Вяртанне... Уршулі

№ 16 (987) 16.04.2011 - 22.04.2011 г

22 і 23 красавіка на сцэне Цэнтральнага Дома афіцэраў Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы прадставіць найноўшую прэм’еру — спектакль “Тэатр Уршулі Радзівіл”, пастаўлены паводле твораў гэтай гістарычнай асобы.

Дадзены буйны праект - адна з даўніх задум мастацкага кіраўніка Купалаўскага тэатра Мікалая Пінігіна. Сцэнічная структура твора цалкам адпавядае святочным вечарам, што ладзіліся ў часы Уршулі Радзівіл у Нясвіжскім палацы, дзе гасцей забаўлялі танцамі, спевамі, камедыямі. Таму новую пастаноўку купалаўцаў можна назваць своеасаблівай рэканструкцыяй: спектакль у рэжысуры Мікалая Пінігіна будзе складацца з трох частак: балета "Дасціпнае каханне", оперы "Выкраданне Еўропы" і камедыі "Распуснікі ў пастцы".

Аўтарам сцэнічнай адаптацыі з'яўляецца Сяргей Кавалёў, які ўжо аднойчы звяртаўся ў сваёй драматургічнай творчасці да фігуры Францішкі Уршулі Радзівіл. Мастаком-пастаноўшчыкам новага спектакля выступае Вольга Мацкевіч, кампазітарам - Андрэй Зубрыч, балетмайстрам - Наталля Фурман. У галоўных ролях заняты купалаўцы Віктар Манаеў, Георгій Маляўскі, Сяргей Журавель і іншыя. А на галоўную балетную партыю Люцыдара ў "Дасціпным каханні" запрошаны заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Аляксандр Фурман.

 А ў хуткім часе, ужо ў маі бягучага года, беларускіх акцёраў чакаюць на гастролі ў польскім Вроцлаве. Як паведаміў нашаму карэспандэнту саветнік па культуры Пасольства Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча Васіль Чэрнік, купалаўцы прадставяць на суд тамтэйшых гледачоў тры свае самыя гучныя пастаноўкі апошніх часоў: "Пінскую шляхту" В.Дуніна-Марцінкевіча і "Вяселле" А.Чэхава і, канешне ж, найноўшы "Тэатр Уршулі Радзівіл".