Выступіць у Аўстраліі

№ 33 (799) 18.08.2007 - 24.08.2007 г

Анатоль ВАРАБ’ЁЎ — народны артыст Беларусі, уладальнік ордэнаў Дружбы народаў і Францыска Скарыны — вось ужо 40 гадоў узначальвае народны ансамбль танца “Радасць” Брэсцкага ГДК. Да таго ж, выступае рэжысёрам самых разнастайных буйных мерапрыемстваў, сярод якіх — “Дажынкі — 2003” у Пружанах, адкрыццё ў Пружанах Лядовай арэны з удзелам Прэзідэнта Беларусі, адкрыццё Цэнтра алімпійскага рэзерву “Вікторыя” па гульнявых відах спорту, абласнога спарткомплексу “Брэсцкі” і многія іншыя. Рэжысіраваў ён і нядаўняе свята горада Брэста.

— Якім было першае падрыхтаванае вамі мерапрыемства?

— Адкрыццё мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой”. Рыхтаваў тое свята тагачасны рэжысёр Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі Сямён Штэйн, а я быў яго памочнікам.

— А хто зараз вам дапамагае?

— Сцэнарыі звычайна распрацоўваюць заслужаны работнік культуры Беларусі Святлана Гуляева і дырэктар абласнога мастацкага музея Васіль Гуляеў. Мастаком-пастаноўшчыкам выступае Мікалай Паўтарака. Гаспадарчыя пытанні вырашае дырэктар ГДК Аляксандр Мацавіла. Звёнамі ланцужка з’яўляюцца супрацоўнікі аддзелаў культуры, а таксама фізкультуры, спорту і турызму гар-, райвыканкамаў і, адпаведна, упраўленняў аблвыканкама. Улады горада і вобласці, пры ўсёй сваёй занятасці, заўсёды ідуць насустрач. Каб мець якасныя гук і святло, шчыльна працуем з вядучымі тэхнічнымі службамі Мінска. Ну і, канешне, маімі добрымі памочнікамі заўсёды становяцца ўдзельнікі ансамбля — як я іх называю, “мае асістэнты”.

— Ансамбль “Радасць”, дзе вас ласкава называюць татам, быў узнагароджаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, першым у вобласці атрымаў званне Заслужанага аматарскага калектыву Беларусі. Дарэчы, ні ў адным аматарскім ансамблі няма заслужаных артыстаў рэспублікі, а ў вас яны былі.

— Марыя Гулінская — цудоўная артыстка, унікальных вакальных здольнасцей. Яна і па сёння дапамагае ансамблю: заўсёды падкажа, як трымацца на сцэне, накласці грым, стварыць вобраз. Яе парадамі карыстаюцца ўсе ўдзельнікі калектыву, і я таксама. Сёлета будзе 10 гадоў, як трагічна загінуў Мікалай Засімовіч — выдатны артыст, што запомніўся па галерэі сакавітых народных вобразаў. Цяпер прыйшла моладзь. “Лепім” характары, адточваем майстэрства. Не ўсе, на жаль, вытрымліваюць нагрузкі, напружаны рытм рэпетыцый. Сцэна любіць вынослівых і моцных духам.

— Адкуль чэрпаеце кадры?

— З дзіцячай харэаграфічнай школы, якой кіруе Вячаслаў Пагодзін — былы балетмайстар Дзяржаўнага акадэмічнага кубанскага хору, які потым узначальваў ансамбль “Брэстаўчанка”. А таксама — з узорных ансамбляў “Прыбужжа”, “Праменьчык”. Кіраўніца апошняга Тамара Натрова не так даўно прапанавала шасцярых сваіх выпускнікоў, яны сталі вядучымі салістамі. Вось ужо 20 гадоў з намі крочыць і Тамара Шылава, якая перадае моладзі ўвесь свой вопыт.

— А ў чым вы, як мастацкі кіраўнік, бачыце асноўную мэту?

— У выхаванні чалавека, яго культурнага аблічча праз мастацтва, прыгажосць танца. За выкананнем рухаў стаіць штосьці большае, духоўна значнае. Кожны з гонарам павінен усведамляць, што калектыў з’яўляецца захавальнікам і інтэрпрэтатарам народнай спадчыны. Усё гэта вымагае самааддачы. Творчасць ансамбля засноўваецца на энтузіязме, любові да народных танцаў. І, канешне, на высокім выканальніцкім узроўні. Музыканты аркестра ў нас, да прыкладу,— усе з вышэйшай адукацыяй.

— “Радасць” выступала ў 24-ох краінах свету, уключаючы Індыю, Мексіку, Бельгію, Марока, Тайвань. Толькі ў адну Францыю ансамбль выязджаў ажно 26 разоў. Сёлетнім чэрвенем пабываў у Славакіі на міжнародным фестывалі фальклору. Што-небудзь здзівіла за мяжой, узяло за жывое?

— Беражлівае стаўленне да класічнай спадчыны, народных традыцый. Відаць, таму мы і атрымліваем такі цёплы прыём, што спалучаем з харэаграфіяй элементы народных гульняў, старадаўніх святаў і абрадаў.

— А мара ёсць?

— Выступіць на пятым кантыненце — у Аўстраліі.

Алена КАПАЧОВА
Брэст