Лірыка. Без фізікі

№ 16 (987) 16.04.2011 - 22.04.2011 г

Чаму наша кіно выглядае як знятае шмат гадоў таму?

/i/content/pi/cult/318/5624/pic_15.jpgДнямі ў сталічным "Доме кіно" адбылася прэм'ера новай стужкі, створанай на Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм". "На раздарожжы" зняў Віталь Дудзін - адзін з прадстаўнікоў таго пакалення рэжысёраў, якое працуе ў беларускім кіно з пачатку васьмідзясятых гадоў. Карціна апавядае гісторыю сталічнай прыгажуні, якая па размеркаванні трапляе на працу ў сельскую мясцовасць, дзе знаходзіць сябе не толькі ў працы, але і ў каханні. Немалаважнай акалічнасцю з'яўляецца той факт, што гэтая стужка - пакуль адзіная мастацкая работа, створаная майстрамі "Беларусьфільма" адмыслова для вялікага экрана ў гэтым годзе.

 

Зноў - трохкутнік

Апошняя акалічнасць мае вялікае значэнне: калі экран тэлевізійны яшчэ можа прапанаваць нашаму гледачу айчыннае кіно, то з кіно беларускай вытворчасці на вялікім экране сапраўдная бяда - пракатчыкі не спяшаюцца ставіць яго ў свае расклады, бо касавы поспех, мякка кажучы, не гарантаваны. Адной з асноўных праблем, якія перашкаджаюць паказчыкам наведвання беларускіх стужак, называецца кепскі імідж апошніх у вачах нашых гледачоў. Беларускае кіно не ў стане канкурыраваць з кіно галівудскага ўзору, у першую чаргу - маштабам і якасцю відовішча, якое можа прапанаваць гледачу. Спаборнічаць з "Зорнымі войнамі" і "Аватарам", зразумела, неверагодна цяжка і, прызнаемся шчыра, на сённяшні дзень наўрад ці магчыма, калі ўлічваць непараўнальныя памеры нашай і замежнай кінаіндустрыі. Відавочна, што шлях да сэрца і, будзем шчырымі, кішэні гледача нашы кінематаграфісты павінны шукаць свой, асобны, які без вялікіх затрат на вытворчасць дазволіць іх стужкам быць сучаснымі і цікавымі.

З першага погляду, карціна "На раздарожжы" і павінна выканаць гэтую задачу. Шмат хто з экспертаў наракаў на тое, што сучасная тэматыка- рэдкая госця на "Беларусьфільме". Тэма новай стужкі Віталя Дудзіна па сцэнарыі Дзмітрыя Якутовіча якраз вельмі актуальная, гераіня - маладая і сучасная, ды і сітуацыя, пры якой выпускнік не спяшаецца выправіцца на месца размеркавання, бадай, тыповая. Да таго ж, аўтары фільма заявілі аб сваім творы як аб "лірычнай меладраме". Гэта значыць, ніякіх натацый і прамалінейных маральных вывадаў, надзённа-сур'ёзнае - у лёгкай, даступнай форме, што цалкам слушна, бо малады глядач у большасці ідзе ў кіно найперш за забавай і эмацыянальнай разгрузкай. Карацей, задума - цікавая, а выкананне?

Віталь Дудзін працуе ў кіно больш за трыццаць гадоў і належыць да рэжысёраў, якія прытрымліваюцца дакладна рэалістычнай манеры здымак. Стужкі Дудзіна, як правіла, - камерныя, з некалькімі дзейнымі асобамі. Калі зазірнуць у творчую скарбонку майстра, то стане заўважна, што Віталь Дудзін аддае перавагу лірычнай інтанацыі, часта засяроджваецца на любоўнай тэматыцы. Заяўленыя ў апісаннях яго стужак падзеі ў апошнія гады аказваюцца толькі фонам для высвятлення адносін паміж мужчынам і жанчынай. Так, у пазамінулагоднім "Кадэце" пасляваенныя падзеі ў заходнебеларускай вёсцы будаваліся на любоўным трохкутніку маладых герояў, а назва карціны "Тры жанчыны і мужчына", знятая напрыканцы 1990-х, гаворыць сама за сабе.

Закаханых герояў "Кадэта" выконвала трыа маладых, але ўжо вядомых беларускіх акцёраў: Паліна Сыркіна, Андрэй Сенькін і Руслан Чарнецкі. У фільме "На раздарожжы" да іх далучылася Вераніка Пляшкевіч, якая і выканала галоўную ролю ганарыстай прадаўшчыцы Каці. Перад прэм'ерным паказам рэжысёр прызнаўся, што доўгі час выбіраў сваю гераіню паміж Веранікай Пляшкевіч і Палінай Сыркінай, але шалі вагаў схіліліся ў бок першай. Другая, у якой Віталь Дудзін бачыць "яшчэ адну Галіну Макараву", сыграла невялічкую ролю сяброўкі галоўнай гераіні, падаецца, вельмі простую для такой таленавітай актрысы, як Паліна Сыркіна. Руслан Чарнецкі стаў галоўным героем і гэтым разам, выканаўшы ролю кіроўцы грузавіка-аўтакрамы, закаханага ў Кацю-Пляшкевіч. Андрэй Сенькін з бравага кадэта трансфармаваўся ў не менш бравага трактарыста - вось і трэці бок новага любоўнага трохкутніка.

/i/content/pi/cult/318/5624/pic_16.jpgАдной з галоўных праблем сучаснага кіно спецыялісты называюць няўменне маладых рэжысёраў расказваць гісторыю мовай кіно. Расказваць гісторыі Віталь Дудзін вучыўся на Вышэйшых курсах сцэнарыстаў і рэжысёраў у Мікіты Міхалкова, мае вялікі вопыт працы. Фільм "На раздарожжы" атрымаўся ясным, складным, добра зразумелым. У ім няма памылак, характэрных для пачаткоўцаў, але лічыць яго значнай творчай удачай ці нават сучаснай, канкурэнтаздольнай карцінай, на жаль, не даводзіцца.

 

Аўтакрама на веласіпедных колах

Калі глядзіш "На раздарожжы", міжволі ўспамінаеш добра вядомае выслоўе "Не трэба вынаходзіць веласіпед": стужка амаль цалкам пабудавана на кінематаграфічных штампах і стэрэатыпах. Ужо пасля першай сустрэчы прадаўшчыцы Каці і яе вадзіцеля добра "натрэніраваны" на мексіканскіх і бразільскіх серыялах глядач адразу разумее, што іх знаёмства можа скончыцца толькі шчаслівым шлюбам, а першапачатковая негатыўная рэакцыя Каці на састарэлую аўтакраму і неабходнасць кожны дзень ездзіць з Мінска ў райцэнтр хутка зменіцца на зацікаўленае стаўленне гераіні да свайго працоўнага месца і бязмерную павагу да кіраўніцтва гандлёвай базы.

Галоўная хіба надта простага сюжэта "На раздарожжы" і яго ўвасаблення на экране - грубая эмацыянальная афарбоўка: характары герояў вельмі - адназначныя, іх рэакцыі на падзеі не падобныя на рэакцыі людзей, якія жывуць у пачатку ХХІ стагоддзя. Дыялогі выглядаюць надта штучнымі, над імі лунае подых тэатральнасці, які існаваў у кіно мінулага стагоддзя, але які рэжа слых сучаснага гледача. І справа не ва ўзроўні майстэрства, з якім акцёры прагаворваюць свае рэплікі, - безнадзейна састарэла сама логіка гэтых дыялогаў, змяніліся жыццёвыя абставіны, дзе існуюць героі фільма. Больш дарэчным у дадзеным выпадку выглядаў бы антураж рэтра-драмы аб 1970-х - 80-х, аб тых часах і адносінах, у якіх дзейнічаюць героі, прыдуманыя Дзмітрыем Якутовічам. Замест гэтага - сучасныя аўтамабілі і супермаркет бліжэй да канца ў кадры, а як спроба зрабіць стужку "больш сучаснай" - аголеная натура, эпізод з якой, дарэчы, у карціне выйшаў бадай самым няўдалым. Да таго ж, надта простая аператарская работа Дзмітрыя Рудзя, якая не надае сюжэту чаканага дынамізму.

"На раздарожжы" нагадвае рэтра-драму яшчэ і відавочнай адсутнасцю драматургічнага канфлікту - аўтары не скарысталіся магчымасцямі кіно, якія маглі б дадаць іх твору неабходную ў такіх выпадках глыбіню і вастрыню. Стужка ўвесь час "вагаецца" паміж драмай і камедыяй, але ў выніку яе трэба лічыць усё-такі драмай: камедыйны складнік карціны Віталя Дудзіна не дацягвае да заяўленага жанру. Такім чынам, азначэнне "лірычная камедыя" на афішы можа толькі заблытаць гледача.

Да якой аўдыторыі звяртаюцца аўтары стужкі? Што за ўнікальныя эмоцыі малады наведвальнік кінатэатра атрымае ад прагляду карціны пасля пачатку яе пракату, які, мяркуецца, пачнецца ўвосень? Ці не было б больш мэтазгодным скарыстацца сцэнарыем Дзмітрыя Якутовіча як асновай для стварэння тэлесерыяла кшталту папулярных "Дальнабойшчыкаў" або "Участка"? Тым больш, што лёгкі налёт тэатральнасці і зарад меладраматызму ў тэлевізійнай прадукцыі толькі вітаюцца. Да таго ж, прадаць серыял значна прасцей, чым знайсці "акно" ў шчыльным раскладзе кінатэатраў.

Прэм'ерная зала "Дома кіно" які, да слова, быў запоўнены ў асноўным супрацоўнікамі Нацыянальнай кінастудыі, паставілася да таго, што адбывалася на экране, досыць мякка, хоць і іранічна. Баюся, што ў будзённай, а не прэм'ернай абстаноўцы, рэакцыя шараговага гледача будзе не такой лагоднай. У бесперапыннай плыні яркіх замежных камедый "На раздарожжы" выглядае блякла і вылучаецца хіба толькі сваім беларускім паходжаннем. Але глядач хоча глядзець не проста сваё, але і актуальнае кіно. Да выказанай рэжысёрам у стужцы лірыкі, хочацца, каб у нашым кіно была б і грунтоўная "фізіка" ў выглядзе сучасных тэхналогій - не толькі тэхнічных, апаратных, а яшчэ і чалавечых, якія б улічвалі і разлічвалі на псіхалогію сучаснага гледача.