межы замілавання творчым імпэтам выканаўцаў і палягала ў рэчышчы аналізу канкурсантаў з пазіцый менавіта тэатральнага мастацтва. Па выніках конкурсных праглядаў тры журы - дзіцячае, прафесійнае і журы прэсы - падвялі вынікі і адзначылі канкурсантаў у розных намінацыях. Прыемнасцю стала і тое, што Гран-пры "Крокаў" атрымаў наш спектакль "Праўдзівая гісторыя пра Марыю і Пушка" ў пастаноўцы Віргініі Тарнаўскайтэ і Антаніны Міхальцовай.

А на фоне гэтага вірлівага тэатральнага свята дарослая частка ўдзельнікаў фестывалю - яго арганізатары, педагогі, тэатральныя крытыкі - абмяркоўвала тыя пытанні і праблемы, з якімі сёння сутыкаецца тэатральная адукацыя для малодшага звяна, дзялілася ўласнымі назіраннямі і вопытам па іх пераадоленні.

 

Як стварыць попыт на выпускнікоў тэатральных школ?

Найперш неабходна дакладна вызначыцца, што і ў шэрагах дзіцячых тэатральных калектываў існуе пэўная градацыя: адны з іх дзейнічаюць у статусе творчых студый, заняткі ў іх носяць, так бы мовіць, гуртковы характар, іншыя ж ідуць шляхам сістэмнай падрыхтоўкі дзяцей і навучання іх базавым асновам акцёрскай прафесіі. І калі для першых радасць ад выхаду на сцэну ўжо сама па сабе з'яўляецца творчым вынікам, для другіх яна - усяго толькі форма праверкі таго, ці правільным курсам рухаецца педагог са сваімі навучэнцамі.

Выпускнікі музычных школ пры ўступных экзаменах у профільныя ВНУ, натуральна, выглядаюць лепш падрыхтаванымі і маюць большыя шанцы на паступленне, тое ж датычыцца і тых, хто ў дзяцінстве мэтанакіравана займаўся танцамі, вакалам або жывапісам. Аднак калі гаворка заходзіць аб прыёме абітурыентаў у тэатральную ВНУ, існуе сталае перакананне (якое, між іншым, нярэдка падмацоўваецца практычнымі назіраннямі), нібыта ў хлопцаў і дзяўчат, якія прайшлі тэатральныя школы і студыі, шанцы на паступленне значна ніжэйшыя, чым у астатніх: маўляў, перш чым пачаць працаваць, іх давядзецца спачатку "перавучваць".

Ці ёсць у гэтым рацыя? Самі практыкі - кіраўнікі тэатральных школ - кажуць, што асноўная прычына, якая правакуе падобныя сітуацыі, - арыентаванасць у пэўнай колькасці тэатральных педагогаў на вынік. У рабоце з дзецьмі іх нярэдка цікавіць выключна тое, наколькі тое або іншае дзіця здольнае вывучыць тэкст і ўвасобіць яго на сцэне. І ўжо з першых крокаў у студыі такія кіраўнікі пачынаюць з дзецьмі "рэпеціраваць спектакль", замест таго, каб прысвяціць час і прыкласці намаганні на раскрыццё дзіцячай арганікі, навучыць юнага акцёра валодаць уласным целам і эмоцыямі, абудзіць у ім назіральнасць, чуйнасць... У выніку замест таго, каб навучыць маладых акцёраў умела абыходзіцца з уласным "творчым інструментам", пачынаючы з "гам" і "эцюдаў", яго з самага пачатку прыцягваюць іграць буйныя "сімфоніі".

Тэатральная педагогіка- будзённая і карпатлівая справа, скіраваная на раскрыццё ўнутраных магчымасцей дзіцяці. Думаецца, менавіта з гэтай прычыны мінскі спектакль "Праўдзівая гісторыя пра Марыю і Пушка" быў так жыва ўспрыняты практычна ўсёй фестывальнай аўдыторыяй. Усё, што рабілі на тэатральнай сцэне ўдзельнікі дзеі, цалкам адпавядала галоўнай задачы стваральнікаў: чуць, бачыць, разумець, што адбываецца навокал, пра што кажуць іншыя персанажы на сцэне. І гэтае жывое нараджэнне, абуджэнне творчай прыроды дзяцей, што віравала пад час прагляду ў зале, магло б скарыць любога з тэатральных прафесіяналаў: не ўмеючы "майстраваць", юныя акцёры (выхаванцы другога класа Дзіцячай тэатральнай школы) шчодра дзяліліся сваім нязмушаным існаваннем, жыццём на сцэне.

 

...І забяспечыць жыццяздольнасць?

Зрэшты, яшчэ адзін аспект дзіцячай тэатральнай творчасці, што немагчыма абмінуць, - тыя формы дзейнасці калектываў, дзякуючы якім магчыма падтрымліваць стабільнасць не толькі творчага ўзроўню, а нават самога існавання. Не сакрэт, што вельмі важным з'яўляецца момант заахвочанасці маладых акцёраў, якая і падтрымлівае сталую зацікаўленасць тэатральнай прафесіяй. Тут у кожнага з кіраўнікоў калектыву аказаліся свае "рэцэпты".

Кіраўнік кіеўскай Дзяржаўнай тэатральнай школы-студыі Анатоль Суханаў распавёў, што значную ўвагу ў сваёй дзейнасці яны надаюць супрацоўніцтву з педагогамі творчых ВНУ, каго рэгулярна запрашаюць на паказы і спектаклі школы-студыі. Дзякуючы такому падыходу запрошаныя госці могуць назіраць творчы рост маладых акцёраў, многія з якіх прыходзяць навучацца мэтанакіравана, з жаданнем далей працягваць навучанне акцёрскай альбо рэжысёрскай прафесіі, і- "прыглядваць" сваіх будучых вучняў, арыентуючы іх да паступлення ў тую або іншую творчую ВНУ. А юныя акцёры маюць магчымасць прадэманстраваць свае прафесійныя навыкі. Як, прыкладам, у конкурсным фестывальным спектаклі "Малітвы тых, хто не моліцца" Януша Корчака. Драматургію яго склалі маналогі-споведзі, кожны з якіх уяўляе з сябе тонкую работу са словам і аўтарскай думкай.

Узорны дзіцячы музычны тэатр "Арфей" з расійскага Бранска, кіраўніком якога з'яўляецца Надзея Ванчугова, знайшоў арганізацыйна-творчы падмурак у тым, што, згодна са сваім статусам, ён працуе як грамадскае аб'яднанне. На сённяшні дзень у "Арфеі"- больш за сотню навучэнцаў самых розных узростаў, што прадэманстраваў і іх конкурсны "Крыштальны туфлік"- мюзікл, дзе юныя ўдзельнікі не толькі ігралі, але і спявалі, танцавалі, прычым далёка не на аматарскім узроўні. Той факт, што тэатр сам забяспечвае сябе неабходнай апаратурай, радыёмікрафонамі, арыгінальнымі сцэнічнымі касцюмамі, выклікаў непадробны інтарэс з боку беларускіх педагогаў. А прычына, як аказалася, у тым, што да сямідзесяці працэнтаў грошай, якія бацькі выдаткоўваюць на навучанне дзяцей (сума гэтая прыкладна такая ж, як і ў Беларусі: каля 20 тысяч у эквіваленце), ідуць на ўласныя патрэбы калектыву. Да таго ж, раскручаны ў горадзе "брэнд" дазваляе ўдзельнікам трупы выступаць на самых розных пляцоўках, дзе ігра маладых акцёраў знаходзіць і аплату. Чым не стымул для творчага самаўдасканалення?

Каўнаскі дзіцячы і маладзёжны тэатр "Вілколакіс", які ў конкурсе прадставіў свой спектакль "Друскіле", пайшоў яшчэ далей. Існуючы ў статусе муніцыпальнага тэатра, ён мае ў сваім штаце восем чалавек дарослых, якія забяспечваюць арганізацыйнапедагагічны бок існавання калектыву. А на аснове тэатральнай студыі, што працуе пры "Вілколакісе", ствараюцца пастаноўкі, удзельнікі якіх... заключаюць працоўныя дагаворы з кіраўніцтвам тэатра. Дзякуючы гэтаму спектаклі "Вілколакіса" ідуць на прафесійнай аснове: новая пастаноўка ў рэпертуары іграецца два разы на тыдзень цягам года, пасля чаго ёй на змену прыходзіць іншая, а маладыя акцёры, занятыя ў ёй, атрымліваюць за свае выступленні заработную плату. Да таго ж, кантрактная форма пазбаўляе пастаноўкі ад выпадковай "цякучкі акцёрскіх кадраў". І такая форма працы прываблівае не толькі маладых акцёраў, але і гледачоў, якія з задавальненнем купляюць білеты (з гэтых збораў, дарэчы, тэатр і стварае штогод свае новыя спектаклі). Што ж, падобная схема, думаецца, магла б прыдацца і некаторым беларускім невялічкім гарадам, дзе магчыма наладзіць тэатральнае жыццё за кошт задзейнічання цікавых аматарскіх калектываў, здольных працаваць у сур'ёзным рытме.

Адным з упрыгожанняў "Крокаў" сталіся майстар-клас і спектакль "Урачыстасць" знанага ізраільскага акцёра і рэжысёра Пабла Арыеля з Галілейскага мультыкультурнага цэнтра. Дакладнае акцёрскае існаванне на сцэне і тонкае разуменне прыроды тэатральнай творчасці стварылі ўсе перадумовы для таго, каб юныя творцы спрычыніліся да высокага свету мастацтва.

Першая спроба фестывалю "Крокі" аказалася ўдалай - як з арганізацыйнага боку, так і з творчага. Яго "бацькі-арганізатары", стоячы на сцэне, урачыста паабяцалі, што роўна праз два гады "Крокі" зробяць свой наступны крок. Хацелася б, каб гэтае творчае пачынанне трапіла ў поле зроку як мага большай колькасці людзей, зацікаўленых у развіцці тэатральнага мастацтва і педагагічнай школы: выкладчыкаў нашых творчых ВНУ, студэнтаў профільных спецыяльнасцей, якія неўзабаве самі стануць практыкуючымі кіраўнікамі тэатральных калектываў, рэжысёраў тэатра і кіно і ўсіх, неабыякавых да гэтага цудоўнага віду мастацтва.__